Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Светлае імя жанчыны святам сакавіцкім праслаўлялі

12.03.2019

У мінулы чацвер у раённым Цэнтры культуры прайшло вялікае святочнае мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня жанчын. Яго адметнасцю стаў той факт, што на ўрачыстасці былі ўручаны аж два ордэны Маці. Як ведаем, гэтай высокай дзяржаўнай узнагародай адзначаюцца жанчыны, якiя нарадзiлi i выхавалi пяць i больш дзяцей. Сёлета да слаўнай кагорты шматдзетных матуль Валожыншчыны далучыліся жыхарка гарадскога пасёлка Івянец Таццяна Каласоўская і Святлана Харэвіч з Дзясятнікаў.

Вядома ж, усе ўрачыстыя віншаванні, пажаданні бязмежнага шчасця, вечнага кахання, глыбокай павагі і вялікай пашаны гучалі ў той перадсвяточны дзень у гонар нашых мілых, чароўных і пяшчотных жанчын. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Іосіфавіч Бібік, які адкрыў мерапрыемства, адзначыў: «Разам з надыходам першага вясновага свята сапраўды надакучлівая зіма адступае – халады палохаюцца абаяльных усмешак і добрага настрою прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва». Адначасова Пётр Іосіфавіч нагадаў пра вялікую ролю, якую жанчыны выконваюць на сучасным этапе развіцця грамадства. «Прыемна адзначыць, што з кожным годам на Валожыншчыне павялічваецца і колькасць шматдзетных сем’яў: сёння іх амаль 550. Без малога 90 матуль з нашага раёна атрымалі самую высокую дзяржаўную ўзнагароду – ордэн Маці», – заўважыў кіраўнік дэпутацкага корпуса.

Віншавальную эстафету пераняла дырэктар ТЦСАН і па сумяшчальніцтве старшыня райарганізацыі «Беларускага саюза жанчын» Галіна Фадзееўна Рай. Яна павіншавала і зрабіла падарункі тым жанчынам, на плячах якіх ляжаць кіраўніцкія абавязкі.

Па-добраму ўразіў залу камандзір 153-й асобнай Кёнігзбергскай ордэна Чырвонай Зоркі радыётэхнічнай брыгады асобага прызначэння палкоўнік Андрэй Віктаравіч Калач, які павіншаваў і ўзнагародзіў на сцэне лепшых прадстаўніц воінскай часці – тых, хто нароўні з мужчынамі дзеліць выпрабаванні на баявых пастах. Дарэчы, яго «каманда» была самай вялікай па колькасці.

Зразумела, не абышлося без рамантычных песень, задорных танцавальных і вакальных нумароў. Іх шчодра дарылі прысутным творчыя калектывы і выканаўцы раённага Цэнтра культуры...

Вышэйшае прызнанне жаночага подзвігу – ордэн Маці – старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Іосіфавіч БІБІК уручыў Таццяне Адамаўне КАЛАСОЎСКАЙ з Івянца (на здымку) і Святлане Вацлаваўне Харэвіч, вялікая сям’я якой жыве ў вёсцы Дзясятнікі.

12 03 2019 104

Старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Галіна РАЙ у гонар свята ўзнагародзіла жанчын-кіраўнікоў – Людмілу МАХНІЦКУЮ, Ірыну ЖДАНЮК, Вольгу БАГАТЫРОВУ, Таццяну КРЫКАЛА, Алену КЛАЧКО, Іну САКАЛОЎСКУЮ і Вольгу МАРКОЎСКУЮ.

12 03 2019 105

Камандзір 153-й асобнай радыётэхнічнай брыгады асобага прызначэння палкоўнік Андрэй Віктаравіч КАЛАЧ павіншаваў жанчын-ваеннаслужачых.

12 03 2019 106

Знаёмімся з матулямі-гераінямі

12 03 2019 107

Таццяна Адамаўна КАЛАСОЎСКАЯ працуе ў філіяле ТДА «Юлайн» г. Маладзечна ў Івянцы вытворцам паўфабрыкатаў з мяса птушкі. У калектыве карыстаецца заслужанай павагай. А дома займаецца развядзеннем і вырошчваннем кветак.

Суседзі і прахожыя заўсёды захапляюцца добраўпарадкаваным дваром шматдзетнай сям’і.

Падтрымліваць ідэальную чысціню дапамагае не толькі былы муж, але і трое непаўналетніх дзетак (дзве старэйшыя дочкі – Марыя і Вольга – ужо маюць свае сем’і і жывуць асобна). Мацярынская радасць і ўцеха – меншыя.

Вучаніца Івянецкай школы Віялета па ўсіх прадметах дэманструе глыбокія веды. Дзяўчынка – неаднаразовая пераможца навукова-практычных канферэнцый па біялогіі. Яна шмат чытае, малюе, добра дэкламуе і мае музычныя здольнасці.

Ксенія наведвае спартыўныя секцыі, рэгулярна ўдзельнічае ў спаборніцтвах.

Дзмітрый захапляецца лёгкай атлетыкай, удзельнічае ў спартыўным жыцці рэгіёну і заваёўвае прызавыя месцы.

Узаемаадносіны паміж дзецьмі і бацькамі добразычлівыя, даверлівыя,

Матуля для сваіх крывінак – узор для пераймання. «Па жыцці рабіце толькі так, як жадаеце, каб абыходзіліся з вамі», – дала ім мудры наказ на жыццё Таццяна Адамаўна. І навучыла не баяцца ніякай работы. Асабліва гэта бачна летам, калі сумеснымі намаганнямі прысядзібны ўчастак пачынае тануць у кветках...

Святлана Вацлаваўна ХАРЭВІЧ – хатняя гаспадыня.

12 03 2019 108

Да выхаду ў сацыяльны водпуск па доглядзе за дзіцем працавала поварам у школе.

Муж Сяргей Міхайлавіч працуе манцёрам чыгуначных пуцей «Маладзечанскай дыстанцыі пуці ПЧ-9», а дома займаецца вядзеннем падсобнай гаспадаркі. У сям’і – пяць дзяцей: Аляксандр, Жанна, Яўген, Аляксей і Анастасія.

Старэйшы Аляксандр працуе слесарам у лакаматыўным дэпо Маладзечна. Захапляецца спортам.

Жанна – студэнтка трэцяга курса Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Хобі – маляванне. Піша карціны, нацюрморты, выстаўляе свае работы ў каледжы. Была ўдзельніцай міжнароднага конкурсу харчавікоў «Прадэкспа» ў Мінску. Заняла першае месца з карцінай з цеста. Узнагароджана залатым медалём і дыпломам.

Яўген – першакурснік Бярэзінскага аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя. Захапляецца спортам. З’яўляецца членам каманд па футболе і баскетболе ліцэя.

Лёша – васьмікласнік і таксама любіць спорт. Летась футбольная каманда з удзелам Аляксея заняла 3-е месца сярод футбольных каманд раёна.

А маленькая Настачка – усеагульная любіміца і выхоўваецца дома.

«Канёк» сям’і Харэвічаў – поўнае паразуменне, павага і прыязная атмасфера.