Вядома ж, падрыхтоўка да мерапрыемства пачалася задоўга да наступлення свята. Настаўнікі з дзецьмі развучвалі словы, вершы, танцы, праводзілі гутаркі на тэму Новага года, навагодніх традыцый.
Але ўсё гэта засталося ў мінулым, і вось нарэшце дзеці прыйшлі на прадстаўленне прыбраныя, вясёлыя – і ў прадчуванні цуда. Трэба сказаць, іх надзеі апраўдаліся. Сюжэт казкі, колькі б, дзе і ў якіх інтэрпрэтацыях ні паўтараўся, напэўна, ніколі не надакучыць. Дзед Мароз з унучкай затрымаліся не проста так: ім чыніла розныя перашкоды нячыстая сіла. Аднак усё дрэннае калі-небудзь заканчваецца. Так здарылася і на гэты раз. Шчаслівыя школьнікі дачакаліся любімых персанажаў. І пачаліся карагоды-забавы вакол прыгажуні-ёлкі. А дзядуля з унучкай падарункаў запаслі на ўсіх, не адмаўлялі і тым, хто жадаў з імі сфатаграфавацца.


