Напачатку ўсіх прысутных запрасілі да пастаўленай ў двары ёлкі: карагоды, рухавыя гульні і тайна прапажы снегавічка, які павінен быў прывесці на свята Дзеда Мароза і Снягурку, – з усім справіліся маленькія ўдзельнікі свята. А пасля таго, як іх запрасілі ў фае, пачаставалі гарачым чаем з салодкімі пернікамі, пачалося непасрэдна навагодняе прадстаўленне. Сёлета сюжэт казкі аб’яднаўся з вядомым мультфільмам «Трое з Прастаквашына». Героі напісалі пісьмо з пажаданнямі снежнаму дзядулю. Аднак і карэспандэнцыю, і адрасата з унучкай захапілі ў палон разбойнікі, што ўступілі ў змову з Бабай Ягой і Кікімарай... Сапраўднае шоў з выдатнай пастаноўкай, нетрывіяльнай гульнёй артыстаў, забаўляльнымі элементамі захапіла ўвагу малышоў, прымусіла іх перажываць і радавацца разам з персанажамі. Вядома ж, дабро перамагло, і дзядуля Мароз са спадарожнікамі завітаў на свята. І, выслухаўшы вершы, якія больш за 30 хлопчыкаў і дзяўчынак падрыхтавалі для яго, узнагародзіў за старанне прызамі – цукеркавымі наборамі. А жадаючыя дадаткова змаглі набыць навагоднія вырабы ўдзельнікаў народнага аб’яднання народных майстроў «Скарбніца».
Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА


