Павіншаваць лепшых хлебаробаў з важкай перамогай прыехалі прадстаўнікі райвыканкама, прафсаюза работнікаў АПК і раённага аб’яднання прафсаюзаў, першы сакратар райкама ГА “БРСМ”. Маладых камбайнераў сустрэлі на мехдвары – надвор’е было неспрыяльным для ўборкі, раз-пораз сыпаў невялікі дожджык, таму работы ў полі не вяліся.
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ганна Канановіч, уручаючы падзячныя пісьмы за подпісам старшыні райвыканкама, адзначыла цяжкія напружаныя будні ў сельскай гаспадарцы і падкрэсліла, што кіраўніцтва раёна ганарыцца такімі работнікамі, бо яны – прыклад для іншых. Прыемна ўсведамляць, што ў караваі Міншчыны ёсць і часцінка іх працы.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гідлеўскі ўручыў пераможцам каштоўныя падарункі, а Вераніка Загорская – фірменныя кепкі з лагатыпам “115 гадоў прафсаюзам Беларусі”.
Ад кіраўніцтва гаспадаркі камбайнеры-тысячнікі атрымалі грашовую прэмію ў памеры 200 рублёў кожны. Як падкрэсліла намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства Марына Майсевіч, згодна з умовамі спаборніцтва, за высокі ўраджай пры выкананні даведзеных заданняў хлопцы маюць магчымасць атрымаць яшчэ па 700 рублёў.
“Пра тысячны намалот мы вельмі марылі і стараліся з усіх сіл, – зазначыў А. Ткачэнка. – Пыталіся ў кожнага вадзіцеля, колькі тон ён завёз. А калі дасягнулі вызначанага рубяжа – эмоцыі перапаўнялі, нібы ракету ў космас запусцілі. А пасля ўзнагароджання ў нас быццам бы крылы выраслі і ёсць імкненне дабраць да дзвюх тысяч”.
Алена ЗАЛЕСКАЯ,
фота аўтара


