Гэтымі днямі аграном-аграхімік ААТ «Агра-Дубінское» Ніна Іванаўна МАЦКЕВІЧ святкуе 50-гадовы юбілей працы ў сельскай гаспадарцы! Яна – сапраўдная легенда нашага краю. Паўвека назад з’яднала свае душу і ўменні з жывароднай сілай палеткаў Валожыншчыны і з тае пары штогод прыкладала максімум намаганняў, каб зямля аддзячвала за клопат і любоў шчодрымі ўраджаямі. Сугваздаўскія прасторы пад яе ўмелым доглядам дзяліліся і багатым намалотам, і густымі травастоямі. Не толькі прырода аддавала належную павагу ўмеламу аграному: заслугі Ніны Іванаўны ў аграрнай галіне неаднаразова адзначаліся высокімі ўзнагародамі раённага, абласнога і нават рэспубліканскага ўзроўняў! Напрыклад, за вялікі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна і Мінскай вобласці Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь напрыканцы 2017 года наша гераіня была ўшанавана медалём «За працоўныя заслугі».
Ніна Іванаўна – жанчына дзелавая, хваткая.Усё жыццё займаецца справай, якая забірае практычна ўвесь без астатку час. Любімай, трэба заўважыць, справай. Пачалося ўсё з дзяцінства, якое прайшло ў сельскай мясцовасці суседняга Маладзечанскага раёна. У іх сям’і дзеці з малых гадоў ведалі, што такое праца на зямлі. Кагосьці гэта б «адштурхнула», а вось Н. І. Мацкевіч, наадварот, захапілася. Ёй падабалася і лён ірваць, і жыта жаць, і бульбу садзіць-капаць. Ды настолькі, што яшчэ ў пачатковых класах прыйшла да думкі: «Аграномія – гэта маё». У школе лёгка даваліся хімія, фізіка, біялогія, матэматыка. А гэта тыя навукі, ад якіх залежыць і якасць апрацоўкі зямлі, і эфектыўная вытворчасць сельскагаспадарчых культур, і спосабы павышэння ўраджайнасці… Атрыманыя веды дазволілі паступіць і паспяхова закончыць сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках.
За спінай у нашага агранома-аграхіміка багатае, насычанае працоўнае жыццё, безліч паспяховых пасяўных і ўборачных кампаній. І глыбокае паразуменне з аб’ектам свайго шанавання. Выдатнага ведання хімічных і тэхнічных працэсаў, якія неабходны для росту раслін і зерневых культур, па меркаванні прафесіянала, недастаткова. Трэба яшчэ да дробязей ведаць склад глебы, мноства іншых фактараў. А ў кабінеце іх не разгледзеш, патрэбна пастаянная мабільнасць! Таму Ніна Іванаўна шмат гадоў сама водзіць аўтамабіль, мае пасведчанне трактарыста-машыніста. Да таго ж самастойна асвоіла камп’ютар, каб быць у курсе апошніх неабходных у прафесіі напрацовак.
Ведаючы праблему маладых кадраў у сельскай гаспадарцы, заклікае: «Любіце тое месца, дзе нарадзіліся. Шануйце яго. Дайце зямліцы на малой радзіме дзесяць кропелек поту, і яна аддзячыць вас сотняй жменяў збожжа!» Мудрасць, пацверджаная стагоддзямі і пакаленнямі…


