Маладыя спецыялісты папаўняюць прадпрыемствы і арганізацыі нашага рэгіёна. Мы працягваем знаёміць вас праз старонкі газеты.

Лейтэнант Алег Бялоў з сямейнай дынастыі вайскоўцаў. Таму будучую прафесію для сябе абраў яшчэ ў дзяцінстве. Прыкладам сталі дзядулі і бацька.
Пасля заканчэння з адзнакай Ракаўскай сярэдняй школы Алег паступіў на агульнавайсковы факультэт Ваеннай акадэміі. За гады вучобы асвоіў практычную псіхалогію ў ваеннай справе і атрымаў спецыяльнасць «спецыяліст па кіраванні – псіхолаг».
- Лёгкіх прафесій не існуе, усюды ёсць цяжкасці, праз якія трэба прайсці, – распавядае наш герой. - Былі складаныя моманты ў вучобе, але на чацвёртым курсе ўжо хацелася пачаць працаваць, каб прымяніць веды на практыцы.
Падчас размеркавання быў першым у рэйтынгу ва ўзводзе, таму для праходжання службы абраў вярнуцца на малую радзіму. Калектыў брыгады маладога спецыяліста прыняў добра. Калегі падтрымліваюць і дапамагаюць у любых пытаннях. Паспеўшы папрацаваць невялікі перыяд часу, лейтэнант Бялоў кажа пра плюсы прафесіі:
- Мая спецыяльнасць мае на ўвазе аказанне псіхалагічнай падтрымкі маладым воінам. Я дапамагаю адаптавацца да службы ў войску, справіцца з трывогай і турботай, распавядаю пра важнасць армейскай службы. Акрамя таго, я, як і іншыя афіцэры, нясу службу, навучаю страявой і агнявой падрыхтоўцы. Пакуль мне ўсё падабаецца, і мае чаканні апраўдаліся.

Малады спецыяліст Анастасія Гарлоўская пачала свой прафесійны шлях у Гарадькоўскай сярэдняй школе. Скончыўшы Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, з пачатку верасня яна выкладае ўрокі гісторыі і грамадазнаўства. У педагагічным калектыве яе ўжо чакалі. Як кажа сама Насця:
- Мне было вельмі прыемна, калі патэлефанаваў дырэктар і даведаўся, калі я прыеду знаёміцца са школай. Пры сустрэчы калегі прынялі ветліва і дапамаглі падрыхтаваць клас і неабходныя матэрыялы да пачатку навучальнага года. Усе паказалі, усё распавялі так, што ўзнікла адчуванне, што я працую настаўнікам ужо даўно. Спадабалася мне і школа - маленькая, кампактная, утульная. Месцы ў Гарадзьках прыгожыя і маляўнічыя, шмат зеляніны, і паветра чысты.
Малады настаўнік будзе не толькі весці ўрокі гісторыі, але і кіраваць 5 класам. На пытанне «не страшна?» адказвае:
- Не, у мяне быў досвед працы з дзецьмі, таму агульную мову мы абавязкова знойдзем і з вучнямі, і з бацькамі.


