Аўтамабіль «Volkswagen Transporter» рухаўся па аўтадарозе “Валожын-Вішнева-Клім” і трапіў у поле зроку праваахоўнікаў прыкладна ў 00.20 гадзін 25 ліпеня. У вёсцы Стайкі яго спынілі па загадзе інспектара ДАІ для праверкі дакументаў. У салоне акрамя вадзіцеля знаходзіліся трое пасажыраў. Усе – ураджэнцы і жыхары Стаўбцоўскага раёна. Дзякуючы пільнасці міліцыі ў мікрааўтобусе знойдзены кантрабандны багаж у выглядзе макавай саломкі.
На месца здарэння выехала следчая аператыўная група. Экспертамі групы саломка была канфіскавана, грамадзян затрымалі. Раслінная сыравіна прайшла экспертызу, якая і пацвердзіла яе наркатычнае паходжанне. Супраць вадзіцеля і яго пасажыраў узбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 328. Ім пагражае абмежаванне волі да пяці гадоў, або пазбаўленне волі тэрмінам ад 2-х да 5-і гадоў.
Дарэчы, вадзіцель ужо быў асуджаны за захоўванне наркотыкаў. Маюць крымінальнае мінулае і іншыя затрыманыя: адзін – за крадзеж, двое – за наркотыкі.


