222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2
Тэлефон прыёмнай: Рэжым работы:з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях
e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72
«Добрая справа ніколі не застаецца незаўважанай – і гэта не толькі словы, але і прамыя канкрэтныя дзеянні», – так лічыць наш чытач і герой нядаўняга матэрыялу «Перабудова пачынаецца з сябе», жыхар аграгарадка Ракаў Аляксандр Скрыпкін. У ім мы расказвалі аб жыхарах вёскі Кучкуны, якія самастойна вырашылі навесці парадак у наваколлі, дзе жывуць. Артыкул знайшоў падтрымку ў мясцовага насельніцтва, у тым ліку і сярод ракаўчан. Так, натхнёны патрэбным вопытам правядзення грамадска-карысных мерапрыемстваў, да яго звярнуўся жыхар Ракава Ілля Грыневіч з прапановай арганізаваць збор і вываз смецця ў лесапаркавым масіве паблізу новабудоўляў каля Ракаўскай участковай бальніцы.
Пра працоўны дэсант, які добрай справай вырашыў сустрэць 103-ю гадавіну Вялікага Кастрычніка, Аляксандр Скрыпкін расказаў больш падрабязна:
„ Як толькі ўзнікла ідэя, адразу ж вакол яе самаарганізаваліся і аднадумцы з ліку жыхароў аграгарадка. З ініцыятывай правесці суботнік актывісты папярэдне звярнуліся да старшыні Ракаўскага сельвыканкама Аляксандра Антонавіча Мякінкі, які падтрымаў пачынанне. Сумесна скаардынавалі месца, дату, час правядзення, магчымую дапамогу тэхнікай ад жыллёва-камунальнай гаспадаркі і іншыя пытанні.
Штаб актыву з усёй адказнасцю падышоў да мерапрыемства: быў падрыхтаваны асабісты транспарт для дастаўкі грамадзян, аўтапрычэп для вывазу смецця, за ўласны кошт актывісты набылі сродкі індывідуальнай абароны – пальчаткі, дыхальныя маскі, мяшкі для смецця, сігнальныя камізэлькі для валанцёраў, сродкі сувязі для каардынацыі дзеянняў рабочых мабільных груп.
У вызначаны дзень – 7 лістапада ў 11 гадзін – работа закіпела.
Аўтар ідэі прыехаў на месца з жонкай і сынам. Ілля Грыневіч – будаўнік, як сцвярджаюць знаёмыя, мае залатыя рукі. З сям’ёй пераехаў у Ракаў шэсць гадоў таму са сталіцы, дзе сам пабудаваў прыгожы і ўтульны дом. Галоўнай матывацыяй стала перспектыўнасць аграгарадка, транспартная даступнасць і адсутнасць гарадской мітусні. Жонка Вольга ва ўсім актыўна падтрымлівае мужа, працуе фітнес-інструктарам у сталічным аздараўленчым цэнтры. Перасяленнем яна вельмі задаволена. Шасцігадовы Максім стаў самым юным удзельнікам суботніка і, нягледзячы на ўзрост, самым актыўным і працавітым. Хатні гадаванец – сабака Кнопка – таксама «не застаўся ўбаку» ад важнай справы: у хмызняку і пад імхом знаходзіў залежы смецця і весяліў усіх забаўнымі скачкамі.
На заклік адгукнуўся і ўдзельнік суботніка ў Кучкунах Канстанцін Рылкевіч, жыхар вёскі Паморшчына, якая па факце забудовы Ракава стала ўнутраным мікрараёнам аграгарадка. Ён працуе ў Ракаўскай участковай бальніцы рабочым, тут яго ведаюць як спакойнага і разважлівага работніка, ініцыятыўнага чалавека, гатовага да нестандартных тэхнічных рашэнняў. Да яго пастаянна звяртаюцца як да сталяра, сантэхніка, будаўніка мясцовыя насельнікі – кожнаму рады дапамагчы. Важнай часткай жыцця Канстанціна з’яўляецца 4-гадовая пляменніца Таццяна, якую ён песціць. На мінулым акце чысціні ў Курдунах ён падабраў збітага машынай вожыка: дзяўчынка карміла хворага малаком, а калі той паправіўся, разам выпусцілі яго ў лес.
Яшчэ адзін нераўнадушны чалавек – мясцовы жыхар Аляксандр Бондар, які не толькі прыбыў з уласным інвентаром, але і сам вызначыў для сябе фронт работ, аб чым прадумаў зараней. У прыватнасці, у цэнтры скрыжавання ўтварыўся наплыў пяску, што забіў вадасцёк: у выніку з’явілася лужа – яна стала перашкодай не толькі для аўтаўладальнікаў, але і для веласіпедыстаў. Аляксандр спрытна справіўся з заторам – вось так і нараджаецца ініцыятыва на месцах.
Убачыўшы працуючых валанцёраў, да іх вырашылі далучыцца Уладзімір Сяргеевіч і Раіса Уладзіміраўна Бондары. Муж і жонка – паважаныя ў наваколлі людзі, педагогі з вялікай літары, усё жыццё прысвяцілі настаўніцтву, выгадавалі годных дзяцей.
Далучыліся да актывістаў і нераўнадушныя мясцовыя насельнікі. Нягледзячы на непагадзь і вецер, усе працавалі дружна – з энтузіязмам і гумарам, адчуваліся згуртаванасць, узаемаразуменне, мэтанакіраванасць.
На жаль, маляўнічую прыгажосць лесапаркавай зоны некаторыя несвядомыя грамадзяне выкарыстоўваюць для распіцця спіртных напіткаў, аб чым сведчаць больш за 7 мяшкоў сабраных пустых бутэлек. Мяне здзіўляе наступны факт: пры наяўнасці спецыяльна абсталяванай пляцоўкі для смецця і дастатковай колькасці кантэйнераў многія ўпарта абыходзяць іх бокам, складваючы адходы за 50 метраў ад вызначанага месца ці ў лесе, дзе валанцёры знайшлі зламаны кінуты веласіпед і аўташыны. Шматлікія сляды ад вогнішчаў таксама гавораць пра цынічныя, абыякавыя адносіны да прыроды.»
Трэба адзначыць, што сам Аляксандр Скрыпкін прыбыў на месца на аўтамабілі з прычэпам: дапамагаў у пагрузцы і траспарціроўцы смецця, каардынаваў дзеянні валанцёраў, кантраляваў пытанні аховы працы і бяспекі. Аляксандр – прафесійны юрыст з больш чым 20-гадовым стажам работы, цяпер працуе кіраўніком грамадскай арганізацыі – старшынёй таварыства абароны правоў спажыўцоў, якое ў Мінску і Мінскай вобласці аказвае прававую дапамогу грамадзянам, і займаецца экспертызай якасці тавараў і паслуг. Ён марыць адкрыць валанцёрскі цэнтр, куды б аб’ядналіся аднадумцы, і каардынаваць грамадска-карысныя ініцыятывы ў нашым рэгіёне.
А. Скрыпкін патлумачыў, што папярэдне пагутарыў з многімі сваімі знаёмымі і запрашаў прыняць удзел у суботніку, але большасць знаходзілі адгаворкі і важкія прычыны для адмовы. Па яго меркаванні, людзі памыляюцца, не ўспрымаючы сілу такіх ініцыятыў сур’ёзна, бо ніхто, акрамя нас саміх, не зменіць наша жыццё да лепшага. Мы – усе і кожны паасобку – павінны прыкласці хоць крышачку намаганняў да вялікай і такой патрэбнай справы. У прыватнасці, у бліжэйшы час актывісты плануюць навесці парадак у вёсцы Новае Поле Мінскага раёна, што ў трох кіламетрах ад Ракава.
