Адрас:

222357, г. Валожын, пл. Свабоды, 2

Тэлефон прыёмнай:

+375 (1772) 5-55-72

Рэжым работы:

з 8.30 да 13.00 і з 14.00 да 17.30 па буднях

гарачая лінія: +375 (1772) 5-55-72

Так казаў вялікі Канфуцый. І з ім цалкам згодна прыватны прадпрымальнік, гаспадыня швейнай майстэрні “Шывок” Наталля Сяргееўна ЗЯЛКОЎСКАЯ.

Па спецыяльнасці яна швачка-закройшчыца – Віцебскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча лёгкай прамысловасці скончыла з чырвоным дыпломам. Падавала вялікія надзеі: прапаноўвалі застацца ў гэтым горадзе, працаўладкаваць. Але маладой дзяўчыне заўсёды хацелася дадому – бліжэй да сваёй роднай вёсачкі Рум. Надоўга планы не будавала, думала, крыху папрацуе, а далей бачна будзе. Атрымалася ж так, як прадказвалі выкладчыкі: “Вось выйдзеш замуж, і талент твой прападзе”.

Пачатак прафесійнага стаўлення прыпаў якраз на ліхія 90-я. Індывідуальна мала хто жадаў пашыць адзенне. Наталля ўладкавалася ў Дом быту, а там, як кажуць, страчылі на “масоўку”. Заробкі невялікія, грошай маладой сям’і не хапала нават на самае неабходнае, таму трэба было неяк выжываць. І яна змяніла сферу дзейнасці – пайшла ў прадаўцы. Паступова стала на ногі, душой жа разумела: гандаль – не яе справа. Хацелася зноў вярнуцца да вытокаў, да таго, з чаго пачынала, аднак не ведала, як гэта зрабіць. Палохала і тое, што часу прайшло нямала, рукі адвыклі ад шыцця. Знаёмыя і радня пастаянна гаварылі, што ў яе прыроджаны талент і важна яго не загубіць.

Аднойчы ёй падказалі: можна скарыстацца дзяржаўнай падтрымкай і атрымаць субсідыю на адкрыццё ўласнай справы. Дзеля гэтага трэба звярнуцца ў аддзел занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. У ведамстве пацвердзілі, што накіроўваюць беспрацоўных грамадзян на навучанне для арганізацыі самастойнай дзейнасці. Так Наталля Сяргееўна паехала вучыцца на прыватнага прадпрымальніка.

Заняткі на курсах ёй вельмі дапамаглі: граматныя спецыялісты навучалі проста і даступна, падрабязна расказвалі, з чаго пачынаць, як правільна арганізоўваць сваю справу. У выніку бізнес-план яна напісала сама – ад вокладкі да вокладкі – і атрымала 2550 рублёў бязвыплатнай грашовай дапамогі. За выдаткаваныя сродкі набыла спецыяльнае абсталяванне: прафесіянальныя швейную машыну, авярлок, парагенератар, фурнітуру. Для пачынаючага ўласніка гэта досыць значная падмога.

17 студзеня бягучага года Н. С. Зялкоўская пачала сваю дзейнасць як уласны прадпрымальнік. Спачатку арандавала невялікі пакой у будынку колішняга ўнівермага ў райцэнтры, але дарагі кошт аплаты, нязручны графік, ды і эпідэміялагічная сітуацыя патрабалі новых умоў. Зараз яе майстэрня месціцца на 1-м паверсе гарадской пошты. Тут светла, прасторна, цёпла і ўтульна. І ад кліентаў, без перабольшвання, няма адбою.

Успамінае, як жа ёй было страшна ў першы дзень работы: перажывала, сумнявалася, ці прыйдуць людзі, як ацэняць зробленае – гэта ж такая вялікая адказнасць! Але майстра ў літаральным сэнсе “загрузілі” заказамі. Далей пачала працаваць самая лепшая рэклама – сарафаннае радыё. Акуратнасць, дасканаласць, дакладнасць, сціслыя тэрміны выканання, даступнасць кошту паслуг – менавіта гэтыя якасці характэрны для прыватнага прадпрымальніка Зялкоўскай. Яна настолькі растварылася ў любімай рабоце, што не адчувае часу і не стамляецца, хапае сіл і на хатнія клопаты. Наколькі гэта не высакамоўна гучыць – на работу ідзе, як на свята, задаволена, што можа быць сама сабой. Нават паспела заняцца дабрачыннасцю – шыла ахоўныя касцюмы для медыкаў.

За няпоўны год прадпрымальніцтва пачалі з’яўляцца новыя, больш маштабныя і, можна сказаць, амбіцыйныя планы – шыццё мадэльнага адзення. Яна ж у дзяцінстве марыла стаць менавіта мадэльерам-дызайнерам, а ў школе, запрыкмеціўшы добрыя мастацкія схільнасці дзяўчынкі, раілі паступаць на архітэктурны. Як бачна, ёсць і задаткі, і жаданне. Будзем спадзявацца, што мары ажыццявяцца, а шывок ператворыцца ва ўпэўнены радок.

Алена ЗАЛЕСКАЯ, фота аўтара

Аўторак, 24 Лістапад 2020 12:33

Заўсёды на пазітыве

Гэтага жыццярадаснага мужчыну з яскравай усмешкай у Валожыне і раёне добра ведаюць. Усё сваё жыццё Васілій Уладзіміравіч МАРЗАК прысвяціў працы з дзецьмі, а творчая душа знайшла сябе ў тэатральнай дзейнасці.

Нарадзіўся наш герой у вёсцы Дворышча, восем класаў закончыў у Чабайскай школе, сярэднюю адукацыю атрымаў у Палачанаўскай школе Маладзечанскага раёна. Пытання, куды паступаць, не стаяла, юнак даўно вызначыўся, што стане настаўнікам фізкультуры, і падаў дакументы ў Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры. Так склалася, Васіль быў самы малы ў вёсцы сярод хлопцаў. Ён імкнуўся не адстаць ад старэйшых, разам з імі гуляў у валейбол, футбол, спаборнічаў у скачках у даўжыню, безе. Ніколі ні на што не скардзіўся і стараўся заўсёды прадэманстраваць добры вынік. А таму меў выдатныя фізічныя здольнасці.

Затым была служба ў Савецкай Арміі, якая праходзіла ў войсках ПВА ў Маскве. Малодшы сяржант праводзіў вольны час з карысцю: наведваў стадыёны, музеі, тэатры. Так закладаліся першыя прыступкі станаўлення творчай асобы. Добрым словам Васіль падчас службы ўспамінаў свайго дзядулю Уладзіміра, які навучыў яго запраўляць у боты анучы. Дзякуючы гэтаму, у салдата не было праблем з нагамі, у адрозненне ад саслужыўцаў, што скардзіліся на мазалі. А яшчэ дзед быў выдатным расказчыкам і шмат чаго паведаміў унуку з гісторыі роднай вёскі, асабліва пра ваенны час.

Незабыўныя ўражанні пакінула праца ў студэнцкім атрадзе «Альтаір» у 1982 годзе. Малады чалавек разам з іншымі накіраваліся ў Малдову на збор памідораў. З гэтай нагоды ў літаратурна-мастацкім і грамадска-палітычным часопісе «Маладая гвардыя» нават з’явіўся артыкул з фотаздымкам нашага героя.

ершым працоўным месцам Васілія Уладзіміравіча стала Даўбенеўская базавая школа. А ў 1984 годзе малады чалавек вырашыў набыць вышэйшую адукацыю ў педінстытуце імя Максіма Горкага на аддзяленні «Геаграфія» факультэта «Прыродазнаўства». У 1986 годзе за перамогу ў конкурсе маладых спецыялістаў ён быў узнагароджаны паездкай у Югаславію.

Пасля таго, як перайшоў у Чэхаўшчынскую дапаможную школу-інтэрнат, дзе працаваў выхавальнікам і выкладаў фізкультуру, рытміку, ЛФК, а пазней і геаграфію з гісторыяй, набыў спецыяльнасць настаўніка-дэфектолага. Вучоба давалася лёгка, мужчыну хацелася больш дасканала авалодаць прафесіяй, з якой ён звязаў жыццё. Самаадданая праца не засталася незаўважанай. Сярод узнагарод – граматы раённага і абласнога аддзелаў адукацыі, Міністэрства адукацыі, а самая каштоўная – нагрудны знак «Выдатнік адукацыі».

У гэты час Васілій Марзак пачаў браць удзел у пастаноўках Пяршайскага народнага тэатра, якім кіраваў Мікалай Мікалаевіч Ганчарык. Найбольш запомніліся такія, як «Узлёт» і «Пінская шляхта» па творах Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. А роля князя Валажынскага прынесла сапраўдную асалоду. На раённым конкурсе байкі, дзе мужчына чытаў твор Кандрата Крапівы «Балет», яго адабралі для ўдзелу ў рэгіянальным этапе, а затым прапанавалі прайсці адборачны конкурс у народны гурт народнага гумару «Дубінскія фанабэры». Да гэтага калектыву за гады сумеснай дзейнасці Васілій Уладзіміравіч прыкіпеў душой, не ўяўляе свайго жыцца без вясёлых жартаў і гумару. І можна з упэўненасцю сказаць, што на сённяшні дзень і «Дубінскія фанабэры» без яго не былі б ужо тым любімым усімі валожынцамі гуртам. З выступленнямі яны аб’ехалі палову Беларусі, толькі ў Калінкавіцкі раён на рэспубліканскі фестываль народнага гумару «Аўцюкі» чатыры разы наведаліся. Наогул жа, наш герой вельмі любіць падарожнічаць. Пабываў у Расіі, Прыбалтыцы, Украіне, Малдове, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Аўстрыі і інш. Давялося адпачываць на шасці розных марах.

2018 годзе пасля закрыцця Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната Васілій Уладзіміравіч уладкаваўся на працу ў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна. За кожную справу наш герой бярэцца з адказнасцю, укладае ў яе душу. Ён з тых людзей, хто любую работу выконвае з задавальненнем, стараецца знайсці ў ёй самае пазітыўнае, самарэалізавацца. Так і тут метадыст па турысцка-краязнаўчай рабоце знайшоў сябе: сумеў спалучыць свае гістарычныя і геаграфічныя веды, усёй душой захапіўся краязнаўствам, разам з калегай Ірынай Станіславаўнай Ваньковіч напісалі шмат работ на розныя тэмы. Яму цікава распрацоўваць новыя экскурсійныя маршруты і праводзіць экскурсіі для дзяцей.

Найбольш запатрабаваныя з іх – «Зямля і неба Фердынанда», «Ракава сівыя камяні», «Сцяжынкамі Дуніна-Марцінкевіча», «Жамчужыны Івянца», «Валожын – спадчына XIX стагоддзя». Як бачна, усе яны звязаны з гістарычным мінулым і культурнай спадчынай нашага раёна. У кожны з іх укладзена часцінка душы выдатнага педагога. Сёлета створаны тры новыя экскурсійныя маршруты, прымеркаваныя да святкавання 75-годдзя Вялікай Айчыннай вайны. Назвы «Партызанскімі сцежкамі», «Дарогамі вайны – дарогамі Перамогі», «Памятае выратаваны свет» гавораць самі за сябе. Тэма гэта вельмі блізкая герою артыкула, і, як сам ён гаворыць, экскурсіі праходзяць на адным дыханні, дзеці з задавальненнем слухаюць цікавага расказчыка. Зараз ідзе падрыхтоўка да абласнога конкурсу на лепшую відэавізітоўку і буклет адукацыйных экскурсійных маршрутаў. Васілій Уладзіміравіч актыўна ўключыўся ў работу па прэзентацыі маршруту «Гістарычны і сучасны Валожын».

Яшчэ ў Даўбенеўскай школе маладому педагогу прапанавалі выканаць ролю Дзеда Мароза на дзіцячым ранішніку. Гэта справа яго па-сапраўднаму захапіла. З той пары кожны год ён апранае касцюм казачнага героя, водзіць карагоды, гуляе і спявае разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі. На працягу многіх гадоў ён нязменна праводзіў святы ў Даўбенеўскай, Чэхаўшчынскай і Пяршайскай школах. Працуючы ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, у мінулы Новы год быў задзейнічаны ў 10 прадстаўленнях.

аогул, Васілій Уладзіміравіч – шматгранная асоба. За што не возьмецца, усё ладзіцца, гарыць у руках. Мужчына выдатна гатуе, іншая жанчына можа толькі пазайздросціць. Гаворыць, што заўсёды, як нельга лепш, атрымліваюцца першыя стравы, гуляш, рыба, чабурэкі. У дадатак ён заўзяты кветкавод, балкон яго кватэры нагадвае батанічны сад. Вялікую асалоду атрымлівае ад паходу ў грыбы, і сёлета зрабіў шматлікія іх запасы ў марожаным, салёным і марынаваным выглядзе. Таксама любіць пакорпацца ў агародзе, у роднай вёсцы дапамагае сваячніцы весці гаспадарку. Хапае часу і добрую кнігу пачытаць, асабліва падабаюцца гістарычныя раманы, і фільм паглядзець. Сярод любімых: «Экіпаж», «Афіцэры», «Масква слязам не верыць», кожны раз адкрывае ў іх нешта новае для сябе.

Усё жыццё прапрацаваўшы з дзецьмі, наш герой гаворыць, што яны вельмі адчуваюць любоў да іх і на добрыя адносіны адгукаюцца цяплом сваіх сэрцаў.

Галоўны прынцып,

па якім жыве

Васілій Уладзіміравіч,

каб пры сустрэчы

з былымі вучнямі,

не брыдка было глядзець ім

у вочы.

І гэта педагогу ўдаецца. Многія з выхаванцаў звоняць, цікавяцца жыццём і здароўем.

Зразумела, што ў такога таварыскага, рознабаковага чалавека шмат добрых сяброў. Кожны з іх займае асаблівае месца ў яго жыцці. У розных абставінах, ці то радасных, ці то сумных, мужчына адчувае падтрымку, цэніць і даражыць гэтымі адносінамі.

18 лістапада Васілій Уладзіміравіч Марзак адзначыў юбілейны дзень нараджэння. З гэтай нагоды хочацца пажадаць яму моцнага здароўя, здзяйснення ўсіх мар, увасаблення ў жыццё задуманых планаў, аптымізму і пазітыву.

Анжэла РАДЫНА, фота аўтара

У Старадарожскі раён намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Андрэй Міхайлавіч Юржыц прыехаў з рабочым візітам.

Узброеныя Сілы Беларусі плануюць пашырыць удзел у міжнародных міратворчых місіях. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр абароны Віктар Хрэнін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Панядзелак, 23 Лістапад 2020 18:36

Анлайн выстава «Мая зямля - маё багацце»

Да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі школы Валожынскага раёна падрыхтавалі адпаведныя малюнкі.

Вынікі конкурсу!

У рамках анлайн выставы «Мая зямля - маё багацце» былі вызначаны тры лепшыя працы, якія былі абраны шляхам анлайн галасавання.

I месца - «Уборка ўраджаю», Чарвінская Дыяна, 9 клас, ДУА «Першамайскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа»

II месца - «На касьбе», Шымель Дар'я, 7 клас, ДУА «Ракаўская сярэдняя школа»

III месца - «Уборка саломы», Зуй Яўген, 8 клас, ДУА «Суднікаўская сярэдняя школа»

Панядзелак, 23 Лістапад 2020 11:24

Прамая лінія

25 лістапада з 10.00 да 11.00 па тэлефоне 8-01716 21818 «прамую лінію» праводзіць член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7 склікання Уладзімір Міхайлавіч ЛУК’ЯНАЎ.

Намеснік старшыні Мінаблвыканкама Мікалай Рогащук на Форуме мэраў гарадоў распавёў аб неабходнасці вывесці супрацоўніцтва паміж дзяржавамі G20 на якасна новы ўзровень. Мерапрыемства праходзіла ў рамках у Міжнароднага онлайн-Кангрэсу «G-Global. Свет XXI стагоддзя».

Беларусь і Венесуэла абмеркавалі першачарговыя крокі па актывізацыі ўзаемадзеяння. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Пятніца, 20 Лістапад 2020 15:51

Стараюся заўсёды быць чалавекам

17 лістапада адзначаўся Дзень участковага інспектара. Гэтаму прафесійнаму святу ўжо амаль 100 гадоў: гісторыя вядзецца з 1923-га. У нашы дні ўчастковы, бадай, самы блізкі да людзей супрацоўнік праваахоўных органаў. Сярод яго задач – не толькі забяспечыць бяспеку жыцця і маёмасці: часта даводзіцца быць псіхолагам, трацейскім суддзёй і абаронцам тых, хто ў гэтым тэрмінова мае патрэбу. Нездарма ўчастковых называюць “ўніверсальнымі салдатамі” – у штодзённай рабоце яны сутыкаюцца з усім спектрам правапарушэнняў. Большасць, а дакладней, практычна ўсе злачынствы раскрываюцца, дзякуючы іх прафесійнай службе і майстэрству. І прафілактыцы тут надаецца асаблівая ўвага. А для гэтага неабходны давер, які ўчастковаму інспектару трэба заслужыць. Вынікам стане прызнанне сярод людзей, іх павага і простае чалавечае “дзякуй”, што даражэй за ўсе ўзнагароды і прэміі.

Як адзначылі ў РАУС, па выніках работы за гэты год Д. А. Богдан прызнаны лепшым участковым інспектарам. Сёлета ім разгледжаны 95 заяў ад грамадзян, выяўлены 7 самагонных апаратаў, каля 100 літраў самагону і каля 700 літраў брагі; складзены 9 пратаколаў за незаконны абарот алкагольнай прадукцыі. За сухімі лічбамі стаіць, як пяецца ў добра вядомай песні, служба дні і ночы.

Нарадзіўся і вырас Дзяніс Анатольевіч у Маладзечне. З выбарам будучай прафесіі вызначыўся яшчэ ў дзяцінстве: міліцыянерам працаваў бацька, які стаў і прыкладам, і настаўнікам, і галоўным дарадцам. Часы тады былі больш спакойныя, а работнік праваахоўных органаў – паважаным чалавекам у грамадстве. Яму таксама ж хацелася лавіць “нехарошых” людзей, якія бабуль старых абкрадваюць. Бо, як паказвае практыка, у асноўным церпяць пажылыя, надараецца, што і дзеці. Таму было вялікае жаданне – па максімуме ўсіх бандытаў затрымаць і пакараць.

Атрымаўшы спецыяльную адукацыю, службу пачынаў з пасады міліцыянера патрульна-паставой службы ў Маладзечанскім аддзеле ўнутраных спраў. Праз восем гадоў па сямейных абставінах перавёўся ў наш райаддзел і стаў працаваць малодшым участковым, а пасля ўчастковым інспектарам міліцыі па Валожынскім сельсавеце. Тэрыторыя абслугоўвання досыць вялікая: 50 населеных пунктаў – ад пасёлка Першаймайскі да Дубіны, што на мяжы з Маладзечанскім раёнам. Асноўным у сваёй рабоце Д. А. Богдан лічыць не дапусціць сямейнага насілля, злачыннасці ў адносінах да састарэлых людзей. Ён добра ведае ўсіх сваіх небяспечных “падапечных”, а яны – свайго вартавога парадку. На пытанне: “Які Вы ў адносінах да парушальнікаў закону?” міліцыянер адказаў так: “Стараюся заўсёды быць чалавекам, нягледзячы на тое, хто перада мной: хуліган ці бандыт – да ўсіх стаўлюся аднолькава, размаўляю на роўных, ніколі не паказваю, маўляў, я начальнік, а ты п’яніца і дэбашыр. Тлумачу, што чакае ў будучым: не кіне піць – паедзе ў лячэбна-працоўны прафілакторый, будзе жонку крыўдзіць – можа і да крымінальнай справы дайсці. Калі ён чалавек, то пачуе і зразумее. Безумоўна ж, ёсць і тыя, хто страціў гэта аблічча, але іх адзінкі. У большасці ёсць паразуменне. Напрыклад, адна жанчына была абавязанай асобай. Але стала на шлях выпраўлення, нарадзіла яшчэ дзіця і цяпер жыве, як трэба. Я вельмі рады гэтаму, хоць, па праўдзе кажучы, лічыў, што нічога талковага з яе ўжо не атрымаецца…”

Дома Дзяніса Анатольевіча чакае сям’я – жонка, 2 дачкі і сын. Тыл, як сам зазначае, надзейны, а гэта таксама адзін з найважнейшых складальнікаў паспяховай работы. Прыемныя хваляванні адчуў, калі атрымаў узнагароду – удзячны за тое, што яго заўважылі і ацанілі. А ў цяперашняй няпростай сітуацыі ў краіне супрацоўнік праваахоўных органаў даў параду ўсім грамадзянам чуць адзін аднаго і заставацца людзьмі.

Словы ўдзячнасці ўчастковы інспектар міліцыі па Валожынскім сельсавеце Дзяніс Анатольевіч БОГДАН чуе часта. Амаль кожны месяц падзякі ў яго адрас накіроўваюць у РАУС простыя грамадзяне, у зоне абслугоўвання якіх ён працуе. Вось і на гэтым тыдні патэлефанавала жыхарка вёскі Гардынава. А ў прафесійнае свята капітан міліцыі быў узнагароджаны юбілейным медалём ад Упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота: участковы інспектар Богдан Д.

COVID-19 не шкадуе нікога. Заразіцца гэтым вірусам могуць людзі любога ўзросту, ладу жыцця і сацыяльнага статусу. Але па-ранейшаму ў першую чаргу ў зоне рызыкі – медыкі. Яны ратуюць захварэўшых людзей і разам з тым стараюцца не «падхапіць» інфекцыю самі. Добра ўсведамляюць: калі гэта здарыцца, лячыць не будзе каму. Для тых, хто мае пастаянны кантакт з інфіцыраванымі, меры перасцярогі – задача нумар адзін. Апрануць спецкасцюм і працяглы час заставацца ў ім няпроста. Але прафесіянал на тое і прафесіянал, каб быць на ўзроўні ў крытычныя моманты жыцця. Менавіта так можна ахарактарызаваць арганізацыю работы калектыву Вішнеўскай урачэбнай амбулаторыі, на чале якога стаіць Аліна Уладзіміраўна Круцько.

Два дні таму ў рэдакцыю патэлефанавала дырэктар Вішнеўскай школы Ала Віктараўна Клімкова. Яна параіла звярнуць увагу на працу мясцовых медыкаў у кірунку барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй.

«Вы не ўяўляеце сабе, як працуюць нашы жанчыны. З ранку да вечара ў ахоўных касцюмах вядуць прыём, наведваюць захварэўшых на даму, бяруць мазкі, кансультуюць па тэлефонах. Людзі настолькі ўдзячныя ім, нашым гераіням, што цяжка знайсці словы, каб гэту ўдзячнасць выказаць. Напішыце пра іх», – пачулі мы ўзрушаны голас.

Сама Ала Віктараўна таксама мае станоўчы тэст у адносінах да гэтага захворвання. Але, паколькі асабіста ў яе яно праявілася не вельмі выразна, магла б не звярнуць увагі на нязначныя сімптомы (закладзенасць у носе і боль галавы). Дзякуючы вопыту і ўважлівасці ўрача Аліны Уладзіміраўны Круцько, якая распазнала ў ёй носьбіта віруса, дакладна ведае свой статус. Адказны чалавек і вопытны кіраўнік своечасова стала выкон-

ваць правілы самаізаляцыі і такім чынам не дапусціла распаўсюджвання інфекцыі. Яна ўпэўнена, што толькі пад наглядам і з дапамогай доктара Круцько і яе каманды педагагічны калектыў, якім кіруе, граматна і трывала супрацьстаіць эпідэміі.

