У рамках святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі наш раён наведаў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Павел Калаур. Ён завітаў на мемарыяльны комплекс у вёсцы Доры, каб аддаць даніну памяці загінуўшым у час ваеннага ліхалецця мясцовым жыхарам і ўскласці кветкі да пастамента.
Выбар месца правядзення акцыі Павел Уладзіміравіч зрабіў невыпадкова. Валожыншчына для яго не чужая, тут ён пачынаў свой працоўны шлях: з 1988 па 1993 год узначальваў раённае аддзяленне Белаграпрамбанка. І да адкрыцця азначанага мемарыяльнага комплексу ў 1991 годзе таксама меў непасрэднае дачыненне.
На месцы кіраўніка Нацбанка сустрэлі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Бібік, намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шакун, прадстаўнікі БРСМ і грамадскасці. Выканаўшы пачэсную місію, Павел Калаур адзначыў: «Хто не памятае свайго мінулага, будзе вымушаны перажыць яго зноў. Мы павінны ўмець вучыцца на старых памылках, каб не дапусціць іх у далейшым. Наша задача сёння – захаваць памяць у сэрцах і перадаць яе наступным пакаленням у імя светлай будучыні. А жыхарам раёна ў гэтыя велічныя дні жадаю здароўя, шчасця і мірнага неба. І заўсёды памятаць адзін пра аднаго».
Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь таксама ўсклаў кветкі да помніка ў гонар 70 спаленых гітлераўцамі жыхароў у суседняй вёсцы Сярэдняе Сяло, а затым зрабіў прыемны падарунак мясцоваму школьнаму музею. Цяпер сярод экспанатаў часоў Вялікай Айчыннай будзе зіхацець юбілейная манета, выпушчаная Нацбанкам Беларусі да 75-годдзя Вялікай Перамогі.
Гістарычная даведка:
Мемарыяльны комплекс у вёсцы Доры быў пабудаваны ў 1991 годзе на месцы царквы, спаленай фашыстамі з 257 людзьмі, якія знаходзіліся ўнутры яе.
...Усё пачалося ўвечары 22 ліпеня 1943 года. Фашысцкія захопнікі сабралі ўсіх жыхароў вёскі Доры і падзялілі іх на дзве часткі: адна частка павінна была адправіцца ў Германію на прымусовыя работы, а другую, што складалася з дзяцей, старых і жанчын, сагналі ў мясцовую царкву.
Фашысты разрадзілі аўтаматы ў натоўп, а затым падпалілі храм. Выратавацца ўдалося толькі траім жыхарам, якія схаваліся ў лесе і затым далучыліся да партызанаў.
У 1961 годзе на падмурку спаленай царквы быў устаноўлены помнік, а ў 1991 годзе – мемарыяльны комплекс «Удовы. Загінуўшых чакаюць вечна». Аўтарамі праекта з’яўляюцца скульптар Мікалай Кандрацьеў, архітэктары Вольга Уладыкіна і Станіслаў Федчанка. Кампазіцыя створана такім чынам, каб скульптуры і малыя архітэктурныя формы дынамічна спалучаліся з навакольнай мясцовасцю, каб кожны элемент нагадваў аб страшнай трагедыі.
Арыгінал кампазіцыі сёння знаходзіцца ў музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, а ў вёсцы Доры — копія, адлітая ў метале. Асноўны элемент комплексу – фігуры пяці смуткуючых жанчын, якія сталі сімвалам тысяч нявыдуманых лёсаў.
Мемарыяльны комплекс у вёсцы Доры ўваходзіць у склад шматлікіх пазнавальных тураў па Беларусі, тураў выхаднога дня і іншых тэматычных мерапрыемстваў.


