
Штогод у трэцюю нядзелю верасня ў Беларусі адзначаюць Дзень работнікаў лесу. Напярэдадні свята ў Валожынскім раённым доме культуры сабраліся прадстаўнікі лясной галіны Валожыншчыны некалькіх пакаленняў, якія сваёй працай з дня ў дзень ствараюць, захоўваюць і прымнажаюць лясныя багацці нашай краіны.

Павіншаваў калектыў першы намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Кізееў і ўручыў граматы і падзякі ад Валожынскага раённага выканаўчага камітэта.


Ганаровыя граматы, падзякі работнікам Валожынскага лясгаса ўручыў дырэктар Уладзімір Бацян. Павіншаваў калег добрымі словамі, падзякаваў за добрасумленную працу і прафесіяналізм, за значны ўклад у развіццё лясной гаспадаркі.
Начальнік аддзела Мінскага ДВЛГА Таццяна Казыра ўручыла падзякі Міністэрства лясной гаспадаркі і Мінаблвыканкама.


Адным з кранальных момантаў стала віншаванне дзяцей з дашкольнага лясніцтва "Зубраняты" "Дзіцячага садка №2 "Вясёлка" і са школьнага лясніцтва сярэдняй школы №1 Валожына. Магчыма, менавіта яны ў будучыні прымуць эстафету і стануць сапраўднымі захавальнікамі лесу.



Дырэктар Валожынскага лясгаса Уладзімір Бацян, у сваю чаргу, не пакінуў без падарункаў сваіх падапечных: уручыў зубранятам падарункавы сертыфікат на тэлевізар і трымер, а школьнікам — на тэлевізар.


Яркія і забіяцкія выступленні артыстаў Валожынскага раённага цэнтра культуры сталі адметнасцю свята. Вакальнае трыа "Вясняначка", народны ансамбль народнай песні "Сваякі", а так жа вакальны гурт Івянецкага дома культуры "Ваяж" спявалі пра галоўнае: пра нашу зямлю, пра каханне, пра святы, якія нас аб'ядноўваюць.



Іна Далідовіч, фота Юліі Юша