З удзячнасцю адзываюцца пра работу медыкаў і іншыя жыхары Вішнева і наваколля, у першую чаргу – людзі пажылога ўзросту, для якіх брыгада прафесійных і спагадлівых людзей, падобных да касманаўтаў, – сапраўдны шанц на выздараўленне. Вішнеўцы адзначаюць: вялікая заслуга мясцовых медыкаў у тым, што імі добра наладжаны прафілактычная работа і ранняя пастаноўка дыягназу, а значыць, своечасовы пачатак лячэння. Таму большасць людзей паспяхова праходзяць яго на даму і толькі некалькім спатрэбілася шпіталізацыя.

Здавалася б яшчэ зусім нядаўна яны старанна падцягвалі работу па дыспансерызацыі насельніцтва, правядзенню якой перашкодзіла першая хваля «кароны». А ўжо ва ўсю карыстаюцца ўласным вопытам, што набылі за некалькі месяцаў, у барацьбе з другой, больш жорсткай хваляй. Сёння іх дзеянні, пачынаючы з апранання касцюма, заканчваючы апрацоўкай рук і медінвентару, даведзены да аўтаматызму. Толькі ў адносінах да хворых – выключна індывідуальны падыход. Канешне, агульны агляд, правядзенне сатурацыі і тэрмаметрыі, праслухоўванне лёгкіх і іншыя маніпуляцыі па паказчыках ідуць у комплексе, а вось зносіны з кожным свае.

Дзяжурныя выразы кшталту «Усё добра» тут не дапускаюцца. Хоць час і прыспешвае, але і сама Аліна Уладзіміраўна, і яе памочніцы ўмудраюцца знайсці хвіліну, каб адказаць на пытанні зразумела і тым самым, як і ласкавым тонам, падбадзёрыць чалавека, які перажывае не лепшыя моманты свайго жыцця, падарыць яму веру ў хуткае выздараўленне.

Мы пагутарылі з Алінай Уладзіміраўнай па тэлефоне позна вечарам. Толькі пасля доўгага працоўнага дня, калі правяла прыём у кабінеце інфекцыйных захворванняў, у складзе кантактнай групы аб’ехала ўсіх хворых, яна змагла ўдзяліць мне некалькі хвілін. Урач падзякавала сваім пацыентам за разуменне і трыва-

ласць. Тым, хто, на шчасце, у страі, – за выкананне правіл перасцярогі. На прыканцы непрацяглага дыялога папрасіла перадаць жыхарам Валожыншчыны наступную просьбу: «Дарагія землякі! Вірус небяспечны, але ад яго можна засцерагчыся. Трымайце дыстанцыю, насіце маскі, апрацоўвайце рукі, пазбягайце лішніх кантактаў і людных месцаў. Тыя, хто хварэюць, сёння вельмі шкадуюць аб сваёй бяспечнасці. Беражыце сябе!»

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Паважаныя жыхары

Калектыў газеты «Працоўная слава» заклікае кожнага грамадзяніна, калектыў, грамадскую арганізацыю далучыцца да міласэрнай справы – пасільнай падтрымкі людзей, што знаходзяцца на лячэнні ў інфекцыйным шпіталі Валожынскай ЦРБ. Любая ваша дапамога будзе важнай і каштоўнай. У першую чаргу хворым патрабуюцца пітная вада і сродкі гігіены. Перадаць рэчы, пералічыць грошы можна праз валанцёраў, якія вядуць работу па зборы сродкаў праз сацыяльныя сеткі, ці звязацца з адміністрацыяй ЦРБ самастойна. Сёння мы падтрымаем тых, каму цяжка, заўтра хтосьці зробіць добры ўчынак адносна нас. Давайце праявім сваю дабрыню і спагаду!

Фота №1 Прыём у кабінеце інфекцыйных захворванняў;

№2 Спецыяльны касцюм сапраўды падобны да скафандра;

№3 Кантактная група ў складзе вадзіцеля Вячаслава ГУРСКАГА, урача Аліны КРУЦЬКО і медыцынскай сястры Яны БУЙКО.

Старонка 1017 з 1386

Задайте вопрос