Адрес:

222357, г. Воложин, пл. Свободы, 2

Телефон приемной:

+375 (1772) 5-55-72

Режим работы:

с 8.00 до 13.00 и с 14.00 до 17.00 по будням

горячая линия: +375 (1772) 5-55-72

Дайноўка – малая, радасць – вялікая

08.08.2019

У мінулую суботу ў Малой Дайноўцы адбылося шыкоўнае свята вёскі, якое сабрала не толькі мясцовых жыхароў, дачнікаў, прадстаўнікоў суседніх населеных пунктаў, але і іх сваякоў, сяброў з Мінска і іншых гарадоў.

Малая Дайноўка даўно стала краем дачнікаў. Толькі ў некалькіх дварах жывуць карэнныя жыхары. Няцяжка ўявіць, што з позняй восені да ранняй вясны вёска амаль не жылая. Акружаная лесам з усіх бакоў, у гэту пару яна выглядае даволі змрочна і нават няўтульна. Але з прыходам цяпла ажывае. Прыязджаюць нашчадкі тых, хто калісьці пабудаваў дом самастойна ці атрымаў у спадчыну бацькоўскі і пражыў усё жыццё, працуючы ў мясцовай гаспадарцы (зараз ААТ “Лоск”). З радасцю ў маляўнічым месцы набываюць сядзібы прыезджыя. Аўра добразычлівасці ахоплівае кожнага, хто далучаецца да невялічкай грамады. Адносіны між людзьмі такія, што сэрца радуецца…

Згодна з адміністрацыйным падзелам другой палавіны ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, Малая Дайноўка ўваходзіла ў Забрэзскую воласць Ашмянскага павета. У той перыяд тут пражывалі 317 чалавек, у тым ліку – 52 юныя жыхары.

З 1922 па 1939 гады вёска – у складзе Забрэзскай гміны Валожынскага павета, які, у сваю чаргу, – у складзе Польшчы. У 1940 годзе гміна распалася, і Малая Дайноўка адышла да Філіпіняцкага сельсавета. Адна з адметнасцей таго часу – адкрыццё хаты-чытальні. Адказнай за асвету была прызначана Валянціна Юхнеўская. Культурная ўстанова пад яе кіраўніцтвам славілася па наваколлі.

Калі мясцовыя жыхары і іх дзеці расказваюць пра гісторыю вёскі, абавязкова ўзгадваюць сталінскія часы. Сем’і Антона і Івана Курылаў былі рэпрэсіраваны, а ў 1993 годзе рэабілітаваны (многія – пасмяротна). Вялікая Айчынная вайна таксама пакінула тут свой след. Шматлікія жыхары абаранялі радзіму на франтах і ў складзе партызанскіх атрадаў. У некаторыя двары прыйшлі пахаванкі…

У 1954 годзе адбылося аб’яднанне сельсаветаў, і Малая Дайноўка стала часткай Забрэзскага. Зараз населены пункт – у складзе Гародзькаўскага сельсавета. Сёння тут 12 двароў, у якіх, хоць і не пастаянна, пражываюць 20 чалавек, у тым ліку – двое дзяцей.

Пра тое, каб наладзіць свята вёскі, старшыня сельвыканкама Ганна Садоўская задумвалася даўно, а нядаўна з адпаведнай ініцыятывай выступіла сям’я Якутовічаў. Старэйшая прадстаўніца яе – Валянціна Іосіфаўна – пражывае ў Малой Дайноўцы ўсю цёплую частку года. Яе сын Віктар і нявестка Ірына з задавальненнем прыязджаюць на выхадныя. Яны ганарацца сваёй сядзібай, удасканальваюць яе. Я ведала загадзя, што свята адбудзецца на іх падворку. “Не хвалюйцеся, – пачула, – міма не праедзеце. Дзе больш за ўсё кветак, там жывуць Якутовічы”. І сапраўды, такую прыгажосць сустрэнеш нячаста. Двор – нібы казачны кветнік. Тут настолькі ўсё дарэчы – колеры, гатункі, форма… А, між іншым, дом іх не так даўно стаў жылым. Будаваўся як школа (першая і адзіная мясцовая трохгодка). У сярэдзіне сямідзясятых установа адукацыі завяршыла сваё існаване, і ў яе памяшканнях быў створаны магазін, які пасля закрыцця шмат часу пуставаў. У мінулую суботу ля гэтага дома і наладзілі свята вёскі.

Каля сямідзесяці чалавек (“Добрае вяселле!” – пажартаваў хтосьці з прысутных) радаваліся прыгожаму летняму дню, падводзілі вынікі конкурсу на лепшую сядзібу, спявалі разам з самадзейнымі артыстамі Валерыем Язерскім, Ірынай Татун, Аленай Бартош, юнай спявачкай з Мінска Кацярынай Ефімовіч, слухалі скрыпачку з Ашмян Таццяну Чэрскую. Ах, як прыгожа, спрытна і з душой танцавалі старыя і маладыя пад сучасныя кампазіцыі і вечныя, як свет мелодыі вальса, полькі, і амаль валожынскай народнай – “Хава Нагілы”. А вядомую песню “Деревенька моя” выканалі ўсім гуртом.

Ганна Францаўна як прадстаўнік мясцовай улады падзякавала вяскоўцам за сяброўства і згуртаванасць, за жаданне падтрымаць жыццё старой вёскі. З яе рук памятныя падарункі атрымалі Валянціна Якутовіч, чый участак аднагалосна быў прызнаны лепшым, а таксама старэйшыя жыхаркі Ганна Радзівілка, Марыя Багуцкая і самая малодшая – Маргарыта Скрамнова. Да віншаванняў далучылася спонсар мерапрыемства Наталля Мікуліч – прадпрымальніца і паэтка. З любоўю да роднай зямлі і людзей, якія на ёй жывуць, Наталля ўручыла некалькі падарункаў і праз свае вершы пажадала прысутным шчасця і дабрабыту.

Немагчыма не адзначыць любоў і пяшчоту, з якой ставяцца да народных звычаяў у сям’і Ірыны Таўгень. Яе сын Віктар і нявестка Аляксандра ўпрыгожылі дом і ўчастак дыванамі і ручнікамі сваіх бабуль, прычым многія з работ прывезлі на Валожыншчыну аж з Нароўлі – радзімы продкаў Аляксандры.

Ірына Якутовіч, якую большасць валожынцаў ведаюць як суддю суда Валожынскага раёна, аказалася выдатнай майстрыхай і запрасіла прысутных на майстар-клас па вырабе духмянага мыла. Аксана Гладчанка і Ганна Хількевіч (госці з фізкультурна-аздараўленчага цэнтра) правялі для дзетвары спартландыю. Для юных маладайноўцаў працавалі ў гэты дзень і супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях: хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем прымяралі спецкасцюмы, вучыліся спраўляцца з абсталяваннем, пабывалі ў кабіне пажарнага аўтамабіля.

…Вёска гуляла да позняга вечара. І не дзіва, мужчыны яшчэ ў сярэдзіне святочнай праграмы распалілі мангал, і цудоўны пах смажанага на вуголлях мяса распаўсюдзіўся па наваколлі, да таго ж кожная гаспадыня адмыслова падрыхтавалася да ўрачыстасці – талакой стол накрылі на славу.