Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Лукашэнка: поспехі і дасягненні людзей ствараюць гісторыю дзяржавы

27.06.2019

Поспехі і дасягненні людзей ствараюць гісторыю дзяржавы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 чэрвеня на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння мы з вамі сустракаемся напярэдадні нашага галоўнага дзяржаўнага свята - Дня Незалежнасці. Я з задавальненнем вітаю вас - таленавітых, працавітых, адданых сваёй справе прафесіяналаў. Людзей, чые поспехі і дасягненні ствараюць гісторыю дзяржавы, аб'ядноўваюць народ у пачуцці гонару за сваіх суайчыннікаў, фарміруюць імідж краіны - моцнай, паспяховай, стваральнай і абавязкова прыгожай", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў гэтыя дні адзначаецца 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. "Успамінаючы вялікі подзвіг народа-пераможцы, які падарыў нам будучыню, мы асабліва ўсведамляем адказнасць за тое, якой яна будзе ў нашых дзяцей і ўнукаў, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Кожны наш дзень павінен быць пражыты дзеля важнай мэты - абараніць мір, за які аддавалі жыцці ў гады Вялікай Айчыннай, і захаваць працоўныя традыцыі пасляваеннага пакалення. Гэтыя традыцыі прадаўжаюцца ў нашых поспехах і дасягненнях".

Прэзідэнт падкрэсліў, што на сённяшнім мерапрыемстве прысутнічаюць прадстаўнікі розных прафесій, але ўсіх іх аб'ядноўвае шчырае імкненне працаваць у імя роднай Беларусі. Ён падзякаваў супрацоўнікам праваахоўных органаў, сілавых ведамстваў, воінам-інтэрнацыяналістам за вернасць абавязку і адданасць Айчыне, праяўленыя ў службе смеласць і мужнасць. "Ваш патрыятызм - лепшы прыклад для падрастаючага пакалення", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.

"Мы таксама ўшаноўваем работнікаў аграрнай галіны за дасягненні ў мінулым годзе. Няхай і гэты, няпросты з пункту гледжання ўмоў надвор'я, год будзе выніковым і ўмацуе нашу харчовую бяспеку. Дзякуй вам за вашу напружаную і важную для краіны працу", - сказаў Прэзідэнт.

Сярод узнагароджаных - супрацоўнікі кампаній "Белавія", "Беларуськалій", "МАПІД", "Марко" - прадпрыемстваў, якія з'яўляюцца сапраўднымі брэндамі, вядомымі далёка за межамі Беларусі, а таксама работнікі аховы здароўя, навукі і адукацыі.

Высокіх узнагарод удастоены дзеячы культуры і мастацтва. "Сваёй творчасцю вы робіце наша жыццё ярчэйшым і духоўна багацейшым", - лічыць Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, гэта было прадэманстравана пры адкрыцці II Еўрапейскіх гульняў.

"Тут прысутнічаюць спартсмены і трэнеры - самыя папулярныя сёння ў краіне людзі. II Еўрапейскія гульні дораць нам нямала яркіх перамог. Мы ганарымся поспехамі нашых суайчыннікаў, ну і, вядома ж, кожны дзень чакаем новых перамог", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

На думку Прэзідэнта, дасягненні кожнага, працавітасць і дысцыпліна - галоўныя ўмовы эканамічнага дабрабыту краіны, яе незалежнасці. Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды і падзякаваў усім за адданасць справе, адказнасць і высокія вынікі ў прафесійнай дзейнасці.

Для ўзнагароджаных сёння таксама была арганізавана экскурсія па Палацы Незалежнасці.

Крыніца: belta.by