Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.30 до 13.00 и с 14.00 до 17.30 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Дасціпнае прадзіва

08.08.2019

Дырэктар Ракаўскага цэнтра народнай творчасці Хрысціна Станіславаўна ЛЯМБОВІЧ за сваю паспяховую прафесіянальную дзейнасць не раз атрымлівала ўзнагароды і падзякі. Сёлета яе імя занесена на раённую Дошку гонару. Ёй пашчасціла спалучыць хобі, сям’ю і работу. Магчыма таму яна быццам бы вылучае аўру спакою і цяпла, не спяшаецца, але ўсюды паспявае, гаворыць проста, але яе слухаюць і разумеюць. Сёння гэты самабытны і цікавы майстар – герой нашай гасцёўні.

– Хрысціна Станіславаўна, дырэктар – гэта пасада, а хто Вы па прафесіі?

– Спачатку вывучылася на краўчыху і швачку жаночага адзення. Пазней завочна скончыла ўніверсітэт культуры і маю спецыяльнасць рэжысёра народных абрадаў і свят.

– У Вас два сыны, муж, адказная работа. А чым любіце займацца ў вольны час?

– Ведаеце, вольнага часу практычна і не бывае. Адпачываю тады, калі мяняю адзін від дзейнасці на іншы. А заняткаў хапае: вяжу, шыю, вышываю, тку паясы, даглядаю агарод, разводжу курэй і трусоў, займаюся домам, наведваю рэпетыцыі “Гасцінца” і “Кроны”. Ёсць два каты, якія таксама патрабуюць увагі і ласкі. Размяркоўваць час, гаспадарыць навучыла мама. Яна выхоўвала ў нас, шасцярых дзяцей, досціп. Не працавітасць, а менавіта дасціпнасць у рабоце: не спяшацца, не хапацца за ўсё, а памаленьку даводзіць да ладу кожную справу.

– Напэўна, калі ўсё паробіце, можна і з кнігай пасядзець. Ці так?

– Я не чытач. Белетрыстыку паважаю, але пакуль што нашы сцежкі не перапляліся. Шмат чытаю метадычнай літаратуры, праглядаю газеты і часопісы. З перыёдыкі першай заўсёды бяру ў рукі “Працоўную славу”.

– Вашы любімыя расліна, жывёла, пара года?

– Люблю кветкі. Усялякія: палявыя, лугавыя, акультураныя. Нават зашмат люблю, бо высаджваю іх, дзе толькі можна, а потым трачу сілы на паліванне і праполку. Самая лепшая пара года – тая, у якой жывеш. Няма нейкіх стрэсаў, бед, то і добра. Жывёлу шкадую, асабліва якая пакутуе. І тата мой быў жаласлівы. Ніколі свіней не біў, не мог... Хатнім жывёлам я доўга супраціўлялася, не хацела трымаць іх у доме. Але ўсё змянілася само сабой. Мы забіралі маці да сябе на зіму. Мама турбавалася, як жа яе котка адна застанецца, клікала, каб развітацца. А той і след прастыў. Дзе толькі мы яе не шукалі. Ужо ў машыну сядалі, калі заўважылі, што сядзіць ціхенька пад сядзеннем. Ну як было не забраць? Цяпер яна мая любіміца.

– Хто для Вас з’яўляецца ідэалам?

– У мяне ёсць нейкі зборны вобраз. Знаёмячыся з людзьмі, стараюся акцэнтаваць увагу на іх станоўчых рысах. “Знімі ружовыя акуляры!” – не раз гучала ў мой адрас парада. Нашы бацькі ніколі не абгаворвалі суседзяў, прынамсі, мы, дзеці, такіх гутарак не чулі. Я і вырасла з перакананнем, што ў нашай вёсцы Пілюжына жывуць самыя лепшыя людзі.

– Дык Вы летуценніца! Марыць любіце?

– Марыць люблю і ўмею, лічу, што мары трэба паважаць, і яны абавязкова ажывуць. Прывяду прыклад з уласнага жыцця. Нягледзячы на тое, што ў нас у Пілюжыне быў вялікі дом, я змалку марыла пра свой, уласны і абавязкова двухпавярховы. Пры першай жа магчымасці купіла ў Вуглах сядзібу 60-х гадоў узвядзення і перавезла яе ў Ракаў. Маючы літаральна 100 долараў у кашальку, распачала будоўлю. Знаёмыя круцілі пальцам ля скроні і шапталіся: “Гэта дзяўчына не ведае, у што ўвязалася…” Сапраўды, нялёгка было. Здаралася, збяру мужчын на работу, пакармлю, і дождж пойдзе. Ды такі, што проста сцяной! Пасядзім і разыходзімся… Жыла ў жорсткай эканоміі, білет з Мінска да Ракава купляла на паўдарогі, спадзеючыся, што не натраплю на кантралёраў. Але за год зруб ужо стаяў, пячнік печ склаў, падвялі ваду, газ. Пры гэтым у нядзелю і святы ніколі не працавалі. Адначасова разбіла агарод, кветнік. Потым выйшла замуж, справа пайшла спарней. Зараз у нас з Максімам можа і не самы шыкоўны дом, але дабротны і ўтульны. Ёсць антыкварныя прадметы быту, якія выконваюць дзве функцыі: служаць па прамым назначэнні і адначасова з’яўляюцца ўпрыгожаннем. Некалькі куткоў аформлены ў фальклорным стылі. Калі з Баранавіцкага касцёла ў Будслаў ішлі пілігрымы, мы змаглі прыняць і размясціць на начлег 18 чалавек.

