У нашай краіне з поспехам прайшоў чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні. Наперадзе II Еўрапейскія гульні. Здаровымі і спартыўнымі зараз быць модна. Дэвіз сучаснасці: “З гледачоў і балельшчыкаў – ва ўдзельнікі”. Яго ўпэўнена прытрымліваюцца супрацоўнікі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка” г. Валожына, дзе ўжо каторы год у рамках Тыдня здароўя ладзіцца спаборніцтва “Алімпійцы сярод нас”. Сёлета яно стала адной з самых запамінальных падзей сярод тых, што адбываліся ва ўстанове адукацыі за апошні час. Быць прыкладам для сваіх выхаванцаў, паказаць спартыўныя ўменні і з карысцю для здароўя правесці час – асноўныя мэты турніру. Мерапрыемства прайшло ў сяброўскай атмасферы, з запалам і гумарам, выклікала шмат пазітыўных эмоцый і пакінула добрыя ўспаміны. Удзельнікі паказалі майстэрства ў скачках у даўжыню і на скакалцы, набіванні футбольнага мяча. Трапнасць прадэманстравалі ў кідках мяча ў кальцо і дартсе. Кожны выступіў дастойна. Спаборніцтва пацвердзіла, што ўсе супрацоўнікі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці маюць выдатную фізічную падрыхтоўку, а іх гадаванцам ёсць з каго браць станоўчы прыклад.


