Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Міліцыянер па прызванні

03.03.2023

Гэта свята тых, хто стаіць на варце правапарадку, засцерагаючы нашых грамадзян ад супрацьпраўных замахаў, і хто гатовы ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу. Сёння на супрацоўнікаў органаў унутраных спраў ускладзена рашэнне цэлага шэрагу адказных задач - ад аховы грамадскага парадку на вуліцах і ў дварах, барацьбы з эканамічнымі злачынствамі і арганізаванай злачыннасцю да супрацьстаяння экстрэмізму і тэрарызму. Яны беражліва захоўваюць і працягваюць лепшыя традыцыі, нясуць службу днём і ноччу, у будні і святы, не лічачыся з асабістым часам.

Маёр міліцыі Уладзімір Ланько-старэйшы не адразу ведаў, што будзе служыць у міліцыі. У дзяцінстве марыў быць лётчыкам грамадзянскай авіяцыі. Але пры праходжанні медыцынскай камісіі зразумеў, што ў лётны састаў не трапіць. Абраў вучыцца іншай прафесіі. Паступіў у Мінскі аўтамеханічны тэхнікум. Але падчас навучання лёс зладзіў усё сам:

– З ліку студэнтаў стварылі добраахвотную народную дружыну, якая патрулявала дарогу да інтэрната, таму што пачасціліся кішэнныя крадзяжы, і стварэнне дружыны было выклікана вострай неабходнасцю. Пакуль ажыццяўлялі дзяжурства, на нас звярнуў увагу ўчастковы інспектар Завадскога раёна лейтэнант Раманенка і прапанаваў стаць мне пазаштатным супрацоўнікам. Я пагадзіўся, і ў вольны ад вучобы час працавалі разам. Вывучыў усю дакументацыю ўчастковага, пісаў пратаколы, патруляваў вуліцы, наведваў няшчасныя сем'і, часам удзельнічаў у засадах. Запомніўся мне цікавы выпадак за гэты пэрыяд. На Партызанскім праспекце стаяла бочка з півам, уначы яе ўзламалі. У нас была задача знайсці правапарушальнікаў. Увечары арганізавалі засаду і затрымалі траіх непаўналетніх.

Пасля заканчэння навучання ў тэхнікуме мяне прызвалі ў войска. Па хадайніцтве ўчастковага Раманенкі я трапіў у частку асаблівага прызначэння ўнутраных войскаў, у навучальнае падраздзяленне, дзе рыхтавалі камандзіраў аддзяленняў. Звольніўся ў званні старэйшага сяржанта, за час службы ўзнагароджаны знакам адрознення другой ступені. Па дэмабілізацыі вярнуўся дадому, працаваў майстрам ліцейнага цэха райаграпрамтэхнікі. Праз 7 гадоў працоўнай дзейнасці мне зрабілі прапанову стаць участковым інспектарам Валожынскага РАУС. Я нядоўга разважаў і на наступны ж дзень прыняў яго. Так пачаўся мой шлях міліцыянера.

За гады службы ўзначальваў пашпартны стол, быў інспектарам дзяржаўтаінспекцыі, працаваў у дзяжурнай частцы, з нуля ствараў узвод патрульна-паставой службы. Спецыяльнае падраздзяленне з'явілася ў 90-я, калі крымінагенная абстаноўка ў горадзе, як і па ўсёй краіне, пакідала жадаць лепшага. Учынялася шмат крадзяжоў, на вуліцах квітнела хуліганства і бандытызм, бойкі. Таму кіраўніцтвам было прынята рашэнне сфарміраваць узвод з 22 байцоў, які б патруляваў вуліцы і населеныя пункты раёна і сачыў за парадкам. З простых грамадзянскіх хлопцаў трэба было зляпіць міліцыянераў. З першага дня я вучыў іх усяму, што ведаў і ўмеў сам: раскрываць злачынствы, вывучаць юрыдычныя дакументы, браць тлумачэнні і пісаць пратаколы. Для многіх супрацоўнікаў нашага РАУС узвод быў першай прыступкай у прафесійным станаўленні, яны шмат чаму навучыліся і, працуючы ў іншых аддзелах пасля расфарміравання, актыўна карысталіся атрыманымі ведамі. За час працы страявога падраздзялення колькасць выяўленых парушэнняў стала большай, але парушальнікаў – меншай. З часам парадак у горадзе і раёне аднавіўся, і аператыўная абстаноўка палепшылася.

Шмат розных момантаў здарылася за гэтыя гады - і добрых, і не вельмі. Але я ні на кога не ў крыўдзе. Можа камусці падавалася, што ў нечым я раблю прынцыпова, але супрацоўнік міліцыі і не павінен усім падабацца. Ён павінен дзейнічаць заўсёды па літары закону і стаяць на яго абароне. Як казаў Дзяржынскі: «Званне міліцыянера заслугоўвае чалавек з халоднай галавой, гарачым сэрцам і чыстымі рукамі».

Напярэдадні свята сваім калегам хачу пажадаць здароўя, прыстойнасці, заўсёды выконваць закон, быць сапраўднымі ахоўнікамі парадку і не заставацца абыякавымі.

