або Як у Барысаве «Міс Міншчыну» выбіралі
У маштабным абласным конкурсе, які ў рамках акцыі «Прыгажуні Міншчыны – багацце краіны!» адбыўся ў мінулую пятніцу ў Барысаўскім Палацы культуры імя М. Горкага, удзельнічалі 72 ураджэнкі нашай вобласці, у тым ліку 3 – з Валожына.
Абласная акцыя пачалася ў лістападзе 2019 года. Як паведамляе БелТА, за час яе правядзення прэтэндэнткамі на тытул «Міс Міншчына» сталі 764 прадстаўніцы цэнтральнага рэгіёну. Дзяўчаты не толькі прадэманстравалі знешнюю прывабнасць, але і здзівілі журы сваімі талентамі і захапленнямі.
У выніку за карону і тытул першай прыгажуні рэгіёну змагаліся 72 удзельніцы. Конкурс прайшоў па класічным сцэнарыі: дэфіле ў кактэйльных і вячэрніх сукенках, выхады ў купальніках і вырабах ААТ «Купалінка», конкурс імправізацыі.
Ацэньвала дзяўчат журы, у якое ўваходзілі прадстаўнікі мадэльнай індустрыі і дзяржаўных органаў, вядомыя артысты, спецыялісты сферы культуры.
Захопленыя прыгажосцю і чароўнасцю прыгажунь цэнтральнага рэгіёну, гледачы дарылі кожнай бурныя апладысменты і хвалі захаплення. Не менш цёпла сустракалі і нумары канцэртнай праграмы, падчас якой вядучыя мастацкія калектывы вобласці і сталіцы, а таксама таленавітыя вакалісты дарылі барысаўскім гледачам і гасцям мерапрыемства сваю творчасць.
Пасля дэфіле ў кактэйльных сукенках і купальніках былі названы прозвішчы 25 фіналістак. Да гонару адзначым, што да канца конкурсу годна змагаліся за перамогу прадстаўніцы Валожына Вікторыя Дурко і Крысціна Шалай. Дзяўчаты праявілі зайздросную стойкасць і, не зважаючы на стомленасць, увесь вечар працягвалі збіраць захопленыя глядацкія позіркі.
«Сёння на нашых вачах адбылася адна з яскравых падзей года, – падводзячы вынікі мерапрыемства, сказаў намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Станіслававіч Маркевіч. – Мы выбіралі самую прыгожую дзяўчыну нашага краю. Журы можна было шчыра паспачуваць. Вызначыць самую дастойную з такой колькасці бліскучых дзяўчат надзвычай цяжка: яны чароўныя, разумныя, элегантныя, валодаюць добрымі манерамі, валодаюць шырокім кругаглядам, умеюць даходліва і арыгінальна выказваць свае думкі».
Калі вызначыліся імёны пераможцаў, астатнія ўдзельніцы шчыра парадаваліся за сваіх калег па сцэне. Шыкоўныя падарункі сталі добрай узнагародай для кожнай з канкурсантак.
Цырымонію ўзнагароджання правёў намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Іван Станіслававіч МАРКЕВІЧ. Падчас конкурсу ён узначальваў журы.
Тытул «Міс Міншчына» выйграла Вераніка Кушалева з Лагойска. Віцэ-міс сталі салігарчанка Аліна Паляшчук і Віялета Герасімчук з Пухавічаў. Тытул «Міс Фота» дастаўся Ганне Мілеўскай з Маладзечна. «Міс глядацкіх сімпатый» – Дар’я Фесіна з Чэрвеня.
А вось і прыгажуні, якія абаранялі на конкурсе гонар Валожыншчыны – Вікторыя ДУРКО, Алена ДАНЬКО і Крысціна ШАЛАЙ.


