Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Будучы выратавальнік

11.01.2019

Сёння выпускнік гімназіі Арцём ГАЛОЎЧЫЦ з’яўляецца курсантам Гомельскага філіяла ўніверсітэта грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Узяць у яго інтэрв’ю было няпроста. Адразу пасля залічэння – курс маладога байца, а гэта значыць, ніякіх паездак дадому. Сустрэча адбылася, калі Арцём атрымаў першае звальненне і прыехаў наведаць родных.

Падчас размовы дзіву давалася, наколькі ж мэтанакіраваны малады чалавек. Ён прызнаўся, што не заўсёды ставіўся да вучобы з належнай адказнасцю. Але ў старэйшых класах прыйшло разуменне: каб кімсьці стаць, у навуку патрэбна ўлягаць. Шмат увагі стаў надаваць беларускай, рускай, замежнай мовам, матэматыцы, фізіцы. Па ўсіх прадметах паспяховасць была на ўзроўні. У такіх выпадках звычайна цяжка вызначыцца, з чым ісці на тэсціраванне. Зрабіць выбар будучай прафесіі дапамог выпадак. Ва ўстанове адукацыі ладзілася прафарыентацыйнае мерапрыемства, дзе супрацоўнік райаддзела МНС Аляксандр Сівы расказваў пра службу выратавання. Прагучала інфармацыя пра навучальныя ўстановы, дзе рыхтуюць спецыялістаў. У той дзень Арцём зразумеў: вось яно, мне – туды! Што і казаць, падкрэслена мужчынскія прафесіі цікавілі з маленства, ды і бацька, які сам калісьці марыў стаць ваенным, не аднойчы раіў разгледзець такую магчымасць.

Як і ўсе падлеткі, Арцём не раўнадушны да камп’ютара, але днямі ля манітора ніколі не “вісеў”, бы сапраўдны мужчына, шчыраваў на дачы, разам з бацькам займаўся рамонтам, будоўляй. Заўсёды сябраваў і са спортам. Было б інакш – вучыцца ва ўстанове МНС яму б не давялося. Тут, як паведаміў курсант, да фізічнай падрыхтоўкі вельмі сур’ёзнае стаўленне.

Яго будучая спецыяльнасць – інжынер-выратавальнік. Гэта значыць, што менавіта Арцёму Васільевічу Галоўчыцу праз пэўны час давядзецца прымаць тэрміновыя рашэнні па эвакуацыі людзей з месцаў надзвычайных здарэнняў і ў імгненне вока планаваць і каардынаваць дзеянні падначаленых падчас ліквідацыі пажараў.

Зараз, калі курс маладога байца ўжо за плячамі, ён з упэўненасцю глядзіць у будучыню. Расчараванне ці страх перад цяжкасцямі мужнага юнака не кранулі. Поспехаў і жыццёвай вытрымкі табе, будучы выратавальнік!