Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Лёс у пагонах – на дваіх

22.02.2019

Часта служба ва Узброеных Сілах становіцца лёсам не толькі для асобных грамадзян. Бывае так, што жыццё па статуце выбіраюць цэлыя ячэйкі грамадства. У валожынскай часці такіх нямала. Вольга Мікалаеўна і Руслан Валянцінавіч ВАЙЦЯХОЎСКІЯ – яркія прадстаўнікі сямейных дуэтаў, якія прысвяцілі жыццё воінскай службе.

Мужны лейтэнант і сімпатычны прапаршчык – маладая, перспектыўная ў сэнсе кар’еры пара. На першы погляд яны здаюцца значна маладзейшымі, чым ёсць на самай справе. А, між іншым, іх старэйшаму сыну Максіму ўжо трынаццаць гадоў.

Руслан Валянцінавіч з дзяцінства праяўляў інтарэс да выключна мужчынскіх прафесій. У розныя перыяды жыцця ўяўляў сябе то ў форме міліцыянера, то выратавальніка. Падчас праглядаў фільмаў на ваенную тэматыку заўсёды ў думках прымяраў афіцэрскія пагоны. Аднак выбар зрабіць было даволі складана, таму юнак вырашыў спачатку прайсці тэрміновую службу, так бы мовіць, праверыць сябе. Служыць давялося ў Валожыне. Зыходзячы са спецыфікі часці, малады салдат палічыў неабходным набыць адпаведную спецыяльнасць – паступіў у вышэйшы радыётэхнічны каледж. У той жа перыяд прыняў рашэнне застацца ў злучэнні ў якасці кантрактніка. Для гэтага скончыў спецыяльныя курсы пры Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Ён пачынаў яфрэйтарам, пасля атрымаў званне сяржанта, затым прапаршчыка, старшага прапаршчыка. Мэтанакіраванасць маладога афіцэра дазваляе дапусціць, што званне лейтэнанта – усяго толькі чарговае ў паслужным спісе вайскоўца-прафесіянала.

Вольга Мікалаеўна ў юнацтве таксама сутыкнулася з праблемай пры выбары будучай спецыяльнасці. Яна прызнаецца: доўга не ведала, чаго жадае душа. Каб не губляць час, вывучылася на бухгалтара, затым атрымала яшчэ адну спецыяльнасць

– тэхнолага. І ўсё ж адчувала: не тое. Аднойчы сваякі падказалі пра магчымасць працаўладкавання ў часць. Вольга “загарэлася” адразу. Паўгода лічылася грамадзянскім супрацоўнікам, затым паступіла ў школу прапаршчыкаў.

Іх сын Максім досыць дарослы для таго, каб разважаць на тэму будучыні. Жыццё бацькоў-вайскоўцаў яму здаецца складаным. Таму пра армію пакуль не марыць. Але ёсць надзея, што дынастыя атрымае працяг дзякуючы чатырохгадоваму Ягору. Той, ва ўсякім разе цяпер, выказвае жаданне стаць… генералам.

Вольга Мікалаеўна і Руслан Валянцінавіч дасылаюць самыя шчырыя віншаванні з нагоды Дня абаронцаў Айчыны сваім калегам, сем’ям і ад усяго сэрца жадаюць шчасця, радасці, дабрабыту і мірнага неба.