Самую вялікую ўраджайнасць атрымліваюць у КУП “Сівіца”: па 19,3 цэнтнера з гектара, амаль па 15 цэнтнераў маюць у КСУП “Валожынскае” і ААТ “Лоск”.
Адразу ж з поля рапс трапляе на зернясховішчы, дзе яго дапрацоўваюць – ачышчаюць, сушаць і здаюць: у райаграпрамтэхніку, на ААТ “Агракамбінат “Дзяржынскі” і “Маладзечанскі малочны камбінат”. Кошт адной тоны сёлета складае 792 рублі. На ўборку гэтай досыць прыбытковай алейнай расліны аграрыям адведзены 8 дзён. У ААТ “Лоск” на ўборцы рапсу задзейнічаны 3 камбайны. Два з іх мы сустрэлі на палетках ля вёскі Вялікае Запруддзе, дзе гэтай культурай засеяны 75 гектараў.
Нягледзячы на зменлівае надвор’е, работа тут кіпела. Працуюць механізатары з настроем: ураджай намнога лепшы, чым летась, ёсць матэрыяльная заахвочанасць, арганізаваны падвоз гарачага харчавання. Натхняе і тое, што ўсе яны шчыруюць на роднай зямлі – тут нарадзіліся і знайшлі сваё прызванне. Старшы камбайнер Сяргей НАВІНСКІ ў гаспадарцы з 2005 года, а працоўны стаж вадзіцеля Іосіфа ГРЫНКЕВІЧА ўвогуле налічвае больш чым чатыры дзесяцігоддзі. Сёмая ўборачная кампанія на рахунку старшага камбайнера Дзмітрыя СІМАНОВІЧА, а вось камбайнер Уладзіслаў ГЕРЖАТОВІЧ у жніве прымае ўдзел упершыню.
Як зазначыў галоўны аграном Аляксандр Гасціловіч, хлопцы працуюць з душой. “Пабольш бы такіх работнікаў”, – кажа ён. На падыходзе – уборка зерневых. Колас, заўважаюць спецыялісты, таксама вырас добры. Застаецца толькі пажадаць нашым руплівым працаўнікам палёў, каб спрыяла надвор’е, не ламалася тэхніка, а напружаныя будні прыносілі плён і асалоду.


