«Іван Купала» - славянскае свята, якое адзначаюць 7 ліпеня. З самых старажытных часоў яно вядома як свята Сонца, сталасці лета і зялёнага пакосу. Купальскія абрады, якія здзяйсняюцца напярэдадні свята, складаюць складаны абрадавы комплекс, які ўключае: збор траў і кветак, пляценне вянкоў, пераскокванне праз вогнішча, абліванне вадой і г. д.
7 ліпеня бібліятэкар Суднікоўскай сельскай бібліятэкі правяла гульнявую забаўляльную праграму «Як на Івана, ды на Купала». На свяце прысутнічалі дзеці з летняга лагера «Непаседы» і настаўнікі.
Бібліятэкар расказала пра старажытнае народнае свята Купалле, прысвечанае сонцу і росквіту зямлі. З Купаллем звязана шмат дзіўных легенд і паданняў. Існуе легенда, што той, хто знойдзе ў ноч на Івана Купала квітнеючую папараць, зможа знаходзіць скарбы, разумець мову жывёл і птушак.
Дзеці вадзілі карагоды, загадвалі жаданні і завязвалі на галінкі бярозкі стужачкі.


