Сельвыканкамам сумесна з дэпутацкім корпусам актыўна вядзецца работа па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў, навядзенні парадку на зямлі, падтрыманні ў належным санітарным стане будынкаў устаноў і арганізацый сельсавета, іх падведамасных тэрыторый, падворкаў грамадзян. Летась на тэрыторыі сельсавета былі ліквідаваны больш за 20 стыхійных сметнікаў, знесены 7 трухлявых будынкаў, спілены 72 старыя аварыйныя дрэвы. У Ракаўскім сельскім Савеце ў мінулым годзе прададзены 70 зямельных участкаў на агульную суму 735 тысяч 507 рублёў, у тым ліку праз аўкцыён – 55 зямельных участкаў больш чым на 700 тысяч рублёў.
Сёння Ракаў без перабольшвання можна назваць сучасным аграгарадком-спадарожнікам, які хутка разбудоўваецца. І хоць па статыстыцы тут пастаянна пражывае амаль пяць з паловай тысяч чалавек, лічбу смела можна памнажаць у два, а то і ў тры разы. Бо калі гаварыць пра раёны індывідуальных забудоў у Міхалове, Кучкунах, Бузунах, то іх насельнікі жывуць тут, а вось прапісаны і працуюць у асноўным у сталіцы. 75 садаводчых таварыстваў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, у кожным з якіх налічваецца ад 200 да 300 участкаў, – гэта таксама ў нейкім сэнсе жыхары мястэчка, асабліва ў сезон агародніцтва. Новыя людзі, родам з Мінска, Гродна, Віцебскай і Гродзенскай абласцей, што селяцца ў ваколіцах Ракава, стараюцца трывала пусціць свае карані. Таму ім неабыякава, што робіцца наўкола. Яны клапоцяцца не толькі пра прыгажосць і ўтульнасць на ўласным падворку, але і прымаюць актыўны ўдзел у суботніках па навядзенні парадку на зямлі: прыбіраюць тэрыторыю на вуліцах, уздоўж дарог, у лясным масіве і нават збіраюць смецце за нядбайнымі гаспадарамі і дачнікамі. Такія паводзіны “прыезджых” актывізуюць і карэннае насельніцтва: гледзячы адзін на аднаго, людзі добраўпарадкоўваюць свае сядзібы.
“Твар населенага пункта, любога прыватнага падворка яскрава сведчыць пра яго гаспадара, – адзначае старшыня Ракаўскага сельвыканкама А. А. Мякінка. – Культура паводзін закладваецца з маленства. Дзіця трэба вучыць: ідзеш па вуліцы, не кідай паперку пад ногі, а нясі да урны са смеццем. Бо ўсім жа добра вядомы выраз: чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць. Аднак, каб былі парадак і чысціня, сельвыканкамам пастаянна праводзіцца мэтанакіраваная работа з насельніцтвам. Прыцягваць даводзіцца не толькі саміх грамадзян, але і землеўпарадкавальную, камунальную, дарожную службы. Так, летась падчас правядзення месячніка пасля прыбірання тэрыторый смецце вывозілі ў прамым сэнсе трактарамі. Важна, што людзі далучыліся да справы, і агульнымі намаганнямі мы навялі парадак.
Клапоцяцца вяскоўцы і пра добраўпарадкаванне сваіх населеных пунктаў. Нядаўна да мяне на прыём звярнуліся жыхары Міхалова з пытаннем абсталявання дзіцячых пляцовак: як і дзе лепш зрабіць, за якія сродкі, чым можа пасадзейнічаць сельвыканкам?
Вырашаецца, хоць зусім няпроста, пытанне аб зносе трухлявых дамоў: справай займаюцца не прамыя нашчадкі, а тыя, хто набывае зямельны ўчастак з такім домам, а пасля ўжо будуе на гэтым месцы новае жыллё. Зямля пад Ракавам карыстаецца попытам – адбіваецца блізкасць сталіцы, таму можна сказаць, што сельсавет з кожным годам павялічваецца і маладзее.
За апошнія некалькі гадоў наш аграгарадок стаў далёка чутны за межамі краіны, чаму паспрыялі фестываль культур “Ракаўскі фэст”, конкурс фартэпіяннай музыкі імя Міхала Грушвіцкага. Праслаўляюць мястэчка і нашы славутыя мастацкія калектывы. Але галоўным багаццем з’яўляюцца самі ракаўчане – таленавітыя, працавітыя, нераўнадушныя. Разам нам удалося дасягнуць поспехаў у рабоце”.


