За дасягненне высокіх паказчыкаў у працы і сацыяльна-эканамічным развіцці ў 2022 годзе сярод работнікаў сферы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару і грамадзянскай абароны на Дошку гонару Валожынскага раёна занесены Станкевіч Аляксандр, старшы інструктар-ратавальнік пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Валожынскага РАНС.
Ратавальнікі - гэта людзі, якія ў любы момант, у любы час сутак здольныя прыйсці на дапамогу чалавеку, які трапіў у бяду. У іх няма права на памылку, таму пастаяннае ўдасканаленне ў прафесіі - хутчэй неабходнасць, чым прывілей.
Па выніках работы за 2022 год лепшым ратавальнікам Валожынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях стаў старшы прапаршчык унутранай службы, старшы інструктар-ратавальнік пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Аляксандр СТАНКЕВІЧ.
Аляксандр ужо 18 гадоў стаіць на варце бяспекі. З самага дзяцінства ён ведаў, што хоча дапамагаць людзям, як бы гэта пафасна не гучала. Таму над тым, з якой прафесіяй звязаць сваё жыццё, доўга не думаў. За гады працы ні разу не пашкадаваў аб сваім выбары. Пачаў свой баявы шлях пажарнікам аварыйна-выратавальнай часці № 8 у 2007 годзе, затым была служба на пасадзе камандзіра аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 горада Валожына.
На яго рахунку больш за 120 патушаных пажараў і ўзгаранняў. Больш за 50 будынкаў папярэджана ад знішчэння агнём. Пры яго непасрэдным удзеле выратавана 3 чалавекі. Старэйшы прапаршчык унутранай службы браў удзел у ліквідацыі наступстваў затаплення дамоў падчас прарыву дамбы ў Валожыне, на працягу двух сутак змагаўся з агнём на буйным сельскагаспадарчым прадпрыемстве.
Калегі адзначаюць, што ў надзвычайных сітуацыях Аляксандр дзейнічае граматна і рашуча, свае высокакваліфікаваныя навыкі і ўменні неаднаразова дэманструе ў баявой працы.
За добрасумленнае выкананне абавязкаў, высокі прафесіяналізм у 2023 годзе ўзнагароджаны ганаровай граматай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.