Далучайцеся!
Алена ЗАЛЕСКАЯ
У разгар другой хвалі каранавіруснай інфекцыі я наведалася ў бадай самае папулярнае месца ў Валожыне – рынак, каб даведацца, наколькі жыхары раёна ўсведамляюць небяспеку заражэння. Як высветлілася, разумеюць і даволі нядрэнна. Але, на жаль, не ўсе.
Яшчэ зусім нядаўна гандлёвыя рады два разы на тыдзень ператвараліся ў сапраўднае масавае мерапрыемства. Сюды накіроўваліся не толькі патэнцыяльныя пакупнікі, але і тыя, хто засумаваў у сценах сваёй кватэры і жадае проста «патусавацца» сярод знаёмых. Зараз жа карціна змянілася. На рынку, мякка кажучы, нешматлюдна. У радах, дзе звычайна размяшчаюцца палаткі з прамысловымі таварамі, амаль пуста. Рэдкія пакупнікі не падыходзяць да прадаўцоў блізка, відавочна таму тыя і паздымалі маскі – абараняцца няма ад каго. Пляцоўка з сэканд-хэндам увогуле нагадвае сцэну з постапакаліптычнага фільма – ніводнага чалавека. Людзям не да ануч.
Большасць наведвальнікаў прыйшлі за харчовымі таварамі. Усе прадаўцы ў гэтых палатках (акрамя хлопцаў з каўказскай знешнасцю) у масках. А вось некаторыя пакупнікі вядуць сябе бяспечна. Да многіх падступаюся з пытаннем: «Чаму не засцерагаецеся?» Адны адказваюць, што ўпэўнены ў сваім здароўі, іншыя, зніякавеўшы, адварочваюцца. Ага! Значыць, адчуваюць сябе няўпэўнена, і гэта ўжо радуе. Хто ў масках, з усведамленнем маральнай перавагі над тымі, да каго яшчэ «не дайшло», твараў не хаваюць.
Пажылы мужчына набывае агародніну. Прадавец Віктар (у масцы і ў пальчатках) абслугоўвае пакупніка. Я ж задаю абаім пытанні. Віктар добра разумее небяспеку. Ён з Іўя, там шмат захварэўшых. Пакупнік жа спрабуе жартаваць. Я жарты не падтрымліваю. Мужчына выдае выраз: «З гэтым вірусам усе розум страцілі, гульню сабе прыдумалі…»
Ля палаткі Юрыя чарга з трох чалавек. Мужчына (маска, пальчаткі на ім) старанна абслугоўвае пакупнікоў. Тыя таксама ў масках і трымаюць дыстанцыю, на дзяўчыну без ахоўных сродкаў, што падышла вельмі блізка да прылаўка, пазіраюць коса. Яна, апусціўшы вочы, адыходзіцца на небяспечную адлегласць.
Муж і жонка Васіль і Наталля гандлююць фруктамі. Я, дарэчы, даўно заўважыла, як віртуозна яны працуюць. Ля іх палаткі заўсёды чэргі. Толькі не ў гэты раз. Вопытныя прадпрымальнікі скардзяцца: выручка ўпала крытычна, але абое згодныя, што грамадзяне робяць правільна, калі стараюцца ў разгар эпідэміі на рынак не наведвацца, усё ж тут кантраляваць сітуацыю больш складана, чым у вялікіх магазінах.
Маладая жанчына з двума маленькімі дзецьмі відавочна зазірнула на рынак падчас прагулкі. Ахоўных сродкаў – ніякіх. «Я не захварэю!» – упэўнена адказвае мне на пытанне пра страх заражэння. «Чаму так думаеце?» – працягваю дапытвацца. «Я – маладая!» – аргументуе часовая суразмоўца. Ага, яна дзесьці краем вуха чула, што моладзь быццам бы хварэе лягчэй (не менш!). Дарэчы, інфармацыя спрэчная, сярод пацыентаў часовага інфекцыйнага шпіталю людзі розных узростаў.
