У Валожыне адбылася сустрэча з маладымі спецыялістамі 2025 года, якія працуюць у сферы адукацыі. Мерапрыемства сабрала маладых педагогаў, будучых настаўнікаў і спецыялістаў, якія падзяліліся сваімі ўражаннямі і вопытам.

Падчас сустрэчы намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама Ігар Шакун распавёў аб дзейнасці Маладзёжнага парламента, падкрэсліўшы яго ролю ў развіцці ініцыятыў і падтрымкі маладых спецыялістаў. Таксама ўдзельнікі даведаліся цікавыя факты з гісторыі Валожына і яго развіцця. Ігар Уладзіміравіч адзначыў, што заўсёды адкрыты да дыялогу з маладымі педагогамі.

Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Валожынскага райвыканкама Таццяна Крыкала і старшыня Валожынскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Шавялёва абмеркавалі ўмовы работы і побыту створаныя для маладых калег, а таксама замацаванне настаўнікаў за маладымі спецыялістамі. Уважліва выслухалі ўсе пажаданні і прапановы, паабяцаўшы падтрымку і далейшае развіццё маладзёжных ініцыятыў у сферы адукацыі.

Усе ўдзельнікі запоўнілі анкеты, падзяліліся сваімі ўражаннямі і распавялі пра тое, як уладкаваліся на сваіх новых працоўных месцах. Гэта дазволіла кіраўніцтву лепш зразумець патрэбы і пажаданні маладых педагогаў.


