16 чэрвеня начальнік УУС Мінаблвыканкама генерал-маёр міліцыі Андрэй Любімаў прадставіў кіраўніцтву Валожынскага раёна і асабістаму складу раённай міліцыі новага начальніка Валожынскага РАУС — палкоўніка міліцыі Аляксандра Міхайлавіча Кісяля. Андрэй Любімаў, прадстаўляючы новага кіраўніка, падкрэсліў яго высокі прафесіяналізм і арганізатарскія здольнасці. Ён адзначыў, што кадравае рашэнне накіравана на ўзмацненне праваахоўнага складніка ў сувязі з актыўным развіццём і дынамічным ростам рэгіёна.
"Валожынскаму РАУС па-сапраўднаму пашанцавала, кіраўніком аддзела стаў Аляксандр Міхайлавіч. Ён не толькі адзін з самых вопытных нашых кіраўнікоў, але і па-сапраўднаму малады душой чалавек — з амбіцыямі, свежымі ідэямі і велізарным запасам прафесійных ведаў. Упэўнены, яго энергія і вопыт дапамогуць вывесці работу падраздзялення на новы ўзровень, а прафілактыка правапарушэнняў стане яшчэ больш эфектыўнай", — падкрэсліў Андрэй Юр'евіч.
Аляксандр Кісель з'яўляецца выпускніком Акадэміі МУС. Яго служба ў органах унутраных спраў пачалася ў 2001 годзе з пасады ўчастковага інспектара міліцыі Нясвіжскага РАУС. Пасля ён праходзіў службу ў падраздзяленнях міліцыі грамадскай бяспекі. Да прызначэння ў Валожынскі РАУС палкоўнік міліцыі займаў пасаду першага намесніка начальніка УУС Мінскага аблвыканкама. За шматгадовую добрасумленную службу Аляксандр Міхайлавіч узнагароджаны медалямі "За бездакорную службу" III і II ступеняў, а таксама медалём "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку".
Падчас сустрэчы генерал-маёр міліцыі Андрэй Любімаў акцэнтаваў увагу новага начальніка раённай міліцыі на неабходнасці якаснай работы са зваротамі і заявамі грамадзян, а таксама няўхільным выкананні патрабаванняў законнасці пры выкананні службовых абавязкаў.
Звяртаючыся да асабістага складу, Андрэй Юр'евіч расказаў аб аператыўнай абстаноўцы ў вобласці і дэталёва спыніўся на прыярытэтных напрамках службовай дзейнасці. Ён пажадаў новаму кіраўніку і ўсяму калектыву Валожынскага РАУС поспехаў у забеспячэнні правапарадку і бяспекі жыхароў раёна.




