Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Напачатку творчага шляху

26.02.2019

У Валожынскім краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё выставы юнага мастака Мікіты КУЛІКОВА з Мінска “Імгненні пачуцця”. Пятнаццацігадовы хлопец з’яўляецца вучнем гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка і адначасова займаецца ў майстэрні нашага вядомага земляка Уладзіміра Сайко. Вельмі знакава, што першая персанальная выстава Мікіты праходзіць на малой радзіме настаўніка, які і стаў яе ініцыятарам.

У студыю да Уладзіміра юнак трапіў у 2015 годзе, тут адчуў свой талент і атрымаў першае прызнанне. Творчасць Мікіты Кулікова цесна звязана з тэматыкай краявідаў Беларусі. Перашкодай для працы не з’яўляюцца ні моцныя маразы, ні спякота. Напрыклад, адзін з зімовых пейзажаў быў напісаны пры тэмпературы мінус 25 градусаў. Наогул, апантанасць хлопца творчасцю выклікала сур’ёзны рэзананс сярод мастакоў у сацыяльных сетках. А падставай стаў наступны выпадак. Мікіта мінулай зімой зламаў нагу. Нягледзячы на гэта, было вялікае жаданне займацца, аб чым і папрасіў свайго настаўніка. Паехалі на вадасховішча. Ужо на месцы высветлілася, што ён забыўся ўзяць пэндзалі. Юны творца знайшоў выхад з сітуацыі. Цудоўную карціну “Вадасховішча пад Мінскам. Рыбакі” ён намаляваў з дапамогай анучак. Работы хлопца неаднаразова выстаўляліся сярод іншых у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Пасля адной з іх менавіта яго твор адабраў дырэктар установы, каб захаваць у фондах. Была складзена дамоўленасць, і цяпер карціна ўваходзіць у збор Дзяржаўнага музея ў Траецкім прадмесці. Мікіта Кулікоў браў удзел і ў выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі. Больш таго, тут прайшоў адзін з заняткаў, падчас якога юнак стварыў цудоўны эцюд.

Уладзімір Сайко гаворыць, што яго вучань ад прыроды адораны жывапіснымі якасцямі. Ён – апантаны летуценнік, для работ якога характэрны лёгкасць, эмацыянальнасць, імклівасць. Атрымліваюцца “жывыя”, удалыя палотны, у якіх заўважаюцца каларыт, імправізацыя. Ступень мастацкасці карцін такая, што каля іх хочацца спыніцца, падумаць, набрацца змястоўнасці і пабыць яшчэ нейкі час. Менавіта такія творы маюць права быць выстаўленымі ў музеі. Настаўнік упэўнены: кожны раз, калі хлопец бярэ ў рукі эцюднік, палатно і фарбы, у яго абавязкова атрымаецца нешта добрае.

Падтрымаць сына, брата, сябра ў Валожынскі музей завіталі родныя і блізкія Мікіты. Сабралася шмат наведвальнікаў з Валожына. Віншаванні з першай асабістай выставай Мікіту Кулікову даслаў прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства Я. Ф. Шунейка. Яўгеній Феліксавіч добра знаёмы з творчасцю юнака, на яго вачах адбывалася мастацкае сталенне хлопца.

Малады творца ўпершыню наведаў Валожыншчыну. Магчыма, яна яшчэ стане крыніцай яго натхнення, і тут будуць напісаны творы, якія знойдуць сваё пачэснае месца ў калекцыях як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе.