Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Лукашэнка: Беларусь гатова супрацоўнічаць з ЕС, але з улікам нацыянальных інтарэсаў

29.03.2019

Беларусь гатова супрацоўнічаць з ЕС, але з улікам нацыянальных інтарэсаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на перагаворах з федэральным канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў аўстрыйскаму боку за ўклад у збліжэнне Беларусі з Еўрапейскім саюзам. "Нельга цэнтр Еўропы адхіляць ад цеснага супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза з нашай краінай. Мы гатовы на гэта супрацоўніцтва, але вы вельмі правільна сказалі: заўсёды трэба ўлічваць нацыянальныя інтарэсы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў Себасцьяну Курцу, што ўважліва прачытаў яго артыкул у газеце Die Welt і яму спадабаўся пункт гледжання канцлера на развіццё Еўропы. "Ён смелы, рашучы. Але ў той жа час гэта пункт гледжання на развіццё Еўропы, якое сёння магчыма. З такой Еўропай, якую вы бачыце сёння і заўтра, мы гатовы супрацоўнічаць па ўсіх напрамках", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падтрымлівае агучаныя ў газеце прапановы Себасцьяна Курца адносна больш самастойнай дзейнасці нацыянальных урадаў у Еўрапейскім саюзе. На думку канцлера, ЕС павінен займацца ў першую чаргу знешняй палітыкай, абаронай, а не ўнутранымі справамі асобных краін. "Гэта абсалютна правільна", - лічыць Прэзідэнт.

"Але самае галоўнае, у чым я згодны з вамі, - гэта прыняцце рашэнняў. Вы часта ў былыя часы крытыкавалі нас за вельмі сур'ёзную бюракратыю. Але тое, што робіцца ў Еўрапейскім саюзе цяпер, гэта быццам з нейкай камедыі. Рашэнні ў сучасным свеце трэба прымаць вельмі хутка, і рашэнні павінны быць смелымі, аб чым вы гаворыце ў гэтым артыкуле", - дадаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што катэгарычна супраць распаду Еўрапейскага саюза і яго аслаблення. " Я зыходжу з прагматычнага пункту гледжання. Еўрапейскі саюз - гэта сёння адна з асноўных апор стабільнасці на нашай планеце. І калі гэту апору выцягнуць з-пад агульнай сістэмы, сістэме будзе вельмі складана ўтрымацца на астатніх апорах - Злучаныя Штаты Амерыкі, Кітай, Індыя, Расія. Вельмі будзе складана, усё ж такі чвэрць сусветнай вытворчасці. Таму Еўрапейскі саюз трэба захоўваць. Зразумела, Еўропу, Еўрапейскі саюз трэба мадэрнізаваць, але ні ў якім разе не ў напрамку развалу", - перакананы Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў палітычнай сферы ў беларуска-аўстрыйскіх адносінах няма ніякіх праблем. "Нашы з кіраўніцтвам Аўстрыі погляды па міжнародным парадку дня ў асноўным падобныя, мы тут не маем супярэчнасцей - ні па пытаннях развіцця нашага еўрапейскага рэгіёна, ні свету ў цэлым", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Себасцьян Курц раней двойчы наведваў Беларусь у якасці кіраўніка МЗС Аўстрыі - у 2015 і 2017 гадах.

Тавараабарот Беларусі з Аўстрыяй у 2018 годзе склаў $171,4 млн. Асноўныя артыкулы беларускага экспарту - вырабы з некаштоўных металаў, прадукцыя лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці, нафтапрадукты. У структуры паставак у Беларусь пераважаюць інвестыцыйныя тавары (у асноўным машыны і абсталяванне), лякарствы, вакцыны. Экспарт паслуг у Аўстрыю (78 працэнтаў прыпадае на транспартную сферу) у 2018 годзе склаў $116,1 млн.

Аўстрыя стабільна ўваходзіць у лік буйнейшых інвестараў у эканоміку Беларусі. У 2018 годзе прыцягнута $296,7 млн інвестыцый. Вядзецца прапрацоўка новых інвестпраектаў з удзелам кампаній "Кронаспан", "А1 Тэлекам Аўстрыя Груп" і "Ленцынг" на агульную суму звыш $500 млн.

У Беларусі зарэгістраваны 83 прадпрыемствы з аўстрыйскім капіталам (48 сумесных прадпрыемстваў і 35 замежных), а таксама 20 прадстаўніцтваў аўстрыйскіх арганізацый. У Аўстрыі працуюць прадстаўніцтва ААТ "Авіякампанія "Белавія" і тры гандлёвыя кампаніі - "БЕЛМЕТ Хандэльсгезельшафт" і "РМЗ Фертрыбсгезельшафт" (абедзве з удзелам ААТ "БМЗ"), "СолТрэйд" (ААТ "Беларуськалій").

Дагаворна-прававая база паміж Беларуссю і Аўстрыяй налічвае 16 пагадненняў.

Крыніца: belta.by