03 03 23 16 1

Сямейная дынастыя міліцыянераў Ланько

Уладзімір Уладзіміравіч паказаў годны прыклад міліцыянера. Па ягоных слядах пайшоў сын і брат. Пра свой шлях расказвае намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта, падпалкоўнік юстыцыі Уладзімір Ланько-малодшы:

- Калі бацька служыў у міліцыі, я быў школьнікам. Пасля ўрокаў прыходзіў да яго ў аддзел, бо ў кабінеце было шмат усяго цікавага. Любiў сядзець за яго сталом, разглядаць мегафон і іншыя атрыбуты нясення службы, праводзіў тамака ўвесь вольны час. Бацька быў для мяне прыкладам сапраўднага міліцыянера. Заўсёды ў напрасаванай акуратнай форме, у хромавых бліскучых ботах. Я хацеў быць падобным на яго і ягонага брата, які на той момант таксама служыў у органах унутраных спраў. Загарэўся гэтай прафесіяй і 10/11 класы рыхтаваўся да паступлення ў Акадэмію МУС. Уступныя іспыты здаў паспяхова і паступіў. Пасля заканчэння па размеркаванні патрапіў у Чэрвеньскі РАУС. Першы выпадак, на які мне неабходна было выехаць, - дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам 4 машын. Ад іх практычна нічога не засталося. Справа з няпростых, трэба было шмат працаваць. Але гэта не напалохала мяне і з усёй адказнасцю я ўзяўся за справу.

Праз год вярнуўся ў родны раён, працаваў следчым, намеснікам начальніка і начальнікам крымінальнага вышуку. Цяпер на працягу 11 гадоў працую ў раённым аддзеле Следчага камітэта і ні дня не пашкадаваў, што найлепшыя маладыя гады прысвяціў службе. Бацька быў і застаецца для мяне прыкладам сапраўднага міліцыянера. У першыя гады працы следчым я звяртаўся да яго за прафесійнай радай. Па-першае, таму што ў яго багаты і неацэнны досвед як супрацоўніка ўнутраных спраў, а па-другое - ён заўсёды з гонарам і годнасцю абараняў гонар мундзіра.

Успамінаюць гады службы з Уладзімірам Ланько-старэйшым і яго калегі:

03 03 23 16 1

Анатоль Згірскі, вадзіцель патрульна-паставой службы:

- Уладзімір Уладзіміравіч па патрабаваннях службы - вельмі граматны супрацоўнік і добры настаўнік. Мне прыгадваецца выпадак, калі падчас службы ва ўзводзе мяне накіравалі на навучанне ў навучальны цэнтр. Але я прыехаў туды і зразумеў, што ўжо шмат ведаю, бо асноўныя веды даў камандзір. Ён казаў нам: «Вучыце, хлопцы. Вам гэта спатрэбіцца». Яго строгасць і прынцыповасць зрабілі з нас сапраўдных міліцыянераў. Часта ўспамінаю ягоныя словы, што ўсё павінна быць па загадзе і законе. Калі будзеш жыць па статуце, здабудзеш гонар і славу.

03 03 23 16 1

Артур Махмудаў, супрацоўнік патрульна-паставой службы:

- Фактычна Уладзімір Уладзіміравіч зрабіў з мяне гатовага супрацоўніка крымінальнага вышуку. Ён быў прынцыповым кіраўніком, патрабаваў ад нас ведаў законаў, адміністрацыйнай практыкі. Арганізацыю працы ён ведаў вельмі добра. Хаця многае з таго, што мы рабілі, не ўваходзіла ў нашы непасрэдныя абавязкі, Уладзімір Уладзіміравіч нас вучыў рабіць па рабоце крыху больш. Гэта агляд да выезду следча-аператыўнай групы месца здарэння, узяцце тлумачэнняў, прымяненне зброі. Час працы ў патрульна-паставой службе быў самым лепшым за ўсе гады службы. Падмурак сапраўднага супрацоўніка міліцыі заклаў у мяне Уладзімір Ланько.

03 03 23 16 1

Аляксандр Васілеўскі, намеснік камандзіра ППС:

– З першых дзён службы ў спецыяльным падраздзяленні камандзір аказваў практычную дапамогу маладым супрацоўнікам як у адміністрацыйных матэрыялах, так і непасрэдна пры нясенні службы на вуліцах горада. Вельмі рэдка сядзеў у кабінеце і больш разам са сваімі падначаленымі патруляваў вуліцы горада, удзельнічаў у рэйдах, засадах, затрымліваў злачынцаў і парушальнікаў, якія ўчынялі крадзяжы з прадпрыемстваў раёна. Уладзімір Ланько як кіраўнік быў справядлівым і адказным, смелым і юрыдычна падкаваным, лічыўся адным з найлепшых у Мінскай вобласці. Амаль усе, хто прыйшоў служыць у патрульна-паставую службу, у далейшым сталі афіцэрамі і працягнулі прафесійную кар'еру ў органах унутраных спраў.

Наталля НЯМКЕВІЧ

valozhin.by/

Задайте вопрос