Раённая арганізацыя была створана ў жніўні 2007 года. За гады яе ўзначальвалі З. М. Дубіна, М. А. Іода, В. Ф. Гіруць-Русакевіч, А. А. Макарэвіч, Р. А. Пальчэўская. З кастрычніка 2016 года жаночым рухам у раёне кіруе Г. Ф. Рай. У аб’яднанні створаны 6 пярвічных арганізацый, у якіх налічваецца 180 членаў.
Расказваючы пра работу на новай пасадзе, Галіна Фадзееўна шчыра прызналася, што пасля абрання хвалявалася: ці зможа арганізаваць работу раённай арганізацыі так, каб яна прыносіла рэальную карысць людзям? І сёння з упэўненасцю сцвярджае – штосьці атрымалася, а над нечым яшчэ давядзецца шмат папрацаваць. Надзею ж надае тое, што добрыя пачынанні, цікавыя мерапрыемствы, інавацыйныя праекты, магчыма, зрабілі жыццё некаторых людзей крышачку лепшым, падарылі ім цеплыню, удзел, увагу.
Акрамя правядзення традыцыйных мерапрыемстваў, сёлета ўпершыню стартавалі новыя і, трэба сказаць, вельмі цікавыя, ініцыятарам і арганізатарам якіх стала менавіта жаночае грамадскае фарміраванне. У прыватнасці, шэсце дзіцячых калясак у Валожыне, у якім прынялі ўдзел усе члены сям’і: і каляскі з маленькімі гараджанамі, і касцюмы бацькоў, братоў і сясцёр былі тэматычна стылізаваны. Фантастычнае відовішча надоўга запомнілася ўсім – прыемна было назіраць, як родныя, бабулі і дзядулі падтрымлівалі ўдзельнікаў конкурсу, што садзейнічала згуртаванню сям’і. Другі год матэрыяльную падтрымку раённая арганізацыя аказвае фестывалю “Асаблівы сусвет”, дзе свае дасягненні і таленты ў выканальніцкім і сцэнічным майстэрстве дэманструюць дзеці з асаблівасцямі развіцця і маладыя людзі з інваліднасцю.
З чэрвеня бягучага года на базе Валожынскага тэрыятарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва стартаваў сацыяльны праект “Папярэджанне кагнітыўных змен у пажылых людзей, якія пражываюць у Валожыне і раёне”, накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця маламабільных і немабільных пажылых людзей, у тым ліку вязняў Вялікай Айчыннай вайны, жыхароў спаленых вёсак, актывізацыю жыццёвай пазіцыі пажылых людзей і моладзі шляхам прыцягнення іх у сумесную валанцёрскую і творчую дзейнасць. Праект рэалізуецца ў рамках праграмы “Месца сустрэчы – дыялог” пры фінансавай падтрымцы нямецкага фонду “Памяць, адказнасць, будучыня” ў супрацоўніцтве з аб’яднаннем “Узаемаразуменне”. Арганізацыя з’яўляецца партнёрам, праводзіць вялікую валанцёрскую работу і спадзяецца, што удзел яе членаў дапаможа знізіць рызыку дэменцыі (парушэння памяці) і дазволіць пажылым людзям як мага даўжэй абыходзіцца без пабочнай дапамогі і весці паўнацэннае жыццё.
Як падкрэсліла Г. Ф. Рай, два гады работы ў Беларускім саюзе жанчын – гэта так многа і адначасова так мала. Працаваць ёсць над чым, і ў першую чаргу неабходна павялічваць рады членаў арганізацыі. Так, да канца года будзе зарэгістравана пярвічка “Лідары”, якую ўзначаліць Людміла Аляксандраўна Махніцкая, напачатку 2019-га будуць пастаўлены на ўлік яшчэ дзве – у гімназіі № 1 Валожына і СШ № 2, у бліжэйшых планах – стварэнне пярвічкі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
На канферэнцыі аднагалосна лідарам жаночага руху ў раёне на новы тэрмін была абрана Г. Ф. Рай. Цяпер яна паставіла перад сабой задачу – зрабіць Валожынскую раённую арганізацыю лепшай у сталічнай вобласці. Памкненні падтрымала і кіраўнік абласной структуры С. Р. Сарока, адзначыўшы работу Галіны Фадзееўны Ганаровай граматай грамадскага аб’яднання. Такія ж узнагароды атрымалі і актывісты руху – Л. У. Шчарбачэвіч, І. В. Кавяза, А. С. Іода, А. В. Жданюк, Т. М. Загорская, Н. А. Буклыс і Ю. І. Гісіч.
Сёлета ГА “Беларусі саюз жанчын” адзначыла сваё 25-годдзе. На мерапрыемстве прысутным быў паказаны відэафільм аб рабоце, якая зроблена фарміраваннем за чвэрць стагоддзя. Добрых спраў насамрэч вельмі многа, што яшчэ раз падкрэслівае значнасць самай масавай арганізацыі, якая прадстаўляе інтарэсы жанчын. На працягу многіх гадоў яе галоўныя мэты застаюцца нязменнымі: павышэнне ролі жанчын у грамадстве, умацаванне маральных і духоўных каштоўнасцей, сямейных адносін і інш. Асаблівая ўвага надаецца дабрачыннай дзейнасці. Як прыкмеціла Святлана Рыгораўна Сарока: «Давайце будзем разам і надалей рабіць шчаслівыя мінуты».