– Раскажыце, які самы памятны падарунак Вы атрымалі?

– Ніколі не мела магазінных лялек. З чаго толькі я іх у дзяцінстве не майстравала: з травы, анучак! Наогул, колькі сябе памятаю, то заўсёды нешта вырабляла, і падарункі сябрам дарыла толькі самаробныя. Неяк у шостым класе на 23 лютага я звязала аднакласніку камплект – шапку і шалік. Хлопец быў вельмі ўражаны, а яшчэ больш уражанай была яго маці. На 8 Сакавіка на маёй парце ляжала прыгожая лялька. Мая! Новая! Незвычайная! Што тады перажыла – не магу перадаць словамі. На васямнаццацігоддзе мама падарыла мне залаты ланцужок. Я вельмі радавалася, але сэрца і зараз млее, калі ўспамінаю менавіта тую ляльку.

– Цяпер лялькі – частка Вашай прафесіі. Гэта свядомы выбар?

– Мы цесна супрацоўнічаем з мясцовай школай. Хацелася дапамагчы маладой настаўніцы беларускай мовы, класнаму кіраўніку 5-га класа Г. У. Конаўцы. З яе выхаванцамі мы ладзілі Запусты, Каляды, смажылі яечню. Зацікавіў дзяцей і батлеечны тэатр. Хлопчыкі і дзяўчынкі, выгадаваныя на сучасных гаджатах, нечакана паддаліся магіі ажываючых лялек. А яны ў нас адмысловыя! Драўляныя часткі выразаў майстар з Івянца Мікалай Задрэйка, размалёўвала твары Лізавета Пятроўская, строі пашыла і вышыла я. Асвоілі класічны сюжэт “Цар Ірад”, потым паставілі казку Максіма Багдановіча “Мушка-зелянушка”. Нечакана для сябе сталі дыпламантамі Міжнароднага конкурсу батлеек у Мінску. Вясковыя дзеці з простых сямей радаваліся, што іх паказалі па тэлевізары, а аднакласнікі і суседзі наперабой віншавалі, ганарыліся іх поспехамі. У планах займець батлейку вялікую, зробленую са старой шафы. Ужо нават прыкмеціла патрэбную. Думаю, на Каляды зможам парадаваць гледачоў біблейскай гісторыяй у шырокім фармаце. Разлічваю, што ажыццявіць задуму дапаможа муж. Праўда, калі ладзілі з ім скрынку пад цяперашнюю батлейку, колькі разоў перавадзіліся. Аказваецца, у спрэчках нараджаецца не толькі ісціна, але і тэатр… І ногул муж Максім – самая надзейная мая падтрымка і ў рабоце, і дома.

– “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”, – пісаў Алесь Ставер. А дзе пабывалі Вы?

– Падарожнічаю разам з сёстрамі, мужам і сынамі ў якасці артыстаў. Мы шмат дзе пабывалі. Аб’ехалі ледзь не ўсе еўрапейскія краіны, буйныя гарады Расіі. Зімой былі ў Арабскіх Эміратах, не так даўно – у Кітаі. І кожны раз пераконваюся, што попыт на аўтэнтычнасць не спадае. Мы – беларусы і гэтым цікавыя ў свеце, сваімі песнямі, абрадамі, строямі, мовай.

– Кухня – таксама частка нацыянальнай культуры. Вы гатаваць любіце?

– З беларускай нацыянальнай кухні не так даўно асвоіла калдуны. Наогул стараюся карміць сваіх мужчын простымі стравамі, якія адпавядаюць усім прынцыпам здаровага ладу жыцця. На што Павел неяк заўважыў: “Мама, ты нас няправільна корміш! Трэба трохі і “атруты” даваць, прывучаць пакрыху. А то па-за домам есці нічога не зможам!” Жарт, канешне, але нейкую рацыю ён мае. Так што эмбарга на сасіскі і каўбасы патроху знімаю.

– Народнай медыцыне таксама даяце шанц на жыццё?

– Калі гэта не шарлатанства. Зараз, у ХХI стагоддзі, трохі смешна, што людзі вераць у розныя забабоны і варожкі, займаюцца самалячэннем. Лекавыя расліны можна разглядаць толькі як дапаўненне да афіцыйнай медыцыны, ды і то пасля кансультацыі з урачом.

– Вас лёгка рассмяшыць ці прымусіць плакаць?

– Расчуліць мяне лёгка, дасціпным жартам усміхнуся з задавальненнем. Але я не рагатуха.

– Якія людскія заганы лічыце самымі непрыемнымі?

– Неабавязковасць. Калі чалавек не трымае сваё слова. Не раз даводзілася сутыкацца з тым, што нехта наабяцае з тры карабы, хоць яго, як кажуць, ніхто за язык не цягне. А потым ён ясным позіркам глядзіць табе ў вочы і зусім не саромеецца ўласнага пустаслоўя.

– У Вас ёсць асабісты дэвіз?

– Не дэвіз, а хутчэй правіла: браць прыклад з той жабы, якая боўталася ў збане з малаком, пакуль не збіла масла. Не трэба сядзець, скардзіцца, апускаць рукі. Ды і Бог дапамагае тым, хто актыўна жыве, рухаецца, развіваецца і з аптымізмам бярэцца за любую справу, разлічваючы толькі на свае сілы. І старайцеся быць дасціпнымі ва ўсім, як вучыла мая мама…