Да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе “ТэхнаЁлка”, які праводзіцца штогод ва ўстановах дадатковай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, педагогі і нувучэнцы Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя пачалі рыхтавацца яшчэ з восені. На першым этапе было прадстаўлена ад дзесяці вучэбных груп дванаццаць экспанатаў у намінацыях “Дызайн-ёлка”, “Калядная кампазіцыя”, “Святочныя ўпрыгажэнні”, “Сімвал 2020 года”.
На вобласць журы адабрала шэсць работ. У фінале, які адбыўся ў Мар’інай Горцы, удзельнічалі чатыры нашы кампазіцыі: “Ёлка запальвае агні” (навучэнкі Міла Валошка і Ірына Зарэцкая, майстры вытворчага навучання Валянціна Рафаловіч і Святлана Жабко), “Баль у Папялушкі” (навучэнкі Вікторыя Сетун, Вікторыя Александровіч і Вераніка Шыханцова, выкладчык Ірына Жытарук і майстар вытворчага навучання Алена Карповіч), “Тэхна-абажур” (навучэнец Андрэй Патаповіч, выкладчык Таццяна Шумская і майстар вытворчага навучання Віктар Ніканчук), “Араты” (навучэнец Дзмітрый Арцюкевіч і выкладчык Аляксандр Міхасенка).
Падчас адбору гэтых работ журы адзначыла не толькі высокі ўзровень фантазіі і мастацкі густ аўтараў, але і прафесійную скіраванасць кампазіцый, выкарыстанне нетрадыцыйных матэрыялаў пры іх стварэнні. Напрыклад, асновай для “Аратага” стаў сапраўдны каленвал ад трактара, а каб адбыўся “Баль для Папялушкі”, жанчыны і дзяўчаты з залатымі рукамі выкарысталі старую швейную машынку і безліч розных дэталяў. Як паведамілі ў ліцэі, літаральна з дня на дзень там чакаюць абвяшчэння пераможцаў, чые работы будуць прадстаўлены на рэспубліцы. Дарэчы, у самой навучальнай установе выстава цудоўных рукатворных ёлак працуе яшчэ з 17 лістапада. У дзень выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прайшло яе адкрыццё.


