Як адзначыў старшыня камісіі Пётр Іосіфавіч Бібік, жыхары раёна актыўна звярталіся ў камісію з дакументамі-пацвярджэннямі занятасці. У першую чаргу гэта грамадзяне, якія працуюць (вучацца) за мяжой, ці тыя, што маюць прысядзібны ўчастак, а таксама шматдзетныя бацькі і бацькі дзяцей, якім не споўнілася сем гадоў (бацька ці маці). У зборы інфармацыі прынялі ўдзел розныя службы. Вялікая работа ў дадзеным кірунку праведзена старшынямі і спецыялістамі сельвыканкамаў. І не дзіўна: у сельскай мясцовасці кожны чалавек на віду. Таму даведацца, чаму некаторыя нідзе не працуюць, лёгка. Многія вяскоўцы апрацоўваюць зямлю, займаюцца рамесніцтвам ці аказваюць агратурыстычныя паслугі.
Першапачаткова ў базе фігуравалі каля 2000 грамадзян. У выніку праведзенай работы 1005 чалавек прызнаны занятымі ў эканоміцы. Адносна тых, хто па-ранейшаму застаецца ў базе, работа працягваецца. На пасяджэнне, напрыклад, былі запрошаны чатыры жыхары райцэнтра (патэнцыяльныя плацельшчыкі), якія на працягу многіх гадоў не могуць знайсці сябе ў прафесійным плане. Прычыны такога становішча часцей за ўсё банальныя: злоўжыванне алкаголем, неаднаразовае адбыванне пакарання за тое ці іншае злачынства, лячэнне ў ЛПП. Сакратар камісіі Марына Аляксандраўна Іода заўважыла: “Нягледзячы на тое, што гэтыя людзі разгубіліся на жыццёвай дарозе, мы абавязаны даць ім яшчэ адзін шанц і дапамагчы замацавацца ў адной з арганізацый, дзе маюцца вакансіі”.


