Кіраўнік раённай вертыкалі ўлады пацікавіўся, як жыве ветэран, якія праблемы яго турбуюць, прапанаваў дапамогу ў вырашэнні хвалюючых пытанняў. І, вядома ж, папрасіў падзяліцца ўспамінамі пра зведанае ліхалецце. Расчулены франтавік свой расказ пачаў словамі: «Не дай Бог нікому зведаць вайну...»
Пасля вызвалення родных мясцін ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у лістападзе 1944 года Мікалая забралі ў войска. Прысягу прымаў у Горкаўскай вобласці, затым адправілі вучыцца ў мінамётную школу. На фронт Мікалай Рыгоравіч не трапіў, затое наглядзеўся на смерць і людскі боль спаўна – быў прыкамандзіраваны ў санчасць пры артылерыйскім палку. Аказваў дапамогу раненым і там знаходзіўся да 1947 года. Потым полк перавялі ў Бабруйск, дзе наш зямляк служыў яшчэ да 1949 года.
Пасля дэмабілізацыі М. Р. Гарнастай вярнуўся ў родную вёску. Шмат і пачэсна працаваў, нават пасля выхаду на пенсію. Сёння ветэранам заслужана ганарыцца ўся вёска.


