Гаварылася ў час прыёму грамадзян, які правёў напрыканцы мінулага тыдня намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6 склікання па Маладзечанскай выбарчай акрузе № 73 Іван Станіслававіч МАРКЕВІЧ. На прыём да чыноўніка завіталі 7 чалавек, дадаткова парламентарый пракантраляваў выкананне некалькіх даручэнняў. Традыцыйна ўдзел у сустрэчы прымалі кіраўнікі службаў і ведамстваў, да кампетэнцыі якіх адносяцца зарэгістраваныя падчас папярэдняга запісу пытанні, таму заяўнікі адразу даведваліся, на што ім разлічваць у канкрэтнай сітуацыі.
Прадпрымальнік з Івянца, які першым завітаў да Івана Станіслававіча, папрасіў садзейнічання ў развіцці транспартнай інфраструктуры. Ён хоча пабудаваць у цэнтры гарпасёлка кіёск, дзе пасажыры змогуць не толькі набыць білеты на рэйсы, але і купіць штосьці з тавараў. І. С. Маркевіч даручыў адказным службам, у тым ліку і ДАІ РАУС, усебакова вывучыць сітуацыю. Намеснікі старшыні райвыканкама І. У. Шакун і І. А. Балінаў пракантралююць гэта пытанне і на працягу двух тыдняў дадуць адказ. «Кіёск – справа добрая, – зазначыў у размове дэпутат Парламента. – Аднак я катэгарычна супраць «будак». Гэта павінен быць архітэктурны і гандлёвы аб’ект, які не толькі добра ўпішацца ў агульны выгляд гарпасёлка, але і дазволіць карыстальнікам паслуг атрымаць сучаснае абслугоўванне.
Па пытаннях, звязаных з выдзяленнем бюджэтных фінансавых сродкаў у 2019 годзе на будаўніцтва газаправода, звярнулася старшыня кааператыва «Загарадзь-Газ». Уважліва вывучыўшы пісьмовы адказ з УП «Мінскаблгаз», Іван Станіслававіч вырашыў больш дэталёва разабрацца ў сітуацыі, каб жыхары Гародзькаў і Забрэззя ўсё ж такі атрымалі блакітнае паліва ў свае дамы.
У наступнага наведвальніка – старшыні СКГ «МіхаловаБудГаз» – пытанне было аналагічнае. Яно вырашыцца з часам: іх кааператыў чацвёрты па чарзе на фінансаванне ў бягучым годзе
Пра будаўніцтва сетак электрыфікацыі па вуліцы Лясной у вёсцы Бузуны пацікавіўся адзін з жыхароў гэтага населенага пункта. І. С. Маркевіч даручыў разабрацца ў пытанні адказным службам.
Гэты прыём – ужо не першы ў бягучым годзе. А ўвогуле за перыяд сваёй дзейнасці ў акрузе з лістапада 2016 года Іван Станіслававіч правёў 104 сустрэчы ў працоўных калектывах, арганізаваў 45 прыёмаў грамадзян. За гэты час да яго звярнуліся і атрымалі дапамогу 293 наведвальнікі.


