Палеткі з залатым зернем – надзённы клопат, першачарговая задача аграрыяў. Рухаючыся па любых дарогах раёна, з акна аўтамабіля паўсюдна можна назіраць, як па хлебных нівах плывуць камбайны, пакідаючы за сабой скошанае ржышча.
На мінулым тыдні пачалі адлік намалочаных азімых жыта, трэцікале, пшаніцы, ячменю, аўса ў ААТ “Багданаўскае”. Як запэўніваюць мясцовыя механізатары, жніўную кампанію яны сустракаюць у поўнай боегатоўнасці: наладжана тэхніка, сфарміраваны камбайнерскія экіпажы, кіраўніцтва гаспадаркі загадзя паклапацілася пра неабходную колькасць гаруча-змазачных матэрыялаў, ёсць дэталі на выпадак непрадбачанага рамонту. На палі выйшлі 7 зернеўборачных камбайнаў, 3 аўтамабілі-шматтоннікі і 3 трактары для адвозкі зерня. Найперш збажына паступае на зернесушыльны комплекс “ЗСК-20” у Багданаве, які пабудаваны ў 2007 годзе, і на сушыльную машыну ў Вайганах. Эксплуатацыю іх забяспечваюць некалькі спецыялістаў: аператар Алік Давідовіч прыкамандзіраваны ў гаспадарку з ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, Іван Жвірко – свой малады работнік, які прайшоў адпаведную спецыялізацыю. Не навічкі ў справе сушкі зерня яго калегі – Аляксей Аляшкевіч і Дзмітрый Бурка.
Не абмінае ўвагай гэты важны аб’ект і выконваючы абавязкі інжынера па тэхніцы бяспекі Ілья Кандратовіч. З усімі, хто заняты на жніве, праведзены інструктаж, каб пазбегнуць пазаштатных сітуацый. Прадугледжаны медыцынскі кантроль за станам здароўя вадзіцеляў і камбайнераў, а таксама забеспячэнне хлебаробаў двухразовым гарачым харчаваннем. Для падвозу ежы ёсць спецыяльна абсталяваны аўтамабіль, кухарыць даручана вопытным майстрам “смачнай” справы – Ірыне Амбражэвіч і Таццяне Сініцкай. Плацяць за абеды работнікі палёў толькі сімвалічную плату. Асноўныя расходы бярэ на сябе гаспадарка.
Сёлета перад хлебаробамі пастаўлена задача абмалаціць амаль паўтары тысячы гектараў зерневых. Своеасаблівым папярэднім іспытам для механізатараў стала ўборка азімага рапсу, які займаў плошчу ў 235 гектараў. Гэта алейная культура паказала ўраджайнасць у 16,4 цэнтнера, што трохі вышэй за сярэднюю па раёне. З рапсам справіліся аператыўна – менш чым за тыдзень. Багданаўцы спадзяюцца, што і з астатнімі зерневымі ўправяцца (абы не падвяло надвор’е) хутка. Хвалюе іх не толькі тэрмін уборачнай кампаніі. Галоўнае – убраць новы ўраджай без страт. Дзеля гэтага ўся “эстафета” збажыны – ад поля да пункта прыёму – прадумана і наладжана.


