Аддзяленне тэніса дзіцячай юнацкай спартыўнай школы на слыху ў валожынцаў. У асноўным з-за выдатных вынікаў тэнісістаў. У нашай стужцы навін часта згадваюцца іх перамогі ў раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. За поспехам заўсёды стаіць праца трэнера.
Пра сваё пакліканне распавёў трэнер дзіцячай юнацкай спартыўнай школы
Мы хочам вас пазнаёміць з адным з найлепшых выкладчыкаў школы Дзмітрыем Пазняковым, у якой ён працуе ўжо 9 гадоў. Дзмітрый Віктаравіч у інтэрв'ю з намі расказаў пра сваё спартыўнае і трэнерскае жыццё, пра вучняў і пра тое, чаму ніколі не думаў сысці з настольнага тэніса.

– З чаго пачаўся Ваш спартыўны шлях?
- Напэўна, як і ва ўсіх дзяцей, са школьнага спартыўнага гуртка. Я рос у 90-я гады, калі мае аднагодкі ў двары ганялі мяч ці самі рабілі імправізаваную спартыўную пляцоўку і на ёй гулялі ў рухомыя гульні. Мне таксама хацелася нечым займацца. У 14 гадоў даведаўся, што ў нас ёсць гурток па настольным тэнісе, у яго і запісаўся. Канешне, у той час не было такой спартыўнай базы, як ёсць у сучасных дзяцей. Сталы былі звычайныя з фанеры, ракеткі такія ж. Але, тым не менш, нікога гэтыя абставіны не адштурхоўвалі ад заняткаў, таму што галоўней за ўсё была і застаецца гульня і цікавасць да яе.
Я хадзіў у гурток з вялікай цікавасцю, дома часам гуляў з татам, хоць сям'я мая ніколі не была спартыўнай. Дома былі ракеткі. Мы раскладвалі з ім звычайны стол, ставілі кнігі, паміж імі нацягвалі сетку і адбівалі мяч. Вядома, гуляў я тады на аматарскім узроўні, без ведання якой-небудзь тэхнікі, умеў адбіваць і падстаўляць мяч, але гэта не мяшала камандзе нашай школы, у якую ўваходзіў я, займаць прызавыя месцы заўсёды. Абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў у той час не было, праводзіліся толькі раённыя адзін раз за год. Для мяне яны былі, як рэспубліканскія. Сапраўдная падзея! Мы чакалі іх з нецярпеннем і набіраліся досведу ў гульні з моцнымі супернікамі, навострывалі майстэрства.
Тады я гуляў, таму што была цікавасць. Не ставіў сабе за мэту пайсці ў спартыўную кар'еру. Таму пасля заканчэння школы прыслухаўся да меркавання бацькоў і паступіў у медыцынскі каледж. Скончыўшы, размеркаваўся ў Валожынскую паліклініку фельчарам. Цяпер думаю, што гэта было невыпадкова. Забягаючы наперад, скажу, што тут пазнаёміўся з Дзмітрыем Каралёвым, які ў перспектыве і запрасіў мяне на трэнерскую працу. Адпрацаваўшы па размеркаванні ў Валожыне і яшчэ год у Маладзечне, канчаткова пераканаўся, што медыцына не мая сфера, і паступіў у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, атрымаў спецыяльнасць выкладчыка па фізічнай культуры. У час навучання пацікавіўся, дзе змагу працаваць у маім родным горадзе. Мне прапанавалі весці фізкультуру ў дзіцячым садку. А хацелася большага - трэніраваць дзяцей і выхоўваць з іх чэмпіёнаў. Тут я і ўспомніў пра Дзмітрыя Васільевіча. Якраз у ДЮСШ адкрывалася аддзяленне па настольным тэнісе і набіралі склад трэнераў-выкладчыкаў. Я пагадзіўся, працую тут да гэтага часу і невымоўна гэтаму рады!
– Ці лёгка было перайсці з адной прафесіі ў іншую?
