На базе ААТ «Багданаўскае» прайшоў семінар-вучоба па пытанні гатоўнасці сельскагаспадарчых арганізацый раёна да ўборкі ўраджаю ў 2023 годзе.

Яго арганізатарамі сталі ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, раённая арганізацыя прафсаюза аграпрамысловага комплексу. Удзел у семінары прымалі кіраўнікі, спецыялісты па ахове працы, галоўныя інжынеры і галоўныя аграномы, старшыні першасных прафсаюзных арганізацый сельскагаспадарчых арганізацый раёна.
Аб сельгаспрадпрыемстве і яго развіцці расказаў дырэктар Павел Родзь.

Практычная частка семінара прайшла на адным з палёў ААТ «Багданаўскае».


Майстар сельскагаспадарчага каледжа Алег Янковіч звярнуў увагу ўдзельнікаў семінара на тое, што неабходна зрабіць, каб абмалот новага ўраджаю ішоў у строга вывераным тэхналагічным рэжыме, якасна і без страт. Ён дэталёва праінфармаваў прысутных аб найгалоўных тэхналагічных патрабаваннях уборкі збожжа, рэгуляванні і наладзе агрэгатаў, якія былі задзейнічаны ва ўборачнай. Асаблівая ўвага пры гэтым была звернута на іх герметызацыю. Былі прадэманстраваны і інструменты для догляду за камбайнам і яго камплектуючымі, і ўборка камбайнам азімай свірэпіцы ў полі.

Далей аб захаванні ўмоў аховы працы і тэхнікі бяспекі пры правядзенні ўборачнай кампаніі расказала загадчык сектара працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Юлія Ільюшчыц, якая падкрэсліла, што ад няўхільнага выканання ўсіх інструкцый па ахове працы залежыць не толькі ўраджай, але галоўнае – чалавечае жыццё.

Пры правядзенні ўборачных работ важна ўсё: пачынаючы ад выпуску тэхнікі на палі да захавання пітнога рэжыму, дробязяў няма. Пра гэта гаварылі інспектар Дзяржэнерганагляду Уладзімір Макей, інспектар РАНС Аляксандр Бацян, галоўны санітарны ўрач Павел Сарока, намеснік начальнік АДАІ Вадзім Пасеко, галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Наталля Варабей і старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Вікенцій Адамовіч.


Пры падвядзенні вынікаў намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Вольга Павіч адзначыла, што ў адказны перыяд уборачнай кампаніі будзе ажыццяўляцца сур'ёзны кантроль за ходам усёй работы з боку адпаведных служб.
- Убраць ураджай трэба своечасова і якасна, для гэтага ёсць усё неабходнае, — падкрэсліла Вольга Сяргееўна.


