Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Навучэнец Івянецкай сярэдняй школы Данііл Савіцкі

08.12.2023

Творчыя людзі заўсёды не падобныя на іншых. Ім не цікава шмат з таго, чым захапляецца большасць іх аднагодкаў. Да такіх неардынарных асоб, хутчэй за ўсё, можна аднесці і навучэнца 9 класа Івянецкай сярэдняй школы Данііла Савіцкага.

Малады чалавек з некаторых сітавін знайшоў сваё пакліканне ў фатаграфаванні ўпадабаных для вока сюжэтаў і вельмі камфортна пачуваецца ў гэтай крэатыўнай нішы. Што паслужыла падставай для захаплення, якое гэтак нячаста сустракаецца сярод падлеткаў, сказаць складана.

Магчыма, пэўную ролю адыгралі нейкія жыццёвыя абставіны. А можа, штуршком стала жаданне пабыць аднаму. Аб гэтым можна, вядома, паразважаць. Але лепш расказаць пра сваё хобі, чым ён сам, не зможа ніхто.

Пагадзіўшыся на прапанову пагутарыць, Данііл распавёў сваю гісторыю:

– Захапленне фатаграфіяй прыроды прыйшло паступова. Пачалося з таго, што мне падабаюцца выключна краявіды. Раней у мяне быў тэлефон, у якім нядосыць памяці. Таму фатаграфаваў рэдка. Але аднойчы, калі я гуляў і ўбачыў невымоўнае відовішча ў выглядзе спалучэння аблокаў, святла і лесу, то адчуў непераадольнае жаданне захаваць гэта. І, як гаворыцца, панеслася. І тут убачыў, і там убачыў. Рука стала, што называецца, набівацца. Здымкі сталі больш якаснымі, і я сам гэта пачаў разумець.

08 12 23 39

Шмат катаюся на веласiпедзе і назіраю за прыродай. Калі нешта цікавае прыкмячаю, адразу націскаю на кнопку фота, каб не выпусціць карцінку. Падарожнічаю адзін, шмат думаю. Калі ўзнікае запатрабаванне падумаць, памарыць - я выходжу на прагулку і апускаюся ў атмасферу яднання з прыродай. З часам удасканальваецца і навострываецца нюх правільнага моманту здымкі. Ужо дакладна фіксуеш лінію гарызонту, ловіш асвятленне.

Фатаграфій сваіх не лічыў, але, думаю, тысячы тры ўжо ёсць. Калі ўлічыць, што цікавасць да працэсу з'явілася гады два таму, цяжка сказаць, шмат гэта ці мала. Прыкладна год таму пачаў ездзіць і дэманстраваць выставу работ на розных пляцоўках. Дзякуючы дырэктару Івянецкага цэнтру творчасці, у які я прыйшоў вучыцца на ганчара, мае працы сталі бачыць і іншыя. Святлана Міхайлаўна, паглядзеўшы на фатаграфіі, прапанавала адправіць іх на конкурс. Дык я ўжо паўдзельнічаў у трох конкурсах з рознымі здымкамі. Таксама выстаўляўся на Дзень абароны дзяцей у івянецкім кінатэатры, а потым на раённай педагагічнай канферэнцыі.

Калі ў мяне пытаюцца, ці раздрукоўваю я для сябе ў рамкі свае фатаграфіі, адказваю, што, па-першае, сцен не хопіць, а па-другое, складана выбраць, якія фота мне больш падабаюцца. Ды і дастаткова дарагое гэтае задавальненне. Калі ёсць запыт на пэўную тэму, прасцей заўсёды знайсці ў тэлефоне.

Бацькі мяне заўсёды падтрымліваюць у маім захапленні. Калі я збіраюся на прагулку, ніхто не пытаецца, куды і як надоўга. Цешыць, што ставяцца з разуменнем. На добры тэлефон збіралі ўсімі сіламі: нейкія сродкі падарылі на дзень нараджэння, нешта зарабіў сам. Разважаючы аб прафесійным фотаапараце, прыходжу да высновы, што добрая камера ў тэлефоне нічым не горшая для майго ўзроўню, а насіць з сабой значна зручней.

Часам у кадр трапляюць жывёлы, але гэта, як правіла, больш выпадковасць. Насамрэч, іх зняць дастаткова цяжка. У час прагулак я бачыў лісу, зайца, казулю, курапатку толькі чуў. Звяры заўсёды на вялікай адлегласці.

Гэта мой свет, маё захапленне. Жадаў сябра далучыць да цікавага занятку. На жаль, прайшоўшы невялікую частку шляху, ён вырашыў, што яму ўжо дастаткова. На гэтым усё і скончылася. Але я не крыўдую. Многія, каму паказваю, захапляюцца і загараюцца жаданнем паспрабаваць. Але, як правіла, далей справа не ідзе.

Стварыў свой Тэлеграм-канал, дзе я размяшчаю працы. На дадзены момант у мяне няшмат падпісчыкаў. Але думаю, што з цягам часу іх стане значна больш. Каму цікава, могуць карыстацца спасылкай: https://t.me/moifotochkiivenets.

Ёсць некалькі месцаў, якія не адпускаюць маё ўяўленне. Туды хочацца вяртацца. У адным такім кутку мне нават прыйшла ў галаву думка збудаваць там калі-небудзь свой дом. Гэта за Забалоццю ля канала ракі Уса. Тамака вельмі прыгожы пейзаж. Потым я зразумеў, што бліжэй да Стаўбцоўскага раёна мясцовасць больш падыходзіць пад мой профіль. Вельмі прыгожа каля вёскі Куль.

Цікавы момант у тым, што з прыродай даволі гарманічна спалучаюцца высакавольтныя лініі, што таксама знаходзіць адлюстраванне ў маіх здымках. Большасць фатаграфій адлюстроўвае вясновы і летні сезон. Але рана ці позна нават тое, што вельмі падабаецца, можа надакучыць. Таму мне дае асалоду здымаць і падчас снегападу.

Не сакрэт, што творчаму чалавеку заўсёды прыемна, калі тое, што ён робіць, становіцца здабыткам вялікай колькасці навакольных і атрымлівае грамадскі рэзананс. Важна прызнанне і ацэнка дзейнасці. Хочацца выплеска ўнутранага патэнцыялу.

Дырэктар школы Юзэфа Кулак успамінае, што калі Данііл прыйшоў да яе ў першы клас, ужо тады ў хлопчыку праглядаўся дарослы не па гадах погляд на многія рэчы. Па некаторых напрамках ён ведаў несувымерна больш, чым таго патрабаваў яго ўзрост.

Такім дзецям вельмі важна надаваць асаблiвую ўвагу, каб не спудзіць іх унутраны патэнцыял, які на прасвяднай глебе абавязкова сябе выявіць. Пацвярджэннем усяго сказанага і стаў наш герой.

Разгледзеўшы неардынарнасць маленькага чалавека, заўсёды ёсць падстава ўзрасціць вялікую творчую асобу.

valozhin.by

Задайте вопрос