Вёска Дубіна нашага раёна мае розную славу. Шмат гадоў таму яе “прыпячатаў” адмоўнымі эпітэтатамі Стары Улас. І, напэўна, з таго часу дубінцы імкнуцца заваяваць добрую славу. Так, напрыклад, яны даказалі, што іх вёска можа стаць сталіцай гумару, і з гонарам шмат гадоў апраўдваюць гэта званне. А нядаўна стала вядома, што і самыя прыгожыя дзяўчаты ў Беларусі маюць карані з Дубіны. “Міс Беларусь-2019” Марыя Васілевіч, якая ў канцы года прызнана яшчэ і самай прыгожай дзяўчынай Еўропы, для жыхароў Дубіны проста Маша. Будучую прыгажуню яны ведаюць, можна сказаць, з маленства. У Дубіне жыла яе бабуля Галя, тут нарадзілася яе маці Алена Іванаўна, у дзявоцтве Мучынская. І ўсе канікулы дзяўчынка праводзіла ў любімай бабулі. А калі апошнім часам бабулі не стала, бацькоўскі дом трое дзяцей, якія не жывуць у вёсцы, выкарыстоўваюць пад летнюю рэзідэнцыю. Здымаць напружанне вялікага горада, падыхаць свежым паветрам першая прыгажуня нашай краіны часта прыязджае ў Дубіну.