Баляслава Эдвардавіча Гарачага ведаю даўно. Былога супрацоўніка ліцэя і дэпутата, а зараз пчаляра-аматара ў Валожыне заслужана паважаюць. Прадукт, які прапануе людзям, – мёд – заўсёды карыстаецца попытам. Пастаянныя кліенты не могуць нахваліцца. Баляслаў Эдвардавіч у неабходнай экіпіроўцы. Ён упэўнены, што ахоўныя сродкі, максімальнае дыстанцыраванне ў спалучэнні са здаровым ладам жыцця абавязкова дапамогуць чалавецтву перажыць з мінімальнымі стратамі вірусную атаку. Вось яго словы: «Абыякавасць і лянота – дурасць неверагодная. Тыя, хто паводзіць сябе бяспечна, – злачынцы, так і напішыце. Я ўпэўнены, да іх неабходна прымаць нейкія меры. У народзе здаўна кажуць: беражонага і Бог аберагае. Так што пустая рызыка – нават грэх…»
І яшчэ адзін дыялог, які ўразіў да глыбіні душы. Жанчына, прыкладна мая аднагодка, заявіла: «Ну як карыстацца тымі маскамі? Іх жа трэба праз дзве гадзіны мяняць! Хіба нармальны чалавек будзе гэтым займацца?» Тут я на хвіліну «завісаю», але, апрытомеўшы, пытаюся: «А чаму не?» Яна – у адказ: «Іх жа мыць трэба!» Працягваць гутарку з кабетай, што так віртуозна ўмее аргументаваць, у мяне не было сіл, і я з ёй развіталася. А вам, дарагія чытачы, калі таксама лічыце мыццё масак неверагодна затратнай і цяжкай справай, раскажу, як гэта раблю я. Складваю скарыстаныя маскі ў пакет, затым дома апускаю ў дэзраствор (набыла ў аптэцы), затым намыльваю гаспадарчым мылам, а праз нейкі час прамываю ў чыстай вадзе. На ўсё затрачваю хвілін дзесяць…
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,фота аўтара
Фота №1, фота-прадавец Віктар, фота-Наталля, фота Б.Э.Гарачы
Першы сюжэт прысвечаны ганчарам Івянца і івянецкай фляндроўцы. Аповед пра яе вёў Алег Канстанцінавіч Капуста. У майстэрні ганчарства Івянецкага музея майстар вытачыў некалькі вырабаў, паказаў і расказаў як выглядае івянецкая фляндроўка, адказаў на шматлікія пытанні вядучай.
Другі сюжэт здымалі ў “Музеі местачковага побыту”. Была запрошана жыхарка Івянца Бабаян Наталля Мечыславаўна з фотаздымкамі 1925-1926 гг, зробленых у маёнтку Вялае сынам Бенедыкта Тышкевіча Янам.
Здымачная група шмат працавала ў Івянцы, здымалі архітэктурныя помнікі, краявіды. Таксама наведалі дом на завулку Куйбышава, дзе знаходзіцца ўнікальны камін, зроблены са старажытнай Івянецкай кафлі.
Паглядзець перадачу можна 28 лістапада 2020 года.
Першы сюжэт прысвечаны ганчарам Івянца і івянецкай фляндроўцы. Аповед пра яе вёў Алег Канстанцінавіч Капуста. У майстэрні ганчарства Івянецкага музея майстар вытачыў некалькі вырабаў, паказаў і расказаў як выглядае івянецкая фляндроўка, адказаў на шматлікія пытанні вядучай.
Другі сюжэт здымалі ў “Музеі местачковага побыту”. Была запрошана жыхарка Івянца Бабаян Наталля Мечыславаўна з фотаздымкамі 1925-1926 гг, зробленых у маёнтку Вялае сынам Бенедыкта Тышкевіча Янам.
