Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Пачуць сваіх дзяцей...

22.12.2018

У прафесійным сельскагаспадарчым ліцэі прайшоў агульны бацькоўскі сход “Вучымся слухаць нашых дзяцей”. У прасторнай актавай зале сабраліся бацькі, педагогі і госці, якіх запрасілі на мерапрыемства.

Адкрыла работу схода намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ўстановы адукацыі М. М. Аліноўская. Яна зазначыла, што найбольшы ўплыў на выхаванне падлетка аказвае сям’я, паколькі асноўную інфармацыю пра навакольны свет і пра сябе асабіста чалавек атрымлівае ад бацькоў. Менавіта гэтыя людзі валодаюць унікальнай магчымасцю ўздзейнічаць на дзіця, бо яно фізічна, эмацыянальна і сацыяльна залежыць ад іх. Таму вельмі важна, каб у сям’і панавала атмасфера дабрыні, узаемнай увагі і павагі. Педагог заклікала бацькоў, каб тыя, нягледзячы на вялікую загружанасць рознымі справамі і праблемамі, надавалі больш увагі сваім сынам і дочкам.

Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама І. Л. Жданюк звярнула ўвагу прысутных на тое, які ўплыў аказвае сям’я на фарміраванне асобасных якасцей падлеткаў, іх паводзіны дома і ў ліцэі, як многа значыць кантроль бацькоў за навучаннем і выхаваннем рабят.

У сваім выступленні “Бацькоўскае адлюстраванне ў падрастаючым пакаленні” благачынны Валожынскай акругі протаіерэй Дзмітрый Агіевіч распавёў, што ў праваслаўным разуменні сям’я – малая царква, важная функцыя якой заключаецца ў выхаванні дзяцей, бо менавіта тут закладваецца падмурак іх духоўна-маральнага выхавання. І праблемы, з якімі цяпер сутыкаецца грамадства, у першую чаргу звязаны з недахопам гэтага выхавання. Ён заўважыў, што мала выхоўваць дзяцей, у першую чаргу трэба выхоўваць сябе. Падлетку будзе складана не трапіць пад уплыў згубных звычак, такіх як ужыванне алкаголю, курэнне, інтэрнэт-залежнасць і інш., калі бацькі самі схільны да падобнага.

З цікавасцю прысутныя слухалі псіхолага Валожынскай ЦРБ А. І. Залескую, якая заўважыла, што бацькам бывае вельмі цяжка з-за таго, што падлеткі пачынаюць аддаляцца ад іх псіхалагічна. Неабходна ўбачыць сваіх сыноў і дачок у пазітыўным святле. Калі зразумееш, што сын ці дачка і так робіць усё, што можа, то зменяцца і адносіны. Дарослыя стануць больш суперажываць, а ў дзіцяці не будзе падставы праяўляць агрэсію. Пры вялікай занятасці, каб пазбегнуць раздражняльнасці, неабходна і пажартаваць, і пахваліць, і проста абняць дзіця. Дапамагчы падлеткам стаць самастойнымі, шчаслівымі і здаровымі дарослымі людзьмі можна толькі з любоўю адзін да аднаго.

Старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Ю. Г. Селятыцкая нагадала аб асноўных законах краіны, якія рэгламентуюць адказнасць законных прадстаўнікоў за выхаванне і паводзіны дзяцей, азнаёміла з правіламі бяспечных паводзін у грамадскіх месцах і ў вячэрні час, прывяла прыклады супрацьпраўных дзеянняў, учыненых навучэнцамі раёна, і іх наступстваў.

Пра работу, якая праводзіцца для папярэджання надзвычайных сітуацый, і пра забеспячэнне бяспечных умоў жыццядзейнасці дзяцей расказаў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А. І. Сівы. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на праблему паводзін навучэнцаў у вольны ад вучобы час і заклікаў узмацніць кантроль за іх занятасцю.

На заканчэнні сходу адміністрацыя ліцэя выказала ўдзячнасць бацькам, што шмат увагі надаюць выхаванню сваіх дзяцей, праяўляюць цікавасць да іх вучэбнай дзейнасці і прымаюць непасрэдны ўдзел у справах групы і ліцэя, і ўручыла ім Падзячныя лісты.

Задайте вопрос