З акцыяй «Кнігі дабра» ў Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі развіцця наведаліся госці з Мінска. Арганізавала і правяла мерапрыемства наша зямлячка Анастасія Косік (больш вядома пад псеўданімам Ася Грасбухава), якая прадстаўляе кніжны магазін-бібліятэку «Прастора даступных кніг».
Ініцыятыва нарадзілася дзякуючы знаёмству з выхаванкай дома-інтэрната Насцяй Радзюк у паліятыўным цэнтры ў Бараўлянах, дзе на той момант праходзіла мерапрыемства «Прасторы даступных кніг» з чытаннем аповеду папулярнай пісьменніцы Ганны Чыж-Літаш пад жывую музыку ў выкананні скрыпачкі Юліі Яцкевіч. Дзяўчынка падзялілася тады з выступоўцамі, што вельмі любіць чытаць, і ў тых з’явілася вялікае жаданне прывезці ёй у Івянец шмат цікавых выданняў.
Аб’яўленне ў сацсетках пра збор дзіцячых кніг для Насці Радзюк атрымала неверагодны водгук ад наведвальнікаў кніжнага магазіна-бібліятэкі і прыхільнікаў творчасці Ганны Чыж-Літаш.
Першая паездка ў Івянец адбылася ўжо ў верасні. Ініцыятыўная група адправілася да Насці Радзюк і пазнаёмілася з іншымі выхаванцамі дома-інтэрната. Тады хлопчыкам і дзяўчынкам быў перададзены цэлы велізарны чамадан кніг. Рабяты ўразілі дарослых недзіцячымі разважаннямі і неверагодным аптымізмам. Арганізатары акцыі паабяцалі абавязкова прыехаць да іх зноў.
У кастрычніку Анастасія Косік прапанавала сваім чытачам прыняць удзел у акцыі «Лісты дабра». Больш за 100 чалавек не толькі з Мінска, але і іншых гарадоў Беларусі, а таксама Расіі падтрымалі гэту ідэю. Яны напісалі і адправілі лісты ў канвертах у Івянецкі дом-інтэрнат. Кожны выхаванец атрымаў індывідуальнае шчырае пасланне. Некаторыя падрыхтавалі адказ на яго, і ў іх з’явіліся сапраўдныя сябры па перапісцы.
Падчас апошняй дабрачыннай акцыі, што адбылася нядаўна, Анастасія Косік, пісьменніца Ганна Чыж-Літаш і скрыпачка Юлія Яцкевіч прывезлі ўжо не толькі кнігі, але і цацкі, а таксама яны падрыхтавалі канцэртную праграму з чытаннямі і жывой музыкай.
У «Прастору даступных кніг» працягваюць амаль кожны дзень прыносіць зборнікі для дзяцей. Гэта дае падставу думаць, што госці са сталіцы яшчэ і яшчэ будуць наведвацца ў Івянец да сваіх сяброў з дома-інтэрната.