- Памяняць спецыяльнасць і перайсці з медыцыны ў спорт было вельмі цяжка. Усяму даводзілася вучыцца нанова. Сутыкаўся і з цяжкасцямі, але вучыўся іх пераадольваць. Калі пачаў працаваць, досведу трэнерскага не было зусім. Толькі праз досвед атрымліваў новыя веды. Усё, чым я валодаю зараз, мае ўменні і навыкі ў тэнісе, развіў, працуючы ў Валожынскай дзіцячай юнацкай спартыўнай школе. Немалую ролю ў маёй падрыхтоўцы і як гульца, і як трэнера адыграў Дзмітрый Каралёў, які ўжо быў кандыдатам у майстры спорту, калі я прыехаў сюды працаваць. Ён шмат чаму навучыў мяне і падказаў, за што яму ўдзячны.
Трэнер павінен быць прыкладам і аўтарытэтам для вучняў. Калі так не будзе, дзіця не выканае ўказанні, і праца пайдзе насмарк.
Прыехаўшы сюды, я ўбачыў, што гульцы валодаюць спецыяльнымі тэхнікамі і тактыкамі ў настольным тэнісе, сустрэў моцных спартсменаў, якіх не было ў Маладзечне, і зноў пачаў вучыцца. Прыдумаў план уласнага развіцця і як іграка, і як трэнера. Сам стаў шмат трэніравацца, удзельнічаць у спаборніцтвах рознага ўзроўню, заваёўваць кубкі і медалі, знаходзіў падыход да дзяцей, каб з іх гадаваць чэмпіёнаў. Гэтага плана я прытрымліваюся да гэтага часу, ніколі не спыняюся на дасягнутым і ўвесь час павышаю ўзровень сваёй кваліфікацыі. Зараз атрымліваю вышэйшую дадатковую адукацыю трэнера па настольным тэнісе ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры.
– Калі Вы зразумелі, што з гульца гатовы перайсці ў трэнерскую працу?
- У 2016 годзе ўбачыў, што як у спартсмена ў мяне няма перспектывы, таму што пачаў займацца тэнісам не з ранняга дзяцінства. Таму вырашыў рыхтаваць вучняў, якія маглі б выканаць мае задачы як трэнера. З таго часу мару, каб мае вучні прымалі ўдзел у Алімпійскіх гульнях. Для мяне гэта будзе галоўнае шчасце.
– Пра якія вынікі Вашых вучняў можаце расказаць нам?
– Валожынскі раён заўсёды займае прызавыя месцы ў вобласці. Літаральна два тыдні таму мы ўдзельнічалі ў першынстве Мінскай вобласці ва Уздзе сярод дзяцей 2013 года нараджэння. Дзяўчынкі-тэнісісткі занялі першае месца, хлопчыкі - трэцяе. Абсалютнай чэмпіёнкай стала Анастасія Ланько, якая атрымала чатыры перамогі: выйграла парныя спаборніцтвы, асабістыя, камандныя і змешаныя.
У адкрытым першынстве Гродзенскай АСДЮШАР ім. А. Н. Сапегі прызавыя месцы былі ў нашых выхаванак Насці Ланько і Юліі Карабан. У Гомелі на першынстве Рэспублікі Беларусь сярод дзяцей, якія нарадзіліся ў 2013 годзе, наша каманда заняла 4-е месца. Нам літаральна не хапіла адной перамогі. Насця Ланько паказала там вельмі добры вынік - выйграла сапернікаў, якія былі значна мацнейшыя за яе. І пацярпела ўсяго толькі адно паражэнне. Таму ёсць шанц у наступным годзе дабрацца да прызоў у гэтай узроставай катэгорыі. 2 і 3 туры спаборніцтваў пройдуць у лютым-сакавіку 2024 года, і ў нас ёсць час патрэніравацца, каб заваяваць перамогу.
Таксама сярод нашых вучняў ёсць прызёры Рэспублікі Беларусь. У 2022 годзе ў летняй спартакіядзе школьнікаў Аліна Бункевіч і Ніна Маліноўская занялі трэцяе месца ў парным разрадзе. У рэспубліканскіх спаборніцтвах «Турнір наймацнейшых гульцоў» Аляксей Самец з Ракава заняў трэцяе месца, у вобласці ён стаў чатырохразовым пераможцам. Падчас гульняў яго здольнасці заўважылі мiнскія трэнеры, і мы яго перадалі ў СДЮШАР.
