Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Напрыканцы жніўня прайшлі святы вёсак Леснікі і Паліксаўшчына Дорскага сельсавета

11.09.2023

У рэдакцыю завітала жыхарка Валожына Вера Глінская, якая нарадзілася і вырасла ў Паліксаўшчыне – тут яе карані і мілая сэрцу родная хата. Вера Аляксандраўна прынесла падзячны ліст і верш, спробу пяра, прысвечаны сваёй маленькай радзіме. Вось што яна напісала:

“У кожнага чалавека ёсць куточак, куды хочацца вяртацца зноў і зноў, дзе пачынаюцца яго карані, куды цягнецца душа і сэрца. І гэта – малая радзіма. Для мяне такой з’яўляецца Паліксаўшчына, раней Сугваздаўскага сельсавета.

На сёння тут 17 хат. Пастаянна пражываюць гаспадары толькі ў двух падворках, у дзесяці працягваюць жыццё ў асноўным у летні час нашчадкі – дзеці і ўнукі. Астатнія нашы суседзі – мінчане-дачнікі.

26 жніўня ў нашай вёсцы ладзілася свята. Адразу хочацца выказаць шчырае дзякуй арганізатару мерапрыемства – старшыні Дорскага сельвыканкама Рамуальдзе Іваноўскай. Амаль паўтары гадзіны праляцелі імгненна. Рамуальда Браніславаўна падзякавала за тое, што жыхары ў парадку падтрымліваюць свае двары. У прыватнасці, за лепшы падворак былі адзначаны Браніслава Бэндзік і яе сын Віктар. Браніслава Адольфаўна працавала поварам у колішнім Сугваздаўскім дзіцячым садку. Апошнія шэсць гадоў – паштальёнам, як яна сама адзначыла, гэта была яе самая любімая работа.

Віншаванні ў свой адрас атрымала і юбілярка: сёлета Валянціна Лужынская адзначыла 75-годдзе. Усё жыццё Валянціна Уладзіміраўна адпрацавала бухгалтарам-касірам у сельскай гаспадарцы, яе працоўны стаж налічвае 53 гады.

Старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі, былы дырэктар сельгаспрадпрыемства “Сугвазды-Агра” Валерый Селівон адрасаваў цёплыя словы віншавання і пажадаў здароўя і дабрабыту.
А як жа цудоўна спявалі і весялілі народ артысты раённага цэнтра культуры, Дорскага СДК і хор ветэранаў “Спяваючыя сэрцы” – так і хацелася кінуцца ў скокі! Усе прысутныя ім падпявалі. Панаваў цудоўны настрой. Пасля ўрачыстай часткі свята працягвалася да позняга вечара.

11 09 23

11 09 23

11 09 23

Ад жыхароў вёскі Паліксаўшчына кажам шчырае дзякуй арганізатарам і артыстам свята. Жадаем моцнага здароўя, шчасця і творчых поспехаў. Да новых сустрэч!”

МАЯ ВЁСКА

Мая любая Паліксаўшчына,
хвала табе і слава!
Паліксаўшчына! Зусім маленькаю
ты стала.
А яшчэ нядаўна тут пасвілі статак кароў,
У сажалках лавілі карасёў.
На працу ў калгас хадзілі,
Дзяцей па гурбах снегу да школы вадзілі.
Жылі ў згодзе, дружна!
Сусед суседу дапамагалі,
Па святах чарку паднімалі.
Але ж часамі здараліся і сваркі.
У крыўдзе доўга не хадзілі – гонар мелі!
Ды што й казаць… Бурліла тут жыццё,
Вяселлі, хрэсьбіны спраўлялі.
Усёй вёскай у войска выпраўлялі:
Закон тут быў спакон вякоў –
Садзіць усіх за стол суседзяў-землякоў.
А іх было нямала – чалавек,
мо, трыццаць,
І месца ўсім хапала!
На жаль, адышлі яны ў небыццё…
Хай будзе раем ім вечнае жыццё.
А ў сорак чацвёртым годзе,
падчас вайны,
Знайшлі прытулак на чужой зямлі,
Пад Беластокам і Дрэзданам,
Чатыры нашы маладыя хлопцы там ляглі.
Ну а цяпер, у сучасны час,
Жыццё працягваецца ў нас!
Жыві, мой любы сэрцу, мілы край!
Жыві, мая зямля! Жыві і працвітай!
Няхай бурліць жыццё!
Няхай смяюцца дзеці!
Няхай квітнеюць тут вясной сады ў квеці!

У гэты ж дзень свята роднага мястэчка адзначылі і жыхары вёскі Леснікі.

11 09 23

Трэба сказаць, што такой колькасці гасцей – удзячных нашчадкаў – тут не было даўно. Пра гэта паклапаціўся стараста вёскі Станіслаў Радына і яго дочкі. Звязаліся з былымі аднавяскоўцамі, якія разляцеліся ў розныя мясціны, і яны ахвотна прыехалі – сабралася больш за 50 чалавек!

11 09 23

Станіслаў Іванавіч прывеціў усіх на сваім падворку. Не спаў усю ноч, чакаючы гэтай важнай падзеі. Ён нібы ізноў вярнуўся ў маладосць, у тыя клапатлівыя, насычаныя нястомнымі вясковымі турботамі, гады, калі працаваў будаўніком, жывёлаводам: роднай гаспадарцы аддаў 43 гады. Стараўся, любіў сваю работу, меў вялікую павагу, выгадаваў годных дзяцей. Ну а на свяце С. І. Радына быў ушанаваны як старажыл, якому споўніўся 91 год.

Сёлета адсвяткавала сваю юбілейную дату Марыя Навіцкая: на яе жыццёвым календары перагорнуты 90-ы лісток. Усё працоўнае жыццё Марыя Фёдараўна добрасумленна працавала ў жывёлагадоўлі і паляводстве, карысталася заслужаным аўтарытэтам у калектыве.

11 09 23

Яшчэ адным паважаным юбілярам стала сям’я Маркоўскіх: Франц Мар’янавіч і Ірына Лявонцьеўна ў гэтым годзе адзначаюць 50-годдзе сумеснага жыцця.

Шмат цёплых слоў пачулі прысутныя ад мясцовай улады ў асобе Рамуальды Іваноўскай, лідара ветэранскай арганізацыя Валерыя Селівона. Валерыя Фёдаравіч узгадаў леснікоўцаў, якія самааддана працавалі ў роднай гаспадарцы, і прачытаў верш пра малую радзіму Дзмітрыя Краскоўскага, які нікога не пакінуў раўнадушным:

Я заклінаю ўсіх сыноў:
Хай будуць цяжкасці любыя,
Не прадавайце дом бацькоў –
Вас не ўратуюць грошы тыя.
…Дзядоў і продкаў вашых дух
Прыжыўся назаўсёды ў хаце.
Яшчэ агеньчык не патух,
Што запаліла ў печы маці.
Не прадавайце дом бацькоў,
Вы без яго не пражывеце:
Ён будзе сніцца зноў і зноў,
Пакуль вы ёсць на гэтым свеце.
Вы да яго яшчэ не раз
З павіннай будзеце з’яўляцца:
Пацягне, як злачынцу, вас
У здрадзе некалі прызнацца.
Ён вам пад восеньскім дажджом
Навее цёплыя ўспаміны…
Ды не адчыніць дзверы дом,
Хоць і не раз змахне цішком
З акон-вачэй сваіх слязіну.

Прыемныя ўспаміны агарнулі кожнага ў такі момант. Імі падзяліўся і Пётр Марцінкевіч, які нарадзіўся тут, але ўжо большую частку жыве ў Баранавічах. Пётр Нікадзімавіч успамінаў сваю матулю-калгасніцу, якая прыходзіла дадому, калі мялі лён, і ў яе ад пылу толькі вочкі блішчэлі. Расказаў ён і пра тое, што разам з Юрам Пратасевічам, бацька якога нарадзіўся тут, пішуць летапіс вёскі. На жаль, дом Марцінкевічаў згарэў – на падворку застаўся толькі склеп, але Пётр Нікадзімавіч паставіў палатку і застаўся на ноч, каб адчуць цеплыню родных мясцін.

Увогуле, як пасля зазначалі і арганізатары мерапрыемства, і ўдзельнікі, такой дружнай, добразычлівай атмасферы яны не адчувалі даўно. Прыемныя песні ў выкананні самадзейных артыстаў узнімалі настрой. Свята спадабалася ўсім – бы сабраліся адной сям’ёй. Да позняга вечара сядзелі кампаніямі ў дварах, успаміналі і не маглі нагаварыцца. Кожны разумеў: як жа не хапае ў наш хуткаплынны час вось такіх простых зносін, якіх патрабуе чалавечая душа. Бо ўсе мы гарадскія, але родам з адной вёскі…

Таццяна Спічак, жыхарка Валожына, ураджэнка вёскі Леснікі:

– Шчаслівы той чалавек, у бацькоўскай хаце якога гарыць агеньчык, дзе яго любяць і заўжды чакаюць. Так, у роднай весачцы Леснікі нас заўсёды чакае наш татка. У свой 91 год ён даволі самастойны, усё стараецца рабіць сам і ні за што не хоча да нас у горад. Але ў выхадныя вельмі чакае і рады, калі прыязджаем да яго.

Для нас гэты агеньчык – цеплыя і утульныя ўспаміны пра дзяцінства і юнацтва, пра бязмежны бацькоўскі клопат і любоў, ён – сімвал жыцця і непарыўнай спрадвечнай сувязі бацькоў і дзяцей.
Навіна аб тым, што ў нашай вёсачцы Леснікі будуць праводзіць вясковае свята, усхвалявала і мяне, і сястру Стасю, і нашых дзяцей. Асабліва быў уражаны гэтай навіной наш бацька і дзядуля. Для яго было вельмі важна, каб усё прайшло на ўзроўні, каб госці засталіся задаволены. Над падрыхтоўкай свята працавалі ўсе – шчыра, з душой: упрыгожылі хату, двор, пакасілі траву, знайшлі лавы, нагатавалі страў. Дарэчы, наша падвор’е цудоўна падышло для святочнай пляцоўкі, бо яно роўнае і вялікае. Прыемна і радасна было сустрэць на свяце сваіх аднавяскоўцаў, якія жывуць у розных гарадах, але з задавальненнем прынялі запрашэнне. А колькі было смеху, песень, дзіцячых і юнацкіх успамінаў!

Лічу, што такія святы патрэбны нават у самай маленькай вёсачцы, бо гэта – наша сувязь з роднай зямлёй, нашымі продкамі, гэта – лепшае, што ёсць у чалавечай душы!

Таксама нельга не падзякаваць тым, хто гэта свята арганізаваў – Дорскаму сельвыканкаму і яго супрацоўнікам, хору ветэранаў “Спяваючыя сэрцы”, спевакам з Дома культуры з Бабровічаў. Хачу пажадаць усім здароўя, міру і пабольш такіх цудоўных свят!

valozhin.by

Задайте вопрос