Не сакрэт, што калі на вуліцы цяплее, а ззаду ўжо большая частка навучальнага года, то думаць аб правілах рускай мовы, а тым больш аб матэматыцы становіцца складаней.
Але і таксама не сакрэт, што залог паспяховай працы заключаецца і ў добрым адпачынку. Менавіта такую задачу і ставяць перад сабой педагогі дзяржаўнай установы адукацыі «Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна»: арганізаваць для школьнікаў усіх узростаў рознабаковы і творчы адпачынак з максімальнай карысцю. Для гэтага ў нас праводзяцца мерапрыемствы на любы густ і колер, каб кожны мог знайсці для сябе нагоду адцягнуцца ад штодзённых спраў і правесці цікава час. Візітнай карткай Цэнтра творчасці з'яўляюцца, вядома ж, творчыя майстар-класы. Педагогі даюць дзецям магчымасць стварыць сваімі рукамі маленькі шэдэўр у розных тэхніках: аб'ёмная аплікацыя, мадэляванне з паперы, скрапбукінг, валянне, арыгамі. Колькі зацікаўленасці выклікае ў рабят творчы працэс і колькі захаплення ў іх вачах, калі яны бачаць гатовы вынік. А для аматараў рухомага адпачынку мы прапануем танцавальныя, гульнявыя і забаўляльныя праграмы, спартыўныя спаборніцтвы. Калі нехта хоча праверыць свае веды, ён можа прыняць удзел у віктарынах і інтэлектуальных спаборніцтвах, тым самым даведаўшыся для сябе нешта новае і цікавае.
Яны праводзяцца ў фармаце відэазаданняў з выкарыстаннем сучаснай тэхнікі і змяшчаюць пытанні не толькі на школьную тэматыку, але і на папулярныя сярод падлеткаў фільмы, камп'ютарныя гульні, музыку.
Незвычайна і пазнавальна праходзяць паездкі і экскурсіі. На мінуўшых нядаўна вясновых канікулах была арганізавана паездка ў г.п. Івянец, дзе акрамя знаёмства са славутасцямі самога пасёлка, дзеці наведалі кандытарскую фабрыку «Слодыч». У рабят была магчымасць на свае вочы прасачыць увесь працэс стварэння цукерак: ад замесу інгрэдыентаў да пакавання ў абгортку. Супрацоўніца фабрыкі не толькі расказала пра кожны этап салодкай вытворчасці, але і дазволіла пакаштаваць цукеркі прама з канвеера. Такія ўражанні застануцца надоўга ў памяці дзяцей. Пасля фабрыкі ўсіх сардэчна сустрэў Івянецкі музей традыцыйных культур, дзе хлопцы пагрузіліся ў гісторыю пасёлка і даведаліся крыху больш пра ганчарную справу, якой так славіцца Івянец. Каб адказаць на пытанне, а як жа з кавалачка гліны зрабіць рэчы для побыту, дзецям было прапанавана зазірнуць у майстэрню да сапраўднага майстра гліняных спраў. І як толькі закруцілася ганчарнае кола, усе ўбачылі, як гліна ва ўмелых руках паступова набывае форму і вось ужо мы бачым прыгожую вазу.
Мерапрыемствы рознай накіраванасці на пастаяннай аснове праходзяць у Цэнтры творчасці, дзверы ўстановы заўсёды адчынены для школьнікаў горада і раёна. Кожны педагог Цэнтра творчасці імкнецца даць дзецям магчымасць выдатна правесці свой час і набрацца сіл для далейшай вучобы.


