Жыццё сваё яна не лічыць ні цяжкім, ні лёгкім. Фармулюе проста: “Усяго было”. І сапраўды: ранняе сіроцтва (бацьку забілі паліцаі), як вынік – паўгалоднае дзяцінства. Маладосць, запоўненая цяжкай працай. Сталасць з пастаяннымі клопатамі пра сям’ю і работу. І разам з тым праз усе гады пранесенае імкненне да прыгажосці.
Маленства прайшло ў вёсцы Міхалеўшчына Валнянскага сельсавета на рацэ Іслач. Пасля смерці бацькі яны з маці пераехалі ў Падневічы, дзе жылі дзядуля і бабуля. Леакадзія Іосіфаўна ўспамінае, якой беднай была іх сям’я. “Нас нават у калгас не бралі, таму, што мы нічога не мелі”. Каб, як і ўсе вяскоўцы, лічыцца калгаснікамі, дзядуля купіў авечку і тут жа аддаў яе ў гаспадарку. З васьмі гадоў Лёдзя шчыравала на калгасных палетках: палола буракі, кукурузу, ірвала лён, жала… У школе давучылася толькі да восьмага класа. Маці не магла сабраць дзяўчынку ў школу, грошай не хапала нават на самае неабходнае. Пайшла на ферму даяркай. Кароў тады даілі ўручную. Ёй, такой юнай, працаваць было цяжка, да таго ж хацелася вучыцца. Аднойчы зрабіла спробу паступіць у тэхнікум, але не атрымалася.
Далей – замужжа, дзеці. Нарэшце мара аб прафесіі споўнілася: ужо будучы маці траіх дзяцей, атрымала прапанову, ад якой, як кажуць, не адмаўляюцца. У Ракаўскую ўстанову культуры шукалі спецыяліста, які б мог і харэаграфічны, і вакальны нумары паставіць. Леакадзія нават без спецыяльнай падрыхтоўкі выдатна танцавала, а яшчэ і спявала. Яе накіравалі на харэаграфічныя курсы пры тэатры оперы і балета. Пасля іх заканчэння займела пасаду дырэктара Ракаўскага Дома культуры. Тут адпрацавала 32 гады.
З цяплом успамінае былых калег, у першую чаргу начальніка аддзела культуры Дзмітрыя Уладзіміравіча Грышкевіча, свайго першага памочніка – баяніста-самавучку Георгія Мароза. Затым ёй на дапамогу прыйшоў сапраўдны прафесіянал Аляксандр Паталей. Цудоўным было і супрацоўніцтва з Антонам Дземідовічам. Яна ставіла танцы, спявала, пісала сцэнарыі, вершы, кіравала хорам з сарака пяці чалавек. Нават транспаранты і лозунгі афармляла сама. З цягам часу зразумела, што вершаваныя радкі ў яе галаве нараджаюцца разам з мелодыяй, так стала пісаць песні. А аднойчы пад уражаннем ад прыгажосці храма ёй захацелася ўзяць у рукі пэндзаль і адлюстраваць убачанае на палатне. Карціна атрымалася, і самадзейная мастачка ўзялася за наступную. Свае творы яна дорыць сябрам, з натхненнем прысвячае любімым людзям вершы і песні. Пра такіх кажуць: не мае ўзросту. І сапраўды, не па гадах рухавая, яна захавала выдатную постаць і прыемны твар. Прыродны густ дазваляе прыгожа і адпаведна з абставінамі апранацца. Яна на ўсё і на ўсіх знаходзіць час. Спявае ў царкоўным хоры, падтрымлівае сваякоў. У “багатай” бабулі шасцёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў.
Што дапамагае жыць чалавеку, якога лёс асабліва ніколі не лашчыў? Тыя, хто добра яе ведаюць, – былыя супрацоўнікі аддзела і ўстаноў культуры – у адзін голас сцвярджаюць: пачуццё гумару, пастаянны агеньчык творчасці і тое, што прынята называць няўрымслівасцю. Яна шчыра жадае ўсім шчасця. Цэніць працавітых і таленавітых людзей. Моцна ганарыцца поспехамі творчых калектываў Валожыншчыны, у першую чаргу – ракаўчан, любіць чароўнае наваколле Ракава і раку Іслач. Жартуе: “На Іслачы пачалося маё жыццё і тут жа яно… працягваецца!”
Падчас юбілейнай вечарыны да Леакадзіі Іосіфаўны завіталі ўсе родныя і сябры, прысутнічалі і культработнікі на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вікенціем Мікалаевічам Адамовічам, а калектыў народнай песні “Сваякі” падарыў заслужанай юбілярцы паўнацэнную канцэртную праграму. Яна ж парадавала прысутных сваімі новымі творамі ва ўласным выкананні.