Здымачная група шмат працавала ў Івянцы, здымалі архітэктурныя помнікі, краявіды. Таксама наведалі дом на завулку Куйбышава, дзе знаходзіцца ўнікальны камін, зроблены са старажытнай Івянецкай кафлі.
Паглядзець перадачу можна 28 лістапада 2020 года.
23 лістапада 2020 года з 10.00 да 12.00 прамую тэлефонную лінію з выбаршчыкамі Маладзечанскай сельскай выбарчай акругі № 73 будзе праводзіць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання Алег Аляксеевіч Семянчук.
Узорны дзявочы Клуб «Грацыя», створаны на базе Валожынскага РЦК у 1996 годзе. У 2005 годзе атрымаў званне "ўзорны". Клуб наведваюць 11 удзельніка – ад 10 да 18 гадоў.
Дзейнасць Клуба дае магчымасць яго выхаванкам дэманстраваць сваё майстэрства на раённых і абласных конкурсах прыгажосці, удзельнічаць у дэманстрацыях адзення на кірмашах-продажах, у арганізацыі вечароў мод, якія праводзяцца ў раённым Цэнтры культуры і за яго межамі, канцэртах мастацкай самадзейнасці, маладзёжных дыскатэках, шоу-праграмах для падлеткаў, танцавальных вечарах.
Галоўнай мэтай дзейнасці аматарскага аб’яднання з’яўляецца: фарміраванне эстэтычнага густу і выхаванне высокіх маральных якасцей у падлеткаў; развіццё іх творчых здольнасцей; далучэнне да актыўнага творчага жыцця; арганізацыя цікавага і змястоўнага адпачынку. Адныя дзяўчаты, наведваючы клуб, пазбаўляюцца ад комплексаў, другія - выпраўляюць постаць, трэціх - вабіць сцэна і прыгожыя ўборы. Для ўдзельніц Клуба арганізоўваюцца сустрэчы з прафесіянальнымі цырульнікамі, дызайнерамі, псіхолагамі.
Калекцыі ствараюцца як са штучных, так і з натуральных тканін (джынсавай, ільняной), і з розных падручных матэрыялаў. Мадэлі адзення маюць розную стылістычную афарбоўку ( рэтра, этна і сучасны стыль).
Дэвізам Клуба з'яўляюцца словы: «Грацыя. Прыгажосць. Ідэал».
На працягу года ў Мінску і ў вёсцы Багданава праходзілі святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 150-годдзя з дня нараджэння нашага знакамітага земляка – мастака Фердынанда Рушчыца.
Адным з цэнтральных элементаў святкавання юбілею стала афіцыйная цырымонія гашэння паштовай маркі, падрыхтаванай Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь і рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам паштовай сувязі «Белпошта» ў рамках тэматыкі Рэгіянальнай садружнасці ў галіне сувязі – «дзеячы мастацтваў».
Цырымонію адкрыў Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Макей. У выступленні ён адзначыў, што ўключэнне 150-годдзя з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА з’яўляецца пераканаўчым сведчаннем сусветнага прызнання яго творчасці. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што для Беларусі вельмі важна, што ў нашай сумеснай гісторыі з іншымі краінамі ёсць такія адметныя асобы, культурная спадчына якіх выступае як мова міжнацыянальных зносін, спрыяе развіццю сяброўскіх адносін.
Першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Павел Ткач прывітаў гасцей і адзначыў, што прэзентацыя паштовага праекта праходзіла ўпершыню ва ўтульным «Паштовым салоне» ў будынку Галоўпаштамта, які адкрыўся літаральна за месяц да гэтай падзеі – у пачатку кастрычніка.
Па словах намесніка міністра, выданне паштовых марак – гэта ўнікальная магчымасць папулярызацыі культурнай спадчыны Беларусі. З 1992 года і па цяперашні час выпушчана ў абарачэнне 1400 паштовых марак і многія з іх прысвечаны нацыянальнай культуры, архітэктуры, літаратуры, мастацтву.
