Такая высокая адзнака працы стала прыемнай нечаканасцю для таленавітага педагога. Тым не менш, варта адзначыць, што, дзякуючы актыўнай жыццёвай пазіцыі, крэатыўнасці, неардынарнасці Ю. А. Мякінкі, у апошнія гады Ракаў стаў вядомы не толькі па ўсёй Беларусі. На адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс маладых выканаўцаў фартэпіяннай музыкі імя Міхала Грушвіцкага і фестываль культур “Ракаўскі фэст” з’язджаліся ўдзельнікі з Польшчы, Літвы і нават Ізраіля.
Юлія Аляксандраўна прызнаецца, што ідэі прыходзяць самі па сабе, бо побач жывуць і працуюць вельмі творчыя людзі. Яны жадаюць зрабіць штосьці цікавае для сваёй маленькай радзімы і ўнесці асабісты ўклад у развіццё мястэчка. Напрыклад, сёлета ў Ракаве таксама плануюць рэалізаваць некалькі новых праектаў, якія будуць вылучацца незвычайнасцю і нестандартнасцю: спадзяёмся, што яны знойдуць прыхільнікаў і стануць традыцыйнымі.


