– Леанід Канстанцінавіч, колькі гадоў Вы працуеце ў гаспадарцы?
– 9 жніўня 1985 года прыйшоў на работу ў тагачасны калгас імя Суворава – так і маю адзіны запіс у працоўнай кніжцы на працягу ўжо амаль трыццаці чатырох гадоў. Па жыцці ўсё складвалася, як і ў многіх вясковых хлопцаў: пасля школы атрымаў спецыяльнасць заатэхніка ў Ільянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, адслужыў у арміі, вярнуўся дадому ў родныя Бабровічы. Старшыня гаспадаркі Мікалай Васільевіч Ракавец прапанаваў пайсці працаваць асемянатарам. Пагадзіўся, не раздумваючы, бо ў распараджэнне далі машыну “пікапа” – па тым часе гэта было сапраўднай раскошай для маладога спецыяліста.
– Колькі кароў тады было на абслугоўванні, і што асноўнае ў Вашай працы?
– Каля 600 галоў налічвалася. Меліся і бычкі: іх трымалі для цялушак, а каровы ў асноўным пакрываліся штучным асемяненнем. Самае важнае для асемянатара – не прапусціць час, бо гэта жывы працэс: не пакрылася кароўка – не будзе цяляткі, няма расцёлаў – няма і надояў. А што ж тады заробіць даярачка? Ды і ўвогуле, у нашай справе раз не дагледзеў, у другі давядзецца ўжо лячыць скаціну. Колькі часу, паправіцца яна ці не – ніхто дакладна не скажа.
– Цяпер у сельгасупраўленні дойны статак намнога большы. Як паспяваеце спраўляцца з абавязкамі?
– У маім падпарадкаванні дзве малочнатаварныя фермы ў Саланой і Даўбенях з пагалоўем у 1400 кароў. На комплексе і ў Капусціне – свае аператары. Кожны працуе на вызначаным участку
– Разумею, што работа з’яўляецца для Вас асноўным сэнсам жыцця. Ці маеце якое захапленне?
– Люблю грыбы збіраць – але няма калі.
– Раскажыце, калі ласка, пра сваю сям’ю.
– Жонка Алена Анатольеўна працуе паштальёнам, дачка Святлана па прафесіі медыцынская сястра. Ужо амаль два гады, як займеў пасаду цесця – зяць Улад з Дораў: маладыя цяпер жывуць у сталіцы, здымаюць кватэру– Не шкадуеце, што засталіся на вёсцы, не шукалі, як кажуць, лягчэйшай долі?
– А на што ж яно мне? Бывае, трэба ў Мінск з’ездзіць – для мяне гэта гора. У галаве толькі адны думкі: хутчэй бы ў Бабровічы. Як у тым мурашніку людзі жывуць – не ведаю.
– Разумею, што Вы любіце вёску і справу, якой займаецеся?
– Жыць на зямлі – трэба, каб падабалася душы. Хочацца нейкі агарод пасадзіць, бульбіну-бурак свае мець. А якая асалода назіраць, як усё расце! Улетку дзень вялікі – толькі паспявай спраўляцца, а зімой што рабіць: уліў свінням і ў хату, да тэлевізара? Я ж устану раненька, паеду на працу, з людзьмі пагавару, з жывёлай пашапчуся, справы рабочыя ўладкую – вось і час праляцеў. Здаецца, нарабіўся-намарыўся, а на душы лёгка.
– Летась у раённым конкурсе аператараў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы Вы занялі 1-е месца, а сёлета прызнаны лепшым у вобласці. Вашы адчуванні?
– Адразу нават не паверыў, а пасля пачаў раздумваць: як жа гэта я паеду на ўручэнне ў Маладзечна, ды, напэўна, на цэлы дзень? Хто маю работу зробіць? Адкласці яе на заўтра нельга – у мяне ж там каровы “на схеме” стаяць. Усё планаваў-меркаваў, але, дзякуй Богу, справіўся. Безумоўна, вялікая радасць і гонар, удзячны кіраўніцтву і калектыву за такі падарунак лёсу – прыемна, калі тваю працу заўважаюць і ацэньваюць. Буду старацца і надалей.
– Леанід Канстанцінавіч, як Вы лічыце, што галоўнае для чалавека ў жыцці?
– Каб усе былі здаровыя і быў мір на зямлі – а што болей трэба для шчасця?..