«Фердынанд Рушчыц шмат падарожнічаў па Беларусі, а паштовая марка, падарожнічаючы па ўсім свеце, будзе дэманстраваць унікальны стыль і творчасць Майстра!» – адзначыў Павел Ткач.
Беларуская пошта падрыхтавала да гэтай падзеі экспазіцыю, якая прадэманстравала паштовыя выпускі на тэмы, уключаныя ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА.
Нагадаем: рашэнне аб уключэнні ў гэты Каляндар на 2020 год 150-годдзя з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца было прынята на 40-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА.
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь у лістападзе выпусціла ў абарачэнне паштовую марку «Фердынанд Рушчыц» з эмблемай Рэгіянальнай садружнасці ў галіне сувязі (РСС).
Дызайн распрацаваны Аленай Мядзведзь. Друк афсетны, поўнакаляровы. Папера мелаваная, гуміраваная. Зуб. грэб. 13:131/2. Памер маркі 52х29,6 мм. У лісце сем марак і адзін купон. Памер ліста 180х109 мм. Тыраж маркі – 35 тысяч, друкавалася ў РУП «Бабруйская ўзбуйненая друкарня імя А. Т. Непагодзіна».
Намінал маркі «M» адпавядае тарыфу на перасылку міжнароднай простай паштовай карткі прыярытэтнай.
Праект падрыхтаваны па матэрыялах з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Літвы і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял да друку падрыхтаваў Сяргей САДОЎСКІ
Фота з інтэрнэт-крыніц

Ганаровымі гасцямі ўрачыстасці сталі міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей (у цэнтры), першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Павел Ткач, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада.

У дзень выпуску паштовай маркі ў абарачэнне на паштамце Мінска было праведзена спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».


Фердынанд Эдуардавіч Рушчыц (10.12.1870-30.10.1936) – мастак-пейзажыст, графік, тэатральны дэкаратар і педагог. Творчасць звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Польшчы і Літвы. Валодаў выключным дарам каларыста: сучасныя мастацтвазнаўцы завуць мастака «майстрам чатырох стыхій».
Акрамя поспеху ў станковым жывапісе, Рушчыц набыў сабе славу цудоўнага афарміцеля спектакляў, кніжнага графіка, ілюстратара часопісаў; ён рабіў эскізы медалёў, штандараў, тэатральных касцюмаў, афіш; з’яўляўся старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасці, шмат ездзіў па Беларусі, рабіў замалёўкі старадаўніх замкаў і іх руін.
Працягваецца і збор прапаноў ад насельніцтва па развіцці розных сфер жыцця нашай краіны і цэнтральнага рэгіёну ў прыватнасці.
Рознічны тавараабарот у студзені-кастрычніку 2020 года склаў Br43,5 млрд, або 102,3 працэнта ў супастаўных цэнах да паказчыка аналагічнага перыяду 2019 года, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце.
Аптовы тавараабарот склаўся на ўзроўні Br79,3 млрд, або ў супастаўных цэнах 93,2 працэнта да паказчыка студзеня - кастрычніка мінулага года.
Аднадзённы рознічны тавараабарот у разліку на душу насельніцтва з пачатку года склаў Br15,1 супраць Br14,2 за аналагічны перыяд 2019-га.
Рознічны тавараабарот арганізацый гандлю, на які прыпадала 91,7 працэнта рознічнага тавараабароту краіны, у студзені - кастрычніку склаў Br39,8 млрд, або 103,9 працэнта ў супастаўных цэнах да адпаведнага перыяду папярэдняга года.
Тавараабарот грамадскага харчавання ў студзені - кастрычніку склаў Br2 млрд, або 81,3 працэнта ў супастаўных цэнах да ўзроўню аналагічнага перыяду 2019 года.