Хочацца адзначыць і Дыяну Ліхтаровіч з Ракава, якая неаднаразова выйгравала ў абласных спаборніцтвах па настольным тэнісе. Вынікі нашых спартсменаў гавораць аб тым, што нават у маленькіх гарадах ёсць магчымасць трэніравацца, развіваць спартыўны талент і станавіцца чэмпіёнамі.
Настольны тэніс – гэта ідэальны від спорту для дзяцей. Па-першае, менш траўманебяспечны і развівае характар, упартасць, спрыт і шпаркасць мыслення. У яго могуць гуляць дзеці любога ўзросту, пачынаючы з дзіцячага сада. Ідэальны ўзрост для набору на заняткі па настольным тэнісе - з 5 гадоў. Пачаць можна з выпрабавальнага занятку.
– Наколькі важна дзецям удзельнічаць у спаборніцтвах?
– Дзеці з ранняга ўзросту павінны ўдзельнічаць у спаборніцтвах, каб гуляць і не бянтэжыцца, прывыкаць да вялікіх залаў. Яны павінны канкураваць, каб павышаць спартыўные майстэрства, правяраць свае сілы. Чым раней яны пачнуць гэта рабіць, тым хутчэй атрымаюць рэзультат. Таму ў Валожыне мы амаль кожныя выхадныя ладзім турніры для малодшых і старэйшых дзяцей. Да нас прыязджаюць каманды са Смаргоні, Вілейкі, Баранавіч, Узды, Барысава, Дзяржынска.
– Якіх званняў можна дасягнуць, займаючыся настольным тэнісам у школьным узросце?
– У настольным тэнісе спачатку можна атрымаць юнацкі і дарослы разрад. Каб атрымаць юнацкі, трэба выйграць у 10 чалавек без разраду. Другі дарослы прысвойваецца, калі на працягу года дзіця перамагло 8 спартсменаў з першым юнацкім разрадам і 8 з другім дарослым разрадам. З прысваеннем другога дарослага разраду заводзіцца класіфікацыйная кніжка спартсмена. Для яго мы закупляем інвентар. На сённяшні дзень сярод нашых вучняў ёсць кандыдаты ў майстры спорту - Ніна Маліноўская і Анастасія Патоцкая, у Дзіяны Ліхтаровіч званне майстра спорту.
– Шмат каму здаецца, што настольны тэніс занадта лёгкі від спорту. Вы падзяляеце гэта меркаванне?
– На першы погляд здаецца, няма нічога складанага ў тым, каб адбіваць мяч. Але гэта складаная гульня, для якой патрэбна добрая фізічная падрыхтоўка, зладжаная каардынацыя рухаў і рэакцыя. Ёсць тэхнічна складаныя рухі, якія неабходна развучваць.
Калі дзіця на першынстве рэспублікі згуляла няўдала, гэта не гаворыць аб тым, што і далей будзе таксама. Яно ужо атрымала вялікі досвед, убачыла свае памылкі і другую і трэцюю гульню правядзе яшчэ лепш.
– На Ваш погляд, у чым сакрэт дастойных вынікаў?
– У спартыўных поспехах ёсць тры важныя складнікі: жаданне дзіцяці, уменне трэнера знайсці і раскрыць патэнцыял, здольнасці, настойлівасць і ўдзел бацькоў. Дзеці самі не спраўляюцца з эмоцыямі. Часам адзін пройгрыш можа дэматываваць і адбіць жаданне займацца тэнісам. У крытычныя моманты, калі нешта не атрымліваецца, толькі мама і тата могуць накіраваць і выбудаваць дыялог так, каб дзіця працягнула займацца. Яны могуць арганізаваць рэжым дня, каб трэніроўкі сталі часткай ладу жыцця, і недзе нават прымусіць або настаяць на наведванні заняткаў. Бо ДЮСШ - гэта ў першую чаргу школа, і ў ёй трэба вучыцца гэтак жа, як і ў звычайнай, толькі спартыўнаму майстэрству.
Заняткі тэнісам спрыяюць разумоваму развіццю і спрыту. Дзіця сталее хутчэй і ўмацоўвае сваё цела, развівае хуткасць мыслення, логіку, самакантроль і сілу волі, фармуе характар.


