Родам Мікалай Мікалаевіч з Мсціслаўскага раёна. І ён, і жонка – выпускнікі Горацкай сельгасакадэміі. На Валожыншчыну сям’я пенсіянераў (а па знешнасці і не скажаш!) перабралася тры гады таму. Канапацкія з радасцю даведаліся, што іх новае месца жыхарства – вёска Лоск, дзе пэўны час жыў і выдаваў кнігі беларускі асветнік Сымон Будны. “Гэты факт сам па сабе натхняе на заняткі, што дазваляюць рэалізоўваць творчыя здольнасці”, – прызнаецца аграном з душой артыста.
Хоць і на Валожыншчыне працавітыя людзі паспелі завесці ўласную гаспадарку – вырошчваюць гародніну, гадуюць свойскіх жывёл, гаспадар не-не ды і падасца ў райцэнтр на рэпетыцыю ці на чарговы канцэрт. Пакуль выступленняў адбылося няшмат, але кожны выхад на сцэну РЦК ці іншыя пляцоўкі раёна – хвалюючы момант у яго жыцці. Запрашэнні на ўдзел у святах прымае з радасцю. Ён упэўнены: калі паўсядзённасць расфарбоўваецца мастацтвам, дні здаюцца даўжэйшымі, сонца – больш яркім, а настрой – выдатным.


