Атрымаць або абмяняць пашпарт пражываючыя за мяжой цяпер змогуць толькі ў Беларусі. Гэта вынікае з новага ўказа Прэзідэнта «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў». Больш падрабязна аб будучых зменах распавялі ў МЗС Беларусі.
Дарэчы, дакумент уступіць у сілу з 7 верасня. З гэтага моманту замежныя ўстановы Беларусі будуць працаваць па-іншаму.
Так, пытанні грамадзянства, консульскага ўліку, рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, афармлення пастаяннага пражывання за межамі краіны застануцца ў кампетэнцыі пасольстваў і консульстваў.
Дыпмісіі будуць і надалей выдаваць пасведчанні на вяртанне ў Беларусь, сведчыць завяшчанні, згоды, адмовы, сведчыць вернасць копій і сапраўднасць подпісу на дакументах.
Але беларускія замежныя ўстановы больш не будуць займацца выдачай, абменам і працягам пашпартоў і ідэнтыфікацыйных карт. Гэта беларусы за мяжой змогуць зрабіць толькі на радзіме. Тым, хто аформіў пастаяннае пражыванне за межамі краіны і знаходзіцца на пастаянным уліку ў загранустановах, трэба звяртацца ў галоўнае консульскае ўпраўленне МЗС або ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі УУС па месцы апошняй рэгістрацыі або апошняга жыхарства бацькоў - для тых, хто ніколі не жыў у Беларусі.
Зарэгістраваныя ў краіне змогуць прайсці працэдуру па звычайнай для ўсіх беларусаў схеме ў падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі УУС па месцы рэгістрацыі на радзіме.
Апастыль таксама будуць прастаўляць у адным з кампетэнтных органаў у Беларусі (МЗС, Мінадукацыі, Мінюст і галоўныя ўпраўленні юстыцыі Мінгарвыканкама і аблвыканкамаў — залежыць ад тыпу дакумента). Звяртацца трэба толькі асабіста альбо па даверанасці, аформленай у Беларусі.
Асабіста падаваць дакументы ў зацікаўлены орган трэба і за іншымі адміністрацыйнымі працэдурамі. Напрыклад, для атрымання даведак ЗАГС, паўторных пасведчанняў аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану (акрамя смерці) і інш.
Адзначаецца таксама, што звароты, якія паступілі да ўступлення ў сілу Указа, разглядаюцца як і было раней..


