Дзіцячыя сады і школы горада даўно і плённа супрацоўнічаюць з Валожынскай дзіцячай бібліятэкай.
Экскурсіі ў бібліятэку становяцца не проста знаёмствам рабят з правіламі, па якіх жыве «кніжкін дом», але і сродкам далучэння да рэгулярнага чытання кніг, раскрыцця ўласных інтарэсаў і пераваг.
Падчас экскурсіі дашкаляты пачулі, што тут знаходзіцца шмат цікавых кніг, якія жывуць на доўгіх шэрагах паліц і складаюць цэлы кніжны горад. Знайсці патрэбную кнігу ў такім горадзе дапамагае бібліятэкар. Удзельнікі мерапрыемства даведаліся, што ў бібліятэцы ёсць кнігі на любы густ: энцыклапедыі, навукова-пазнавальныя кнігі, а для аматараў мастацкай літаратуры – вершы, казкі, прыгоды. Падчас экскурсіі дзеці з цікавасцю разглядалі дзіцячыя часопісы і газеты. Пазнаёміліся з правіламі абыходжання з кнігамі і як паводзіць сябе ў бібліятэцы.
Малыя ахвотна паўдзельнічалі ў літаратурнай віктарыне, дзе змаглі паказаць свае веды вядомых дзіцячых твораў і адгадаць загадкі пра казачных герояў.
Супрацоўнікі стараліся паказаць усе магчымасці бібліятэкі як цудоўнага месца, дзе можна не толькі ўзяць упадабаную кнігу, але і паглядзець любімыя мульцікі, пагуляць у развіваючыя настольныя гульні, памаляваць і пагутарыць з аднагодкамі. Хлопцы ў захапленні ад такіх экскурсій. І, як правіла, у наступныя дні прыходзяць у бібліятэку з мамамі і татамі.


