Былі праведзены адкрытыя ўрокі, метадычныя і творчыя майстар-класы, педагагічны трыятлон, семінары-практыкумы, працавала метадычная студыя і інш. У дзень кіраўніка на базе гімназіі № 1 г. Валожына прайшла прэзентацыя вопыту работы ўстановы адукацыі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел калегі з Мядзельскага раёна.
Педагогі Валожыншчыны пабывалі на абласным кірмашы педагагічных ідэй у горадзе Фаніпаль Дзяржынскага раёна. Яны прадставілі тры стэндавыя прэзентацыі вопыту па розных формах работы з бацькамі (Гародзькаўскі вучэбна-педагагічны комплекс, сярэдняя школа № 2 г. Валожына, Валожынскі ЦКРНіР), правялі майстар-клас для маладых педагогаў (гімназія № 1 г. Валожына, настаўнік Святлана Федарака), выставілі лот для аўкцыёну педагагічных ідэй “Узаемадзеянне з бацькамі выхаванцаў у далучэнні дзяцей дашкольнага ўзросту да беларускай нацыянальнай культуры з дапамогай электронных дадаткаў” (намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 3 “Пралеска” Наталля Рубацкая).
Дзень работніка дадатковай адукацыі і класнага кіраўніка “Супрацоўніцтва – залог поспеху...” адбыўся на базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна. Метадыст Ірына Ваньковіч у сваім выступленні “Дом шчаслівых надзей” распавяла пра напрамкі работы ўстановы дадатковай адукацыі, а таксама пра мерапрыемствы, якія праводзяцца ў цэнтры сумесна з бацькамі, і якую ролю адыгрывае такое супрацоўніцтва ў выхаванні дзяцей. Відэаролік пра дзіцячую “Адзіноту” прымусіў задумацца аб вырашэнні дадзенай праблемы.
З радасцю педагогі паспрабавалі сябе ў майстар-класах па вырабе “падковы шчасця” з розных матэрыялаў (атласныя стужкі, кардон, канзашы) і лялькі-абярэга ў камбінаванай тэхніцы. З новай, незвычайнай формай работы пазнаёміла калег дырэктар
цэнтра творчасці Марыя Кушнір. У форме цімбілдынгу яна прапанавала гульні і трэнінгі, якія вучаць працаваць у камандзе. Удзельнікі мерапрыемства прадставілі свае міні-праекты, дзе адлюстравалі інавацыйныя формы супрацоўніцтва з сям’ёй.
У педмарафоне прынялі ўдзел усе катэгорыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі раёна. Праведзеныя мерапрыемствы спрыялі развіццю творчага патэнцыялу, павышэнню педагагічнага і метадычнага майстэрства, кампетэнтнасці, самарэалізацыі прафесійных здольнасцей у адпаведнасці з актуальнымі задачамі.


