Па традыцыі, на фестывалі-ярмарцы працаўнікоў вёскі ўшанавалі лепшых аграрыяў Мінскай вобласці. Упершыню на сёлетняй урачыстасці рука аб руку з хлебаробамі крочылі іх жонкі. Забяспечаны стараннямі жанчын надзейны тыл дапамагаў перадавікам сканцэнтравацца на працы і дасягнуць унушальных вынікаў.
З самай раніцы людзей прывабліваў святочны кірмаш. Тут можна было пачаставацца мясцовымі далікатэсамі, паўдзельнічаць у майстар-класах, паспрабаваць сябе ў танцах, палюбавацца навінкамі аўтазавода «Джылі», сфатаграфавацца каля «БЕЛАЗа»... Кожны раён прадставіў свой падворак, на якім артысты, работнікі арганізацый і ўстаноў, гаспадары аграсядзіб, прадпрымальнікі, рамеснікі усяляк зацікаўлівалі наведвальнікаў і патэнцыяльных пакупнікоў, дарылі ім добры настрой. Да гонару трэба адзначыць, што каля валожынцаў назіраўся сапраўдны ажыятаж: натоўп жадаючых зазірнуць у наш гасцінны куток не змяншаўся на працягу ўсяго дня.
Урачыстае адкрыццё мерапрыемства пачалося з шэсця дэлегацый, у склад якіх былі ўключаны лепшыя работнікі ўборачнай кампаніі бягучага года. Затым вітальны адрас ад кіраўніка дзяржавы на фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі зачытаў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Косінец.
– Сардэчна віншую вас з паспяховым завяршэннем асноўнага этапу ўборачнай кампаніі 2019 года. У гэтым годзе ўклад Міншчыны ў Рэспубліканскі каравай – самы важкі. Вы з’яўляецеся лідэрамі і па іншых ключавых паказчыках сельскагаспадарчай вытворчасці, – гаварылася ў віншаванні.
– Зладжана працавалі падчас уборачнай кампаніі аграномы, механізатары, камбайнеры, кіраўнікі і спецыялісты.
Аграрыі, чыя самаадданую праца забяспечвае харчовую бяспеку краіны, – сапраўдныя героі нашага часу. Перакананы, што і ў далейшым любоў да роднай зямлі, адданасць прафесіі і адказнае стаўленне да справы дапамогуць вам захаваць высокія пазіцыі ў аграпрамысловым комплексе Беларусі, а нашы ўраджаі з кожным годам будуць толькі багацей, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, падзякаваўшы хлебаробам за працавітасць, адказнасць і самаадданыя будні.
Старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка таксама павіншаваў удзельнікаў мерапрыемства з паспяховым завяршэннем уборачнай кампаніі.
Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна адзначыў, што ўраджай збожжавых і зернебабовых культур у Мінскай вобласці перавысіў 1 мільён 700 тысяч тон. Гэта істотна больш, чым у мінулым годзе. Тысячны намалот пераўзышлі 665 экіпажаў. Ёсць па выніках уборачнай і 6 экіпажаў трохтысячнікаў. Кожная чацвёртая тона збожжа ў Рэспубліцы сабрана на Міншчыне.
Лепшымі па намалоце сталі Слуцкі, Мінскі і Нясвіжскі раёны. У лідары па ўраджайнасці выйшлі Нясвіж, Дзяржынск і Клецк.
– Поспехі ў аграрным сектары эканомікі-аснова далейшага руху наперад. Але цяперашні ўраджай для нас не мяжа. Патэнцыял цэнтральнага рэгіёна нашмат вышэйшы. І для дасягнення пастаўленых мэт ёсць усё: тэхналогіі, сучаснае абсталяванне, а галоўнае – працавітыя людзі – сказаў старшыня аблвыканкама.
Таксама Анатоль Ісачанка акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў свята на тэме добраўпарадкавання Барысава. Ну і, вядома ж, правёў цырымонію ўзнагароджання лепшых з лепшых. Дарэчы, у ліку адзначаных і камбайнер КСУП «Пяршаі-2014» Аляксандр Ліпень. Віншуем нашага пераможцу! А ўвогуле, у бягучым годзе першымі ў вобласці завяршылі ўборку зберневых нясвіжскія аграрыі. Яны ж сталі і лідарамі па ўраджайнасці. Убрана ў іх 22062 га палеткаў, ураджайнасць склала 59,5 ц/га, а намалот дасягнуў 131215 тон.
Святочны канцэрт таксама атрымаўся феерычным. За паўтары гадзіны перад гледачамі выступілі больш за 2 тысячы артыстаў. Сярод іх – лепшыя калектывы Мінскай вобласці і вядомыя беларускія зоркі: Аляксандр Саладуха, Анжаліка Агурбаш, ансамбль «Сябры»... Прыехалі ў Барысаў на свята вядомы інструментальны ансамбль «Нясвіжскія лажкары», узорны ансамбль гарманістаў «Аношкаўскія музыкі», узорны калектыў «Дарунак» Барысаўскай дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў і мноства іншых.
У час канцэрту сталі вядомы вынікі галасавання за лепшы каравай у экспазіцыі 22 раёнаў і горада Жодзіна. Ганаровы тытул прысвоены караваю Клецкага раёна. Таксама было аб’яўлена: у наступным годзе абласныя «Дажынкі» справяць у Чэрвені.
Сяргей САДОЎСКІ,
фота аўтара і Святланы КУРЭЙЧЫК


