Вучаніца 10 класа СШ № 1 г. Валожына Ганна РАДЗІВІЛКА на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце «Працоўнае навучанне» атрымала вышэйшую ўзнагароду – Дыплом I ступені.
Педагог Іна Леанідаўна КЕРБЕДЗЬ, якая падрыхтавала сваю выхаванку да ўдзелу ў конкурсе, гаворыць, што Ганна вельмі таленавітая, адораная ад прыроды вучаніца. У яе ўсё атрымліваецца з першага разу, і работы выклікаюць толькі захапленне.
Выдатнаму выніку папярэднічала вялікая карпатлівая і напружаная праца. Яшчэ ў дзіцячым садку дзяўчынка любіла майстраваць з паперы, маляваць, займацца аплікацыяй. Калі пайшла ў школу, запісалася ў гурток па вышыўцы. А з 5-га класа прадмет «Працоўнае навучанне» стаў для школьніцы любімым. У 6-м класе выкладаць абслуговую працу ў Ганны пачала Іна Леанідаўна. Настаўніца адразу запрыкмеціла здольную і руплівую вучаніцу і з 7-га класа пачала рыхтаваць яе да ўдзелу ў прадметнай алімпіядзе.
У мінулым годзе дзяўчына заваявала на абласным этапе Дыплом III ступені. Першая перамога заставіла з яшчэ большым энтузіязмам паглыбіцца ў вывучэнне прадмета. І сёлета, калі багаж ведаў школьніцы значна папоўніўся, яна была прызнана лепшай у вобласці.
Алімпіядныя заданні як абласнога, так і раённага этапаў складаліся з тэарэтычнай і практычнай частак. У першай з іх трэба было адказаць на 25 пытанняў і рашыць 5 задач творчага характару. Гэта вельмі няпроста, бо пытанні складаныя, а задачы патрабуюць не толькі добрых ведаў, але і лагічных разважанняў, кемлівасці, неардынарнага мыслення. На практычным заданні за пэўны прамежак часу прапаноўвалася вырабіць сэт-сурвэтку «Асенняя фантазія» і дэкарыраваць яе вышыўкай. На абласным этапе заданне было больш цяжкім – пашыць клубочніцу-рукзачок. Работа Ганны была прызнана адной з найлепшых.
Дыплом I ступені на абласным этапе – высокая ўзнагарода за старанне. Цяпер Ганна пад кіраўніцтвам Іны Леанідаўны рыхтуецца да фінальнага рэспубліканскага этапу алімпіяды. Пажадаем ёй поспеху